Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейТрагедыю Ў. Шэкспіра “Атэла” ўпершыню прадставілі ў палацы Ўайтхол у Лондане.
П’есу Ў. Шэкспіра “Бура” ўпершыню паставілі ў палацы Ўайтхол у Лондане.
Нарадзіўся Нікаля Буало-Дэпрэо (фр. Nicolas Boileau-Despréaux, памёр 13 сакавіка 1711), французскі паэт, крытык, тэарэтык класіцызму. Здабыў вядомасць кнігай “Сатыры” і ў 1677 годзе быў прызначаны Людовікам XIV прыдворным гістарыёграфам (разам з Расінам). Самы вядомы твор Буало — паэма-трактат “Паэтычнае мастацтва” (L’art poétique), у якім выкладаюцца прынцыпы класіцыстычнай паэтыкі.
Памёр Дамінік Рудніцкі (польск. Dominik Rudnicki, нар. 28 ліпеня 1676), польска-беларускі паэт, езуіт. Рудніцкаму прыпісваецца аўтарства беларускіх вершаваных “Вітанняў” з выпадкаў наведвання Вільні ў 1729 вармінскім біскупам Крыштафам і Пінска ў 1730(?) валынскім біскупам Стафанам, многіх гратэскавых твораў (“Птушыны баль”, “Камара цяжкі з дуба ўпадак” i інш.). У алегарычным апісанні злых прыгод птушак, насякомых і раслін угадваецца рэальнае жыццё дробнай шляхты. Аўтар інтэрмедый на польскай мове, казаняў.
Нарадзіўся Стывен Крэйн (анг. Stephen Crane, памёр 5 чэрвеня 1900), амерыканскі празаік, паэт і журналіст. Сучасныя крытыкі лічаць яго адным з самых арыгінальных наватараў свайго часу. Вершы Стывена Крэйна на беларускую мову перакладала Юля Цімафеева.
Памёр Эміль Габар'ё (фр. Emile Gaboriau, нар. 9 лістапада 1832), французскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў дэтэктыўнага жанру. Аўтар раманаў “Справа ўдавы Леруж” (L’Affaire Lerouge, 1866), “Справа №113” (Le Dossier No. 113, 1867) і інш.
Нарадзіўся Шалом Аш (ідыш שלום אש, памёр 10 ліпеня 1957), габрэйска-амерыканскі пісьменнік. Першую навелу напісаў на іўрыце, але прыслухаўшыся да парады Іцхака Лейбуша Перэса, пачаў пісаць на ідышы. У 1909 годзе з Польшчы пераехаў у ЗША. Там пісаў сацыяльныя раманы пра жыццё пралетарыяў.
Памёр Тэадор Момзэн (ням. Christian Matthias Theodor Mommsen, нар. 30 лістапада 1817), нямецкі гісторык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1902). Лічыцца найвялікшым класіцыстам ХІХ стагоддзя. Яго працы па рымскай гісторыі лічацца надзвычай важнымі нават для сучаснай навукі.
Памёр Альфрэд Жары (фр. Alfred Jarry, нар. 8 верасня 1873), французскі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Аўтар гратэскнай лялечнай драмы “Кароль Убю” (Ubu Roi, 1894), рамана “Дзеі і думкі доктара Фаўстроля, патафізіка” (Gestes et opinions du docteur Faustroll, pataphysicien, надрукаваны пасля смерці пісьменніка ў 1911) і інш. Перакладаў на французскую вершы Колрыджа, Стывенсана і інш. Пры жыцці прызнання не атрымаў, яго рэдка публікавалі. Наноў Жары адкрылі Апалінэр і сюррэалісты.
Нарадзіўся Анры Труая (фр. Henri Troyat, імя пры нараджэнні Леон Тарасаў; памёр 2 сакавіка 2007), французскі пісьменнік, сябра Французскай акадэміі, лаўрэат літаратурных прэміяў. У 1938 годзе за раман “Павук” (L’Araigne, 1938) атрымаў Ганкураўскую прэмію. Усяго Труая напісаў каля 100 тамоў літаратурных твораў. Палова з іх прысвечаная Расіі і яе адметным дзеячам.
