№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 8 кастрычніка

  • 1586

    У Вільні ў друкарні Мамонічаў выйшла першая друкаваная граматыка царкоўнаславянскай мовы.

  • 1754

    Памёр Генры Філдынг (анг. Henry Fielding, нар. 22 красавіка 1707), ангельскі пісьменнік, аўтар шэрагу навелаў і драмаў, вядомы сваім жыццёвым гумарам і сатырычнай увішнасцю. Самы знакаміты яго раман — “Гісторыя Тома Джонса, знайды” (The History of Tom Jones, a Foundling, 1749).

  • 1803

    Памёр Віторыё Альф'еры (іт. Vittorio Alfieri, нар. 16 студзеня 1749), італьянскі паэт і драматург-класіцыст, “бацька італьянскай трагедыі”. Спачатку пісаў па-французску (яго роднай мовай быў п'емонцкі дыялект), затым глыбей вывучыў італьянскую літаратурную мову і пісаў на ёй. Акрамя трагедый напісаў 6 камедый, каля 200 санэтаў, 16 сатыр, антыфранцузскія памфлеты, эпіграмы, оды, перакладаў творы антычных аўтараў.

  • 1864

    Нарадзіўся Браніслаў Нушыч (сербск. Бранислав Нушић/Branislav Nusic, памёр 19 студзеня 1938), сербскі празаік, драматург, эсэіст. Больш за 50 гадоў пісаў сатырычныя камедыі, якія адлюстроўвалі палітычную рэчаіснасць.

  • 1892

    Нарадзілася Марына Цвятаева (руск. Марина Цветаева, памерла 31 жніўня 1941), руская паэтка, празаік, перакладчыца. У 1910 годзе за ўласныя грошы выдала свой першы зборнік вершаў “Вечаровы альбом” (“Вечерний альбом”), і яе творчасць прыцягнула ўвагу знакамітых паэтаў: Валерыя Брусава, Максіміліяна Валошына і Мікалая Гумілёва. Пачатак творчасці Цвятаевай звязаны з колам маскоўскіх сімвалістаў. Пасля знаёмства з Валерыем Брусавым і Элісам паэтка ўдзельнічае ў дзейнасці гурткоў і студыяў пры выдавецтве “Мусагет”. З траўня 1922 да 1939 жыве на эміграцыі. Па прыездзе жыла на лецішчы НКУС у Болшаве. У апошнія гады жыцця паэтка амаль не пісала вершаў і займалася перакладамі. Вайна перарвала працу Цвятаевай над перакладамі Лоркі. 31 жніўня 1941 году Цвятаева скончыла жыццё самагубствам (павесілася), пакінуўшы тры цыдулкі: тым, хто будзе яе хаваць (“эвакуяваным”), Асеевым і сыну. У 1992 годзе верш Цвятаевай “Маім вершам”, напісаны на сцяне аднаго з дамоў у цэнтры Лейдэна (Нідэрланды), адкрыў культурны праект “Насценныя вершы” (Wall poems). Дарэчы, апошнім, 101-м паэтам, чые вершы зрабілі ў Лейдэне помнікам, стаў Федэрыка Гарсія Лорка, чые творы Цвятаева перакладала ў апошнія дні жыцця.

  • 1904

    Памёр Канстанцін Случэўскі (руск. Константин Случевский, нар. 7 жніўня 1837), рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Аўтар рамана “Ад пацалунка да пацалунка” (“От поцелуя к поцелую”, 1872), некалькіх аповесцяў і апавяданняў. Перакладаў творы Гюго, Байрана і інш.

  • 1910

    Памерла Марыя Канапніцкая (польск. Maria Konopnicka, нар. 23 траўня 1842), польская пісьменніца. Дэбютавала ў 1870 годзе. Аўтар вершаў і рэалістычных навелаў пра жыццё вёскі і гарадской беднаты на грамадскую і псіхалагічную тэматыку (“Міласэрнасць абшчыны”, “Мендаль Гданьскі” і інш.). Шырока вядомыя паэма М. Канапніцкай пра долю сялян-эмігрантаў “Пан Бальцэр у Бразіліі” (Pan Balcer w Brazylii, 1892—1906, поўнае выданне ў 1910), аповесць для дзяцей “Пра гномаў і сіротку Марысю”, цыклы народных песняў “З лугоў і палёў”, “На жалейцы”. Сярод зборнікаў навелаў Марыі Канапніцкай варта назваць наступныя: першы зборнік “Чатыры навелы” (Cztery nowele, 1888), “Мае знаёмыя” (Moi znajomi, 1890), “На дарозе” (Na drodze, 1893), “Людзі і рэчы” (Ludzie i rzeczy, 1898), “На нармандскім беразе” (Na normandzkim brzegu, 1904). Таксама вядомая як публіцыстка і літаратурны крытык. Актыўна займалася дзейнасцю па абароне правоў жанчын. Некаторыя творы пісьменніцы друкаваліся ў часопісе “Роднае слова” (№4, 2002) у перакладах Я. Купалы, В. Сёмухі. На сайце часопіса “ПрайдзіСвет” можна пачытаць апавяданні пісьменніцы “Банасёва” (пераклад Пятра Бітэля) і “Дым” (пераклад Янкі Брыля).

