Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Мікалай Някрасаў (руск. Николай Некрасов, памёр 8 студзеня 1878), рускі паэт, празаік і публіцыст. На беларускую мову вершы Някрасава перакладаў Мікола Федзюковіч.
Нарадзілася Эмілі Дыкінсан (анг. Emily Elizabeth Dickinson, памерла 15 траўня 1886), амерыканская паэтка. Большую частку жыцця Дыкінсан пражыла ў невядомасці, амаль нікуды не выязджаючы (а ў канцы жыцця — нават амаль ні з кім не сустракаючыся), але актыўна лістуючыся з сябрамі. Некаторых з іх яна бачыла ўсяго некалькі разоў; тым, хто не ведаў, як яна выглядае, яна часам давала незвычайныя апісанні сябе: “Я маленькая, як птушачка, мае валасы непаслухмяныя, як калючкі на каштанах, а мае вочы падобныя да херасу, які госці пакідаюць на донцы шклянкі”. На беларускую мову вершы Дыкінсан перакладалі Андрэй Хадановіч і Р. Барадулін (“Дзеяслоў”, № 20).
Нарадзілася Нэлі Закс (ням. Nelly Sachs, памерла 12 траўня 1970), нямецкая паэтка, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1966, разам з Шмуэлем Агнонам) ― “за выбітныя лірычныя і драматычныя творы, з трапяткім натхненнем і сілай, якія перадаюць лёс Ізраіля і яго народа”. З 15 гадоў захаплялася творчасцю Сельмы Лагерлёф. Пачала з ёй ліставанне, якое доўжылася амаль 35 гадоў. У 18 пачала пісаць вершы, адзін з якіх ухваліў і надрукаваў Штэфан Цвайг. Да 1938 час ад часу друкавала сваю паэзію ў перыёдыцы. У 1940, дзякуючы Сельме Лагерлёф, Нэлі Закс атрымала шведскую візу і з’ехала з Германіі. У Швецыі яна пачала пісаць зусім іншыя, нерамантычныя вершы пра лёс габрэяў.
Памёр Альфрэд Нобель (шведск. Alfred Bernhard Nobel, нар. 21 кастрычніка 1833), шведскі хімік, інжынер, вынаходнік дынаміту, заснавальнік Нобелеўскай прэміі.
Нарадзілася Кларысі Ліспектар (парт. Clarice Lispector, памерла 9 снежня 1977), найбуйнейшая бразільская пісьменніца, перакладчыца і журналістка ўкраінска-габрэйскага паходжання. Вядомы амерыканскі перакладчык Грэгары Рабаса пісаў пра Ліспектар наступнае: “Я быў агаломшаны сустрэчай з выключнай жанчынай, якая выглядае як Марлен Дзітрых, а піша як Вірджынія Вулф”. Лаўрэатка некалькіх нацыянальных прэмій, яе проза перакладзеная на многія мовы свету.
Нарадзіўся Рэджыналд Роўз (анг. Reginald Rose, памёр 19 красавіка 2002), амерыканскі празаік, драматург і сцэнарыст. Аўтар сцэнару да фільма “12 раззлаваных мужчын” (Twelve Angry Men, 1957) Сідні Люмета.
Нарадзіўся Мікола Арочка, беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык з рускай, латышскай, польскай і ангельскай моваў.
Памёр Луіджы Пірандэла (іт. Luigi Pirandello, нар. 28 чэрвеня 1867), італьянскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1934 году. Пачаў свой творчы шлях як паэт, аднак больш праславіўся як раманіст і драматург. Многія п’есы напісаў на сіцылійскім дыялекце. Навелу Пірандэлы “Выкраданне” на беларускую мову пераклаў Андрэй Дынько (“Крыніца”, №1, 1997).
Памёр Алджэрнан Блэквуд (анг. Algernon Henry Blackwood, нар. 14 сакавіка 1869), ангельскі пісьменнік, класік літаратуры жахаў і жанру ghost stories. Літаратурная кар’ера Блэквуда пачалася, калі яму было 36 гадоў: ён напісаў некалькі апавяданняў без намеру іх друкаваць, але яго сябар, не паведамляючы Блэквуду, аднёс іх выдаўцу, і яны былі прынятыя. Жахі і прывіды былі літаратурнай “спецыяльнасцю” Блэквуда і высока цаніліся паслядоўнікамі. Говард Філіпс Лаўкрафт лічыў Блэквуда настаўнікам і казаў, што той “валодае безумоўным і бясспрэчным уменнем ствараць атмасферу жаху”. Апроч літаратурных твораў былі шырока вядомыя выступы Блэквуда на радыё і тэлебачанні, прысвечаныя звышнатуральным з’явам. Яго называлі “Чалавекам з прывідамі”. Пра сябе Блэквуд пісаў: “У мяне з’явілася вострая цікавасць перш за ўсё да “псіхічных з’яваў”. <...> Сапраўдныя мае інтарэсы заўсёды былі скіраваныя (гэта і цяпер так) на спазнанне межаў чалавечых магчымасцяў, прычым я мяркую, што любы самы звычайны чалавек з вуліцы мае дзіўныя здольнасці, якія ніяк не праяўляюцца ў паўсядзённым жыцці”.
Памёр Давід Шымоні (іўр. דוד שמעוני, нар. 25 жніўня 1891), ізраільскі паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Ізраіля (1954). Нарадзіўся ў Бабруйску.