Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Хадльгрымур Пэтурсан (ісл. Hallgrímur Pétursson, нар. У 1614), ісландскі паэт і лютэранскі прапаведнік. Вырас у Холары, духоўным цэнтры Ісландыі таго часу. Затым быў адпраўлены працягваць адукацыю ў горад Глюкштат, у Шлезвіг-Гальштэйне (Германія), які ў XVII ст. належаў да Дацкай дзяржавы. Тут ён выпадкова пазнаёміўся з будучым ісландскім біскупам Скалхольта Брыньёльфурам Свэйнсанам. Апошні, праходзячы па вуліцы, пачуў праклёны на ісландскай мове ад стомленага цяжкай працай каваля Пэтурсана, вырашыў пазнаёміцца з суайчыннікам, а пасля дапамог новаму сябру трапіць на навучанне ў школу святароў у Капенгагене. У 1636 годзе Пэтурсан атрымаў заданне дапамагчы ў аднаўленні мовы і рэлігійных ведаў ісландцаў, выкрадзеных падчас нападу турэцкіх піратаў на Ісландыю ў 1627 годзе. На гэтых занятках паэт пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Гудрыдур Сіманардотыр, удавой, старэйшай за яго на 16 гадоў. Вядомы і паважаны прапаведнік, Пэтурсан — аўтар знакамітых “Псалмоў пакутаў” — найбольш выдаванага твора ісландскай літаратуры, які вытрымаў 60 выданняў (першае ў 1659 годзе). Акрамя псалмоў Пэтурсан пісаў таксама лірычныя вершы і рэлігійныя гімны. Памёр ад праказы. У гонар паэта названая цэнтральная лютэранская царква Рэйк’явіка — Хадльгрымскірк’я.
Нарадзіўся Клас Понтус Арнальдсан (шведск. Klas Pontus Arnoldson, памёр 20 лютага 1916), шведскі пісьменнік, журналіст, палітык, сумесна з Фрэдрыкам Баерам лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1908). Быў заснавальнікам і першым старшынём Шведскага саюза міру і арбітражу, створанага ў 1883 годзе.
Нарадзіўся Албрэхт Радэнбах (нід. Albrecht Rodenbach, памёр 23 чэрвеня 1880), адзін з самых значных фламандскіх паэтаў і лідар руху за адраджэнне фламандскай літаратуры, што пачаўся ў ХІХ стагоддзі, хаця Радэнбаха можна назваць хутчэй сімвалам гэтага руху, чым яго актыўным дзеячам, бо ён памёр у 23 гады. Хуга Вэрыст назваў яго “паэтам, душой, сэрцам, розумам, словам адроджаных фламандцаў”. Албрэхт быў старэйшым сярод 10 дзяцей у сям’і, а таксама стрыечным братам французскага пісьменніка Жоржа Радэнбаха. Бацька Албрэхта Юлій Радэнбах паходзіў з Райнланду і быў братам Фелікса Радэнбаха, фламандскага палітычнага прапагандыста. Маці, хаця і валонка з паходжання, свабодна размаўляла па-нідэрландску. У Лейдэнскім універсітэце Радэнбах пазнаёміўся з паэтам Полам дэ Монтам. Разам яны пачалі змаганне за фламандскае культурнае адраджэнне, за роўныя правы французскамоўных і нідэрландскамоўных студэнтаў і стварылі ў 1876 годзе “Асацыяцыю ўсіх фламандскіх студэнтаў” (Algemene Vlaamse Studentenbond). Яны патрабавалі ўвядзення заняткаў па нідэрландскай мове і культуры. У ілюстраваным часопісе асацыяцыі “Вымпел” (Het Pennoen) ананімна друкаваліся эсэ Радэнбаха. Пры жыцці Радэнбах быў знакаміты як аўтар вершаў і песняў, якія зрабіліся сімваламі і натхненнем фламандскага руху. Памёр ад туберкулёзу. Вершы Радэнбаха на беларускую перакладалі Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута.