  • 1917

    У Пецярбургу выйшаў першы нумар газеты “Беларуская Крыніца”.

  • 1920

    Нарадзіўся Фрэнк Герберт (анг. Frank Patrick Herbert, памёр 11 лютага 1986), амерыканскі пісьменнік-фантаст, вядомы перш за ўсё як аўтар цыклу “Хронікі Дзюны” (Dune universe), асабліва першага рамана з гэтага цыклу — “Дзюна” (Dune). Сага пра Дзюну, дзеянне якой адбываецца ў далёкай будучыні і працягваецца пяць тысячагоддзяў, уздымае такія пытанні, як выжыванне чалавецтва ў працэсе эвалюцыі, праблемы экалогіі, узаемадзеянне рэлігіі, палітыкі і ўлады. Многія лічаць гэты цыкл класікай навуковай фантастыкі.

  • 1925

    Нарадзіўся Андрэй Сіняўскі (руск. Андрей Синявский, памёр 25 лютага 1997), рускі літаратуразнаўца, пісьменнік, літаратурны крытык, палітвязень. Сіняўскі быў адным з вядучых літаратурных крытыкаў часопіса “Новый мир”, галоўным рэдактарам якога ў той час быў А. Твардоўскі. Аўтар літаратуразнаўчых прац пра творчасць М. Горкага, Б. Пастарнака, І. Бабеля, А. Ахматавай. З 1955 году пачаў пісаць празаічныя творы. У тагачасным СССР у сувязі з цэнзурай яго творы не маглі быць надрукаваныя, і Сіняўскі да сваёй эміграцыі выдаваў іх на Захадзе пад псеўданімам Абрам Тэрц (руск. Абрам Терц). Былі надрукаваныя раман “Суд ідзе” (“Суд идёт”) і аповесць “Любімаў” (“Любимов”), якія ўвайшлі ў зборнік прозы “Фантастычны свет Абрама Тэрца” (“Фантастический мир Абрама Терца”), а таксама артыкул “Што такое сацыялістычны рэалізм?”, у якім з'едліва высмейваліся савецкая літаратура. Увосень 1965 Сіняўскі быў арыштаваны разам з Ю. Даніэлем па абвінавачванні ў антысавецкай прапагандзе і агітацыі. У лютага 1966 году асуджаны Вярхоўным судом на сем гадоў калоніі. Суд над пісьменнікамі, вядомы як “Працэс Сіняўскага — Даніэля”, суправаджаўся тэндэнцыйным асвятленнем у друку і быў задуманы як прапагандысцкае шоў з выкрыццямі і пакаяннямі, аднак ні Сіняўскі, ні Даніэль не прызналі сябе вінаватымі. Неўзабаве пасля вызвалення ў 1973 годзе паехаў па запрашэнні Сарбоны на працу ў Францыю, дзе і жыў да канца жыцця, працуючы прафесарам рускай літаратуры.

  • 1937

    Памёр Сяргей Клычкоў (руск. Сергей Клычков, нар. 13 ліпеня 1889), рускі паэт, празаік, перакладчык. Нарадзіўся ў сям'і шаўца. Удзельнічаў у рэвалюцыі 1905 году. Паэт вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта (пасля — на юрыдычным; выключаны ў 1913), затым, падчас Першай сусветнай вайны, пайшоў на фронт. У 1919—1921 жыў у Крыме, дзе ледзь не быў расстраляны (махноўцамі, затым белагвардзейцамі). У 1921 пераехаў у Маскву, дзе супрацоўнічаў у асноўным з часопісам “Красная новь”. Аўтар паэтычных зборнікаў “Патаемны сад” (1913), “Дубраўна” (1918), “Госць цудоўны” (1923), “У гасцях у жураўлёў” (1930). Пераклаў на рускую знакамітую паэму Ш. Руставелі “Віцязь у тыгравай шкуры”. У 1937 арыштаваны па ілжывым абвінавачанні і прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956. У даведцы пра рэабілітацыю паказаная несапраўдная дата смерці — 21 студзеня 1940, якая перайшла ў некаторыя выданні.

