Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНадрукаваны Catholicon, брэтонска-французска-лацінскі слоўнік, напісаны ў 1464 годзе брэтонскім святаром Жэанам Лагадокам. Гэта першы брэтонскі і першы французскі слоўнік.
Памерла Алаіза Пашкевіч (псеўд. Цётка, нар. 15 ліпеня 1876), беларуская паэтка, грамадскі дзеяч, публіцыст. Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі, цяжкі вясковы побыт, лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцця. Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей “Лемантар”, “Гасцінец для малых дзяцей”, “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатру.
Памёр Баляслаў Лесьмян (польск. Bolesław Leśmian, нар. 22 студзеня 1877), польскі паэт, адзін з найлепшых польскіх паэтаў XX стагоддзя, чалец Польскай акадэміі літаратуры. Аўтар паэтычных зборнікаў “Сад на раздарожжы” (Sad rozstajny, 1912), “Луг” (Łąka, 1920), “Цяністы напой” (Napój cienisty, 1936), “Лясная дзея” (Dziejba leśna, 1938). Паэзія Лесьмяна — своеасаблівы фантастычны свет са сваёй уласнай міфалогіяй і філасофіяй. Адна з асаблівасцяў паэзіі Лесьмяна — насычанасць неалагізмамі, многія з якіх пасля ўвайшлі ў польскую мову. Яго часта называлі “паэтам мёртвых”: месца дзеяння многіх яго вершаў — тагасветныя прысады ці нябыт. Сярод творчай спадчыны Лесьмяна — і зборнікі казак “Паданні Сезаму” (Klechdy sezamowe, 1913), “Прыгоды Сіндбада Марахода (Przygody Sindbada Żeglarza, 1913), “Польскія паданні” (Klechdy polskie, пасмяротнае выданне, 1956), і эсэ, і літаратурныя нарысы. Вершы Лесьмяна на беларускую мову перакладала Марыя Мартысевіч.
У Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі адбылася прэм’ера першага беларускага нацыянальнага балета “Салавей” паводле аднайменнага твора З. Бядулі.
Памёр Стыг Дагерман (шведск. Stig Dagerman, нар. 5 кастрычніка 1923), шведскі пісьменнік. Крытыкі знаходзяць у творах Дагермана паралелі з творамі такіх пісьменнікаў, як Ўільям Фолкнэр, Альбэр Камю, Франц Кафка. Многія лічаць яго адным з галоўных прадстаўнікоў шведскага “пакалення 1940-х” (Fyrtiotalisterna), вылучаючы ў яго творчасці рысы экзістэнцыялізму. Самае вядомае апавяданне пісьменніка “Забіць дзіця” (Att döda ett barn), надрукаванае ў “ПрайдзіСвеце” ў перакладзе Алесі Башарымавай з мовы арыгіналу (раней гэтае ж апавяданне было перакладзенае на беларускую з ангельскай), дэманструе ўплыў эстэтыкі кіно на манеру пісьма Дагермана і ўжыванне ім сродкаў гэтага віду мастацтва.
Памёр Міхась Клімковіч (нар. 20 лістапада 1899), беларускі паэт, драматург, празаік, крытык, перакладчык, аўтар гімна Беларусі “Мы, беларусы”.
Памёр Джон Фаўлз (анг. John Fowles, нар. 31 сакавіка 1926), ангельскі пісьменнік, адзін з самых выбітных прадстаўнікоў постмадэрнізму. Апроч сусветна вядомых раманаў, што прынеслі пісьменніку не толькі славу, але і матэрыяльны дастатак, што дазволіла яму з 1963 году цалкам прысвяціць сябе літаратурнай дзейнасці, Фаўлз выдаў зборнік вершаў (1973) і шэраг перакладаў з французскай мовы, у тым ліку казкі “Папялушка”, рамана Клэр дэ Дзюра “Урыка” і сярэднявечнай аповесці “Элідзюк”. На беларускую мову перакладзенае апавяданне Фаўлза “Нябога Како” (“Крыніца”, №7, 2001, пер. В. Судлянкова).