Нарадзіўся Вячаслаў Адамчык (памёр 5 жніўня 2001), беларускі празаік, драматург, кінасцэнарыст. Бацька Уладзіміра Адамчыка (Адама Глобуса) і Міраслава Адамчыка. Аўтар зборнікаў прозы “Свой чалавек” (1958), “Млечны шлях” (1960), “Міг бліскавіцы” (1965), “Дзікі голуб” (1972), “Дзень ранняй восені” (1974), “Раяль з адламаным вечкам” (1990) і раманаў “Чужая бацькаўшчына” (1978, паводле рамана зняты мастацкі фільм (1982) і тэлеспектакль (1983)), “Год нулявы” (1983), “І скажа той, хто народзіцца…” (1987), “Голас крыві брата твайго” (1990). Пераклаў кнігу балгарскіх народных казак “Незвычайны асілак” (1961), паасобныя творы М. Прышвіна, Ю. Казакова, С. Залыгіна і інш.
Нарадзілася Сюзана Кларк (анг. Susanna Clarke), ангельская пісьменніца. Дэбютны раман Кларк “Джонатан Стрэндж і містэр Норэл” (Jonathan Strange & Mr Norrell) выйшаў у 2004 годзе і атрымаў шэраг значных узнагародаў, у тым ліку прэмію Hugo за найлепшы раман (2005) і Міфапаэтычную прэмію за твор для дарослых (Mythopoeic Award for Adult Literature, 2005). На беларускую мову апавяданне Сюзаны Кларк “Місіс Маб” пераклаў Антон Францішак Брыль.
Памёр Эзра Паўнд (анг. Ezra Weston Loomis Pound, нар. 30 кастрычніка 1885), амерыканскі паэт, адзін з пачынальнікаў англамоўнай мадэрнісцкай літаратуры, выдавец і рэдактар. Нарадзіўся ў штаце Айдаха. У 1908 годзе пераехаў у Лондан, дзе пазнаёміўся з Ўільямам Батлерам Ейтсам і нейкі час быў яго сакратаром. Неўзабаве пачаў публікаваць свае першыя кнігі вершаў і перакладаў з італьянскіх (Гвіда Кавальканці), кітайскіх і японскіх паэтаў. Паўнд — адзін з галоўных прадстаўнікоў паэтычнага напрамку, называнага імажызмам. Пачынаючы з 1920-х гадоў Паўнд шмат перакладаў паэзію з розных моваў, адначасова насычаючы ўласныя вершы (аб’яднаныя ў грандыёзны мадэрнісцкі эпас “Кантас”) цытатамі, алюзіямі да розных пластоў сусветнай культуры.
Памёр Ўільям Стайран (анг. William Styron, нар. 11 чэрвеня 1925), амерыканскі пісьменнік, найбольш вядомы дзякуючы раманам “Прызнанні Ната Тэрнера” (The Confessions of Nat Turner, 1967) і “Выбар Сафі”. Першы са згаданых раманаў прынёс пісьменніку Пулітцэраўскую прэмію і выклікаў шматлікія дыскусіі. У аснову рамана пакладзеныя падзеі паўстання амерыканскіх чарнаскурых рабоў пад правадырствам баптысцкага прапаведніка Ната Тэрнера ў 1831 годзе. Перадсмяротную споведзь Тэрнера, выступ якога прывёў да смерці прыкладна 50 белых мужчын, жанчын і дзяцей, запісаў яго адвакат Томас Грэй. Галоўны герой рамана паказваўся рэлігійным фанатыкам, якога праследуюць фантазіі пра гвалт над 18-гадовай белай дзяўчынай Маргарэт. Забіўшы яе, Тэрнер пачынае сумнявацца ў сваёй рацыі. Пасля выхаду кнігі чарнаскурыя пісьменнікі раскрытыкавалі яго, абвінаваціўшы аўтара ў расізме і ігнараванні гістарычных фактаў. Неадназначную рэакцыю сярод габрэяў выклікаў наступны буйны раман Стайрана — “Выбар Сафі” (Sophie's Choice, 1979), у якім расказваецца гісторыя полькі, якая перажыла нацысцкі канцлагер Асвенцым. Яе каханак Натан абвінавачвае гераіню ў тым, што яна засталася жывая. У 1983 годзе раман быў экранізаваны, і акторка Мэрыл Стрып атрымала “Оскара” за ролю Сафі.