№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 16 снежня

  • 1775

    Нарадзілася Джэйн Остэн (анг. Jane Austen, памерла 18 ліпеня 1817), ангельская пісьменніца, “першая лэдзі” ангельскай літаратуры. Ужо ў 12 гадоў пачала пісаць вершы, апавяданні і п’есы, якімі забаўляла сваіх родных. Яе раннія творы пазней былі сабраныя ў тры сшыткі, вядомыя як Juvenilia. Сярод яе раманаў найбольш знакамітыя — “Пачуццё і пачуццёвасць” (Sense and Sensibility, 1811), “Пыха і перадузятасць” (Pride and Prejudice, 1813), “Мэнсфілд-парк” (Mansfield Park, 1814), “Эма” (Emma, 1815). Остэн ніколі не была замужам, сваёй пляменніцы яна аднойчы напісала: “Лепей усё што заўгодна, толькі не шлюб без кахання”. Хварэла на хваробу Адысана, але працавала, пакуль не страціла здольнасць пісаць. Урывак з рамана “Пыха і перадузятасць” пераклала на беларускую Ганна Янкута.

  • 1859

    Памёр Вільгельм Карл Грым (ням. Wilhelm Carl Grimm, нар. 24 лютага 1786), нямецкі пісьменнік, мовазнаўца, сябра Берлінскай акадэміі навук, малодшы з братоў Грым. Разам з братам Якабам правёў вялікую працу па збіранні і выданні нямецкіх казак і паданняў (“Дзіцячыя і сямейныя казкі” (Kinder- und Hausmärchen), 1812), “Нямецкія паданні” (Deutsche Sagen), 1816—1818), што спрыялі фармаванню жанру літаратурнай казкі. Браты лічацца заснавальнікамі міфалагічнай школы ў фалькларыстыцы (“Германскія гераічныя казанні” (Die deutsche Heldensage), 1829). Разам з братам выдаў (з 1852) першыя 4 тамы фундаментальнага слоўніка нямецкай мовы, які зрабіўся асновай нямецкай філалогіі. На беларускую казкі братоў Грым перакладае Альгерд Бахарэвіч.

  • 1865

    Нарадзіўся Алаву Білак (парт. Olavo Brás Martins dos Guimarães Bilac, памёр 28 снежня 1918), бразільскі паэт-парнасец, журналіст і перакладчык. У 1896 стаў адным з заснавальнікаў і сябраў Бразільскай акадэміі літаратуры. Аўтар тэксту дзяржаўнага гімна Бразіліі, майстар санэту, у 1907 абраны часопісам Fon-Fon “каралём бразільскіх паэтаў”.

  • 1897

    Памёр Альфонс Дадэ (фр. Alphonse Daudet, нар. 13 траўня 1840), французскі раманіст і драматург, стваральнік яркіх аповедаў з жыцця Праванса, стваральнік знакамітага вобраза зухвала і рамантыка Тартарэна з Тараскона. Слава прыйшла да пісьменніка пасля выхаду зборніка “Лісты з майго млына” (Lettres de Mon Moulin, 1869). Раман “Незвычайныя прыгоды Тартарэна з Тараскона” (Tartarin de Tarascon) друкаваліся ўрыўкамі з 1869 па 1870 гады, а ў 1872 годзе выйшлі асобнай кнігай. У 30 гадоў Дадэ зрабіўся самым знакамітым французскім пісьменнікам. Многія яго творы маюць фальклорную аснову.

  • 1900

    Нарадзіўся Віктар Содэн Прытчэт (анг. Victor Sawdon Pritchett, памёр 20 сакавіка 1997), ангельскі пісьменнік, літаратуразнаўца. Найбуйнейшы майстар ангельскай навелы пасля Р. Кіплінга. Напісаў некалькі раманаў, але вядомым зрабіўся, выдаўшы зборнік апавяданняў “Гішпанская дзяўчына і іншыя гісторыі” (The Spanish Virgin and Other Stories, 1932). Знакаміты таксама сваімі мемуарамі і крытычнымі эсэ. Карысталіся поспехам напісаныя ім біяграфіі Бальзака (1973), Тургенева (1977) і Чэхава (1988). Вядома, што ён не любіў свайго імені, атрыманага ў гонар ангельскай каралевы, і нават найбліжэйшыя сябры называлі яго па ініцыялах — ВСП.

  • 1917

    Нарадзіўся Артур Чарлз Кларк (анг. Arthur Charles Clarke, памёр 19 сакавіка 2008), ангельскі пісьменнік, навуковец-вынаходнік, футуролаг, найбольш вядомы сумеснай са Стэнлі Кубрыкам працай над культавым навукова-фантастычным фільмам “Касмічная адысея 2001” (1968). Кларка разам з Айзэкам Азімавым і Робертам Хайнлайнам доўгі час называлі “вялікай тройкай” навуковых фантастаў. Сярод раманаў найбольш вядомыя “Канец дзяцінства” (Childhood's End, 1953), “Горад і зоркі” (The City and the Stars, 1956), “Спатканне з Рамай” (Rendezvous with Rama, 1972), “Фантаны Раю” (The Fountains of Paradise, 1979). У 1956 Кларк пераехаў жыць на Шры-Ланку — часткова таму, што захапляўся падводным плаваннем з аквалангам, але, магчыма, і праз жаданне схаваць сваю нетрадыцыйную арыентацыю. У Шры-Ланцы ён пражыў да смерці, у апошнія гады беручы ўдзел у стварэнні тэлеперадач, прысвечаных легендам і міфам сучаснасці.

  • 1928

    Нарадзіўся Філіп Дзік (анг. Philip Kindred Dick, памёр 2 сакавіка 1982), амерыканскі пісьменнік-фантаст. Уладальнік прэміі Х’юга за раман “Чалавек у высокім замку” (The Man in the High Castle, 1962). Пры жыцці яго творчасць была больш вядомая ў навукова-фантастычных колах, а пасля смерці ён зрабіўся знакамітым дзякуючы экранізацыі яго рамана “Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?” (Do Androids Dream of Electric Sheep?), якая выйшла пад назвай “Бегучы па лязе” (Bladerunner). Пазней па яго творах былі знятыя і іншыя сусветна вядомыя фільмы (“Успомніць усё” Пола Верховена, “Расплата” Джона Ву, “Крыкуны” К. Дзюгуа, “Асаблівае меркаванне” С. Спілберга і інш.).

  • 1965

    Памёр Ўільям Сомерсэт Моэм (анг. William Somerset Maugham, нар. 25 студзеня 1874), ангельскі празаік, драматург. Сусветную вядомасць яму прынеслі раманы “Цяжар пакутаў чалавечых” (Of Human Bondage, 1915), “Месяц і грош” (The Moon and Sixpence, 1919), “Размаляваны вэлюм” (The Painted Veil, 1925), “Тэатр” (Theatre, 1937) і інш. Аўтар п’есаў “Лэдзі Фрэдэрык” (Lady Frederick, 1912), “Кола” (The Circle, 1921), зборнікаў навелаў “Трапятанне ліста” (The Trembling of a Leaf, 1921), “Ад першай асобы” (Six Stories Written in the First Person Singular, 1931), “Забаўкі лёсу” (Creatures of Circumstance, 1947), інш. На беларускую мову навелы Моэма перакладалі В. Валынскі, Я. Міклашэўскі, Я. Верабей.