Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПерсі Біш Шэлі ажаніўся са сваёй другой жонкай, Мэры Годвін, аўтаркай рамана “Франкенштэйн”.
Нарадзіўся Тэадор Фантанэ (ням. Theodor Fontane, памёр 20 верасня 1898), нямецкі пісьменнік, аптэкар па прафесіі. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў нямецкага рэалізму XIX стагоддзя. Увайшоў у літаратуру як паэт і аўтар падарожных нататак (“Падарожжы па правінцыі Брандэнбург”, Wanderungen durch die Mark Brandenburg, 1862—1881). Знакамітым зрабіўся пасля смерці дзякуючы раманам, якія пачаў пісаць з 59 гадоў. Найбольш вядомыя з іх — “Грэта Міндэ” (Grete Minde, 1880), “Дарогі, раздарожжы” (Irrungen, Wirrungen, 1888), “Фраў Джэні Трайбель” (Frau Jenny Treibel, 1892) і “Эфі Брыст” (Effi Briest, 1895; экранізаваны 5 разоў, паводле яго таксама пастаўленыя балет і опера).
Нарадзіўся Рэд’ярд Кіплінг (анг. Joseph Rudyard Kipling, памёр 18 студзеня 1936), ангельскі празаік, паэт, першы англамоўны аўтар, які атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры (1907). Найлепшымі яго творамі лічацца “Кніга джунгляў” (The Jungle Book, 1894), “Кім” (Kim, 1901) і шматлікія вершы. У 1885 быў прыняты ў масоны і адлюстраваў свой масонскі досвед у знакамітай паэме “Мацярынская Ложа” (The Mother Lodge). На беларускую вершы Кіплінга перакладалі Рыгор Барадулін і Андрэй Стэфановіч.
Нарадзіўся Зэлік Аксельрод (памёр 26 чэрвеня 1941), беларускі габрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі “Трапятанне” (1922), “Вершы” (1932), “І зноў вершы” (1935), “Сам-насам” (1937), “Вершы” (1938), “Чырвонаармейскія вершы” (1939), “Вершы” (Нью-Ёрк, 1961), “Ранішняе святло” (“Утренний свет”, Масква, 1963), “Вершы” (Масква, 1980). Пераклаў на ідыш паэму М. Някрасава “Чыгунка”, кнігу выбраных вершаў Я. Купалы (1936), паэму П. Броўкі “Прамова фактамі” (у кнізе “Паэзія БелАПП”, 1931) і п’есу французскага драматурга Лябіша “Труадэк” (з Ізі Харыкам, пастаўленая Маскоўскім дзяржаўным габрэйскім тэатрам).
Нарадзіўся Данііл Хармс (руск. Даниил Хармс, сапр. Ювачоў; памёр 2 лютага 1942), рускі празаік і паэт. 23 жніўня 1941 арыштаваны за ўпадніцкія настроі (па даносе Антаніны Аранжарэевай — знаёмай Ганны Ахматавай і шматгадовага агента НКУС). У прыватнасці, Хармсу ставіліся ў віну яго словы “Калі ж мне дадуць мабілізацыйны лісток, я дам у пысу камандзіру, хай мяне