  • 1943

    Памёр Андрэй Мрый (сапр. Шашалевіч; нар. 13 верасня 1893), беларускі пісьменнік і журналіст. У 1929 г. напісаў сатырычны раман “Запіскі Самсона Самасуя”, які быў абвешчаны “злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасць” (цалкам апублікаваны ў 1988: Полымя, №1; экранізаваны ў 1990: “Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя”). 21 лютага 1934 быў арыштаваны ў Мінску. Асуджаны “тройкай” НКУС 26 сакавіка 1934 як “член антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і падазраваны ў шпіянажы” на 5 гадоў ППК і этапаваны ў Карагандзінскі ППЛ. У пачатку 1938 прыехаў у Мурманск, настаўнічаў у адной з сярэдніх школ. Зноў арыштаваны 2 чэрвеня 1940. Падчас арышту ўсё створанае ў высылцы (раман “Жывы дом”, аповесці, апавяданні) было канфіскаванае. 13 жніўня 1940 асуджаны асаблівай нарадай НКУС СССР на 5 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ў Усць-Вымскі канцлагер НКУС Комі АССР. 1 сакавіка 1943 медыцынскай камісіяй прызнаны інвалідам, 23 верасня 1943 вызвалены і адпраўлены паміраць дамоў. Паводле некаторых звестак, забіты рэцыдывістамі ў цягніку. Рэабілітаваны 15 студзеня 1957.

  • 1945

    Памёр Фелікс Зальтэн (ням. Felix Salten, сапр. Зігмунд Зальцман; нар. 6 верасня 1869), аўстрыйскі пісьменнік, журналіст, крытык габрэйскага паходжання. Удзельнічаў у літаратурнай суполцы Jung-Wien (“Маладая Вена”) і праз некаторы час атрымаў пасаду тэатральнага крытыка ў венскіх газетах (Wiener Allgemeine Zeitung, Zeit). У 1900 публікуе першы зборнік сваіх кароткіх апавяданняў. Аўтар шматлікіх артыкулаў пра тэатр і літаратуру. У 1901 арганізаваў першае ў Вене літаратурнае кабарэ (Jung-Wiener Theater Zum lieben Augustin), якое праіснавала нядоўга.

  • 1970

    Памёр Жан Жыяно (фр. Jean Giono, нар. 30 сакавіка 1895), французскі пісьменнік. Дзеянне яго твораў, як правіла, адбываецца ў Правансе. Сярод найбольш вядомых яго твораў — тры раманы трылогіі “Пан”, прысвечаныя грэцкаму богу Пану і пантэізму: “Пагорак”, “Хлопец з Бамюня” і “Атава”. Ён таксама вядомы кнігай “Вандроўка ў Італію” і навелай “Чалавек, які саджаў дрэвы” (L'homme qui plantait des arbres, 1953).

  • 1970

    Аляксандр Салжаніцын абвешчаны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры

  • 1991

    Памерла Зоська Верас (нар. 30 верасня 1892), беларуская пісьменніца і грамадская дзяячка. Дэбютавала ў 1907. На беларускай мове выступіла з “абразкамі” пад псеўданімам Мірко ў 1911 (газета “Наша ніва”). Аўтар “Беларуска-польска-расійска-лацінскага батанічнага слоўніка” (Вільня, 1924), брашуры “Гісторыя ўжывання зёлак у лячэнні” (1934), кнігі вершаў і апавяданняў для дзяцей “Каласкі” (1985). Напісала ўспаміны пра М. Багдановіча (“Пяць месяцаў у Менску”), У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш. Для дзіцячага тэатра з украінскай мовы пераклала п’есы Р. Завадовіча “Князь Марцыпан” (Вільня, 1929), Ю. Ігарава “Сірата” (Вільня, 1929), з рускай — “Лясныя хаткі” В. Біянкі (Вільня, 1931).

  • 2004

    Памёр Жак Дэрыда (фр. Jacques Derrida, нар. 15 ліпеня 1930), французскі філосаф і тэарэтык літаратуры. Дэрыда найбольш вядомы як распрацоўшчык канцэпцыі дэканструкцыі. Працы Дэрыда паўплывалі на літаратурную тэорыю, хаця ягоная тэорыя дэканструкцыі была прынятая далёка не ўсімі крытыкамі. Дэрыда таксама даследаваў праблемы фенаменалогіі, постструктуралізму і іншыя адгалінаванні сучаснай філасофскай навукі.