Нарадзіўся Аляксандр Чак (латышск. Aleksandrs Čaks, сапр. Аляксандр Чадарайніс; памёр 8 лютага 1950), латышскі паэт і празаік, якога лічаць пачынальнікам урбаністычнай паэзіі ў Латвіі. У 1928 годзе пабачыў свет яго першы паэтычны зборнік “Seši”, прысвечаны Рызе. У сваіх вершах паэт закранаў тэмы, дагэтуль не адлюстраваныя ў латышскай паэзіі, — начное жыццё горада, беспрытульнікі, прастытуткі, бедната. У 1949 годзе, калі Латвія ўжо ўваходзіла ў склад СССР, Чака абвінавачваюць у адыходзе ад марксісцкіх каштоўнасцяў і пісанні палітычна няправільных вершаў. Гэтае абвінавачанне моцна паслабіла стан яго здароўя, і 8 лютага 1950 паэт памёр ад хваробы сэрца. Вершы Чака на беларускую перакладаў Васіль Сёмуха.
Нарадзіўся Мікола Лобан (памёр 28 снежня 1984), беларускі пісьменнік і мовазнавец. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці. У 1984 выйшла яго кніга артыкулаў і эсэ “Пяць раніц тыдня”, у 1986 — выбраныя творы ў 3-х тамах. Адзін са складальнікаў “Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959), “Арфаграфічнага слоўніка” (з М. Р. Суднікам, 1948, 1961, 6-е выд. перапрацаванае і дапоўненае ў 1990), “Руска-беларускага слоўніка” (1953), “Беларуска-рускага слоўніка” (1962), кіраваў падрыхтоўкай “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы” ў пяці тамах (1977—1984, рэдактар т. І). Пераклаў аповесць М. Горкага “У людзях” (з Э. Агняцвет, 1952).
Нарадзіўся Дылан Томас (анг. Dylan Marlais Thomas, памёр 9 лістапада 1953), валійскі паэт і драматург. Пісаў па-ангельску. Дылана выхоўвалі так, каб ён ведаў толькі ангельскую мову, хоць валійская была роднай мовай ягонай маці. Важнай крыніцай натхнення для Томаса былі валійскі фальклор і міфалогія, дзіцячыя ўражанні ад жыцця ў сельскім Ўэльсе (яго п'еса “Дзяцінства, Каляды, Ўэльс” да гэтага часу штогод чытаецца па радыё на Каляды, а радыёп’еса “Пад шатамі малочнага лесу” прысвечаная жыццю невялікага валійскага горада). Паводле драмы Томаса “Доктар і д'яблы” пастаўлены фільм з Цімаці Далтанам у галоўнай ролі. Сюжэт заснаваны на сапраўднай гісторыі пра тое, як навуковец купляў свежыя трупы для анатамічных даследаванняў, хоць і падазраваў, што іх здабылі забойствам.
Нарадзілася Сільвія Плат (анг. Sylvia Plath, памерла 11 лютага 1963), амерыканская паэтка. Пры жыцці Плат выйшлі толькі яе паэтычны зборнік “Калос” (The Colossus and Other Poems, 1960) і раман з элементамі аўтабіяграфіі “Пад шкляным каўпаком” (The Bell Jar, 1963, пад псеўданімам Вікторыя Лукас). Зборнік “Арыэль”, які выйшаў у 1965, здабыў неверагодную папулярнасць, а за збор вершаў Плат у 1982-м пасмяротна была прысуджаная Пулітцэраўская прэмія. Гэты зборнік склаў муж пісьменніцы, брытанскі паэт Тэд Х’юз, за якога Сільвія выйшла замуж у 1956-м і з якім развялася ў снежні 1962-га. Пасля самагубства Плат Х’юза доўга вінавацілі ў яе смерці. Праз шэсць гадоў пасля смерці Плат каханка Х’юза Ася Вэвіл, пазбавіўшы жыцця сваю дачку, забіла сябе такім самым спосабам — выпіла снатворнае і, уключыўшы газ, засунула галаву ў духоўку. У 2009 годзе скончыў жыццё самагубствам сын Плат і Х’юза Нікалас Фарар Х’юз.
Памёр Джэймс Кейн (анг. James Mallahan Cain, нар. 1 ліпеня 1892), амерыканскі пісьменнік і журналіст, аўтар дэтэктываў. Разам з Дэшылам Хэметам і Рэймандам Чандлерам лічыцца заснавальнікам амерыканскага “крутога” дэтэктыву. Найлепшыя творы Кейна ў гэтым жанры — раман “Паштальён заўсёды звоніць двойчы” і аповесць “Двайная страхоўка”.