№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 12 снежня

  • 1731

    Нарадзіўся Эразм Дарвін (анг. Erasmus Darwin, памёр 18 красавіка 1802), ангельскі натураліст, доктар і паэт, які вынікі сваіх навуковых штудыяў выкладаў у вершаванай форме, што было дзіўным нават для яго сучаснікаў. Верыў у сэксуальнае жыццё раслінаў, пра якое расказаў у другой частцы аб’ёмнай паэмы “Батанічны сад” (The Botanic Garden) пад назвай “Каханне раслінаў” (The Loves of the Plants). Адзін з перакладчыкаў на ангельскую мову працаў Карла Лінэя. Дзед Чарлза Дарвіна.

  • 1766

    Нарадзіўся Мікалай Карамзін (руск. Николай Карамзин, памёр 3 чэрвеня 1826), рускі гісторык і пісьменнік. Яго публікацыі “Лістоў рускага вандроўніка” (“Письма русского путешественника”, 1791—1792) і аповесці “Бедная Ліза” (“Бедная Лиза”, 1792, асобнае выданне 1796) распачалі ў Расіі эпоху сентыменталізму. Яго творчасць зрабіла моцны ўплыў на развіццё рускай літаратуры.

  • 1766

    Памёр Ёган Крыштаф Готшэд (ням. Johann Christoph Gottsched, нар. 2 лютага 1700), нямецкі пісьменнік, культурны дзеяч, крытык, тэарэтык ранняга Асветніцтва. Адзін з пачынальнікаў нямецкага асветніцкага класіцызму. Мастацкае светабачанне Готшэда мела вузкарацыяналістычны характар: у літаратуры найбольшае значэнне ён надаваў павучальнасці, змагаўся з традыцыямі барока.

  • 1792

    Памёр Дзяніс Фанвізін (руск. Денис Фонвизин, нар. 14 красавіка 1745), рускі літаратар, стваральнік жанру рускай бытавой камедыі (“Недарасль”, “Брыгадзір”). Паходзіў з рыцарскага роду, які перасяліўся ў Расію з Лівоніі за часамі Івана Грознага, прозвішча роду пісалася ў два словы, Фон Візен ці Фон-Візен, да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Фанвізін згадваецца ў “Яўгеніі Анегіным” Пушкіна і “Ночы перад Калядамі” Гогаля (праўда, яго імя там не называецца).

  • 1821

    Нарадзіўся Гюстаў Флабэр (фр. Gustave Flaubert, памёр 8 траўня 1880), французскі раманіст. Аўтар раманаў “Мадам Бавары” (Madame Bovary, 1857), “Саламбо” (Salammbô, 1862), “Выхаванне пачуццяў” (L'Éducation sentimentale, 1869). Вядомасць Флабэру прынесла публікацыя ў часопісе рамана “Мадам Бавары” (Madame Bovary, 1856), праца над якім пачалася ўвосень 1851 году. У хуткім часе пасля выхаду рамана Флабэр і рэдактар часопіса Revue de Paris былі прыцягнутыя да судовай адказнасці за знявагу маралі. Раман быў маніфестам літаратурнага натуралізму, але апрача гэтага ў ім быў выразна заўважны скепсіс аўтара ў дачыненні не толькі да сучаснага грамадства, але і да чалавека ўвогуле. Апраўдальны вердыкт дазволіў выпусціць раман асобным выданнем у 1857 годзе.

  • 1860

    Нарадзіўся Ян Каспровіч (польск. Jan Kasprowicz, памёр 1 жніўня 1926), польскі паэт, драматург, літаратурны крытык, перакладчык. Да пачатку 1890-х Каспровіч рэалістычна выяўляў карціны сялянскай галечы ў сваіх паэтычных зборніках. З 1891 году ў творчасці паэта зацвярджаецца сімвалісцкая паэтыка. Самастойна засвоіў лаціну і старажытнагрэцкую, ведаў французскую, ангельскую і іншыя мовы. На польскую перакладаў Эсхіла, Эўрыпіда, Шэкспіра, Марла, Байрана, Шэлі, Кітса, Ўайлда, Рэмбо, Метэрлінка, Гётэ, Шылера і іншых.

  • 1899

    Памёр Роберт Браўнінг (анг. Robert Browning, нар. 7 траўня 1812), ангельскі паэт і драматург. Мае рэпутацыю паэта-філосафа са знарок ускладненай і даволі “затуманенай” мовай. Яго ўлюбёная форма — драматычны маналог з пераказам разнастайных гістарычных эпізодаў, поўны філасофскіх роздумаў, успамінаў, спавядальнасці.

  • 1923

    Памёр Рэймон Радыге (18 чэрвеня) (фр. Raymond Radiguet, нар. 18 чэрвеня 1903), французскі пісьменнік. “Ён <…> прыдумаў і прывіў нам дзівосна новую пазіцыю ў мастацтве, якая палягала на тым, каб не быць арыгінальным (ён называў гэта “ўменнем насіць новы касцюм”), <…> раіў нам “пісаць як усе”, бо ў такой манеры абсалютна немагчыма праявіць арыгінальнасць”, — пісаў Жан Както ў кнізе “Цяжар быцця”. Паводле Радыге, быць паперадзе авангарду — значыць пісаць у традыцыйнай манеры. Увасабленнем гэтых прынцыпаў ёсць найперш галоўны твор Радыге — раман “Чорт у галаву” (Le diable au corps), напісаны ў 1921, выдадзены ў 1923 годзе Бернарам Грасэ з анатацыяй: “Першая кніга семнаццацігадовага пісьменніка”. Раман займеў неймаверны поспех, а яго аўтар атрымліваў віншаванні ад Макса Жакоба, Рэнэ Бэнжамэна, Поля Валеры і іншых вядомых пісьменнікаў. Другі і апошні раман Радыге “Баль у графа д’Аржэля” (Le Bal du comte d’Orgel) з прадмовай Жана Както выйшаў пасмяротна ў 1924 годзе. Рэймон Радыге памёр ад тыфу 12 снежня 1923. Жан Както ўспамінаў: “Слухай, — сказаў ён мне 9 снежня, — праз тры дні мяне расстраляюць салдаты Бога”. Радыге таксама належаць чатыры зборнікі вершаў і п’еса “Пеліканы”, якую на беларускую мову пераклала Вераніка Мазуркевіч.

  • 1925

    Нарадзіўся Ахмад Шамлу (перс. احمد شاملو‎, памёр 24 ліпеня 2000), іранскі празаік, паэт, перакладчык, намінант на Нобелеўскую прэмію. Аўтар больш як 70 кніг — зборнікаў вершаў, раманаў, твораў для дзяцей.

  • 1928

    Нарадзіўся Чынгіз Айтматаў (кірг. Чыңгыз Айтматов, памёр 10 чэрвеня 2008), кіргізскі празаік, які пісаў на кіргізскай і рускай мовах, савецкі палітычны і культурны дзеяч, прадстаўнік пакалення шасцідзясятнікаў. Пэўны час быў галоўным рэдактарам часопіса “Иностранная литература”. У 1958 выйшла ў свет ягоная аповесць “Джаміля”, якая прынесла аўтару сусветную вядомасць. У 2006 удзельнічаў у выпуску кнігі “Аўтограф стагоддзя” (“Автограф века”).

  • 1989

    Памёр Карлас Бараль (гішп. Carlos Barral, нар. 1 студзеня 1928), гішпанскі паэт і выдавец, які лічыцца адным з найбуйнейшых паэтаў так званага "пакалення 50-х". Найбольш вядомыя яго паэтычныя зборнікі “19 гісторый пра маю грамадзянскую вайну” (19 historias de mi guerra civil) і “Урокі пра рэчы” (Lecciones de cosas), а таксама трохтомныя мемуары. Адзін з пачынальнікаў лацінаамерыканскага літаратурнага буму.

  • 1999

    Памёр Джозэф Хелер (анг. Joseph Heller, нар. 1 траўня 1923), амерыканскі пісьменнік-сатырык, драматург. Знакаміты сатырычным антываенным раманам “Выкрут-22” (Catch 22, 1961). Аўтар вядомых раманаў “Нешта здарылася” (Something Happened, 1974), “Бог ведае” (God Knows, 1984), “Гэта не жарт” (No Laughing Matter, 1986), “Партрэт мастака ў старасці” (Portrait of an Artist as an Old Man, 2000).

  • 2007

    Памёр Сігітас Гяда (літ. Sigitas Geda, нар. 4 лютага 1943), літоўскі паэт, драматург, эсэіст, літаратурны крытык, перакладчык, аўтар больш за 10 кніг вершаў і паэмаў, кніг вершаў для дзяцей, некалькіх зборнікаў артыкулаў, шэрагу лібрэта, сцэнару музычнага фільма “Чортава нявеста”. Пераклаў на літоўскую мову “Песню песняў” і Каран (выйшаў у 2007 і выклікаў неадназначныя ацэнкі адносна вольнага перакладу), а таксама шэраг твораў з рускай, польскай, ангельскай, французскай і іншых моваў. На беларускую мову вершы Гяды перакладаў А. Разанаў (зборнік літоўскай паэзіі “Белы замак на гары”, 1992).