Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Паўль Флемінг (ням. Paul Fleming, памёр 2 красавіка 1640), адзін з найвыбітнейшых лірыкаў нямецкага барока, доктар паводле адукацыі. Яго паэзія вылучаецца жыццярадасным успрыняццем быцця і ў той жа час характэрным для лірыкі барока адчуваннем яго хісткасці.
Нарадзіўся Дэні Дзідро (фр. Denis Diderot, памёр 31 ліпеня 1784), французскі пісьменнік, філосаф-асветнік, драматург і заснавальнік “Энцыклапедыі, альбо Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў” (1751). Стварыў новы від драматычнага мастацтва, які назваў “сур’ёзным жанрам”. “Сур’ёзны жанр” скасоўваў межы, што раздзялялі арыстакратычныя класы ад ніжэйшых, узвышаныя пачуцці ад штодзённых, і права на трагічнасць перастала быць правам прыдворнага грамадства.
Памёр Імрэ Мадач (венг. Madách Imre, нар. 21 студзеня 1823), венгерскі паэт і драматург, аўтар вершаванай філасофскай драмы “Чалавечая трагедыя” (Az ember tragediaja, 1861), якая апавядае гісторыю чалавецтва ад яго ўзнікнення да ператварэння зямнога шара ў ледзяную глыбу. Параўноўваецца з “Фаўстам” Гётэ і лічыцца класічным творам венгерскай літаратуры.
Памёр Роберт Рос (анг. Robert Ross, нар. 25 траўня 1869), ангельскі мастацтвазнаўца і літаратурны крытык, блізкі сябра Оскара Ўайлда, а пасля яго смерці — ягоны павернік. Першая кніга Роса выйшла ў 1909 годзе, была прысвечаная Обры Бёрдслі і так і называлася — “Обры Бёрдслі” (Aubrey Beardsley). У верасні таго ж году выйшла яшчэ адна кніга, “Маскі і фазы” (Masques and Phases) — зборнік эсэ, артыкулаў і кароткіх апавяданняў (адзін з артыкулаў кнігі зноў жа прысвечаны творчасці Бёрдслі і мае падзагаловак “Погляд у мінулае”; на беларускую мову яго пераклала Ганна Янкута). 5 кастрычніка 1918 году Рос вярнуўся пасля абеду з сябрамі і сказаў, што ў яго баліць у грудзях і што ён крыху адпачне. Калі прыйшлі клікаць яго да вячэры, ён быў мёртвы. У адпаведнасці з тэстаментам ён быў крэміраваны, а урна з яго прахам была ў 1950 годзе дастаўленая ў Парыж і змешчаная ў спецыяльным паглыбленні ў помніку Оскару Ўайлду — ужо замаўляючы помнік Эпштэйну, Рос вырашыў, што яго прах будзе ляжаць побач з прахам сябра. Сябар Роса Зігфрыд Сасун у сваёй аўтабіяграфіі напісаў: “Адпачываючы перад вячэрай, ён памёр — у яго спынілася сэрца. І, думаю, да месца будзе сказаць, што гэта быў адзіны выпадак, калі сэрца яго падвяло”.
У Лондане з ініцыятывы ангельскай пісьменніцы Кэтрын Эмі Доўсан-Скот і пісьменніка Джона Галсуорсі заснаваны Міжнародны ПЭН-клуб.
Нарадзіўся Стыг Дагерман (шведск. Stig Dagerman, памёр 15 верасня 1898), шведскі пісьменнік. Крытыкі знаходзяць у творах Дагермана паралелі з творамі такіх пісьменнікаў, як Ўільям Фолкнэр, Альбэр Камю, Франц Кафка. Многія лічаць яго адным з галоўных прадстаўнікоў шведскага “пакалення 1940-х” (Fyrtiotalisterna), вылучаючы ў яго творчасці рысы экзістэнцыялізму. Самае вядомае апавяданне пісьменніка “Забіць дзіця” (Att döda ett barn), друкаванае “ПрайдзіСвеце” ў перакладзе Алесі Башарымавай з мовы арыгіналу (раней гэтае ж апавяданне было перакладзенае на беларускую з ангельскай), дэманструе ўплыў эстэтыкі кіно на манеру пісьма Дагермана і ўжыванне ім сродкаў гэтага віду мастацтва.
Памёр Ян Якаб Слаўэрхоф (нід. Jan Jacob Slauerhoff, нар. 15 верасня 1898), адзін з найбуйнейшых нідэрландскіх пісьменнікаў ХХ ст., паэт, празаік, перакладчык, карабельны доктар. Аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў і зборнікаў апавяданняў, трох раманаў (адзін з іх, “Паўстанне Гвадалахары” (De opstand van Guadalajara, 1937), выдадзены пасмяротна) і адной трагедыі “Ян Пітэрц Кун” (Jan Pietersz Coen, 1931), перакладчык з гішпанскай, партугальскай, французскай і кітайскай моваў. Гістарычны раман з рысамі магічнага рэалізму “Забароненае каралеўства” (Het verboden rijk) апавядае пра дзевятнаццатае стагоддзе і жыццё партугальскага паэта шаснаццатага стагоддзя Луіша дэ Камоэнша, аўтара санэтаў і гераічнай паэмы “Лузіяды”. У адной з паездак у Паўднёвую Афрыку Слаўэрхоф моцна захворвае на малярыю і ў 1936 годзе вяртаецца ў Нідэрланды — але запозна. Паэт памірае неўзабаве пасля 38-га дня нараджэння, у лякарні ў Хілверсуме, не дажыўшы месяца да выхаду свайго апошняга зборніка вершаў “Годная магіла марака” (Een eerlijk zeemansgraf). Празаічныя творы Яна Якаба Слаўэрхофа перакладаліся на нямецкую, французскую, італьянскую і партугальскую мовы, паэзія — на рускую (Яўгеній Віткоўскі) і беларускую (Ганна Янкута).
Нарадзіўся Вацлаў Гавал (чэшск. Václav Havel), чэшскі драматург, эсэіст, палітычны вязень, грамадскі актывіст і сумленне нацыі, пазней — дзявяты прэзідэнт Чэхаславакіі і першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі, цяпер пенсіянер. Агулам Вацлаў Гавал напісаў амаль два дзясяткі п’есаў (акрамя “Свята ў садзе” ў перакладзе Лявона Баршчэўскага (зборнік “Пры зачыненых дзвярах”) і публікаванага на гэтым сайце “Пратэсту” на беларускую мову перакладзеная яшчэ “Аўдыенцыя” (Audience / “Крыніца”, 1997, № 1 (27), пераклад Ірыны Шаблоўскай). Гаўлавы драматычныя творы сваёй эстэтыкай блізкія да п’есаў абсурду, але абсурд у іх вельмі спецыфічны, гэта абсурд жыцця ў сацыялістычнай супольнасці і сутыкнення індывіда з машынэрыяй таталітарнай дзяржавы.
Памёр Лукаш Калюга (сапр. Канстанцін Вашына, нар. 27 верасня 1909,), беларускі пісьменнік, перакладчык. Дэбютаваў апавяданнем “Вясна”, якое К. Чорны ў чэрвені 1927 змясціў у часопісе “Чырвоны сейбіт”. У 1928 часопіс “Узвышша” змясціў аповесць “Ні госць, ні гаспадар”, а ў 1929 — шэраг апавяданняў Л. Калюгі. У часопісе “Полымя” за 1931 надрукаваная першая частка аповесці “Нядоля Заблоцкіх”. Захавалася частка рукапісаў Л. Калюгі часу высылкі (у тым ліку незавершаны раман “Пустадомкі”, надр. 1990; аповесці “Дзе косці мелюць”, “Зоры Вам Вядомага горада”, “Утрапенне”, надр. 1989). У 1974 выйшаў зборнік апавяданняў і аповесцяў “Ні госць, ні гаспадар”. Пераклаў на беларускую мову аповесць П. Панча “Блакітныя эшалоны” (з К. Чорным, 1930), раман Ю. Алешы “Зайздрасць” (1931), раман Я. Гашака “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка” (ч. 4, 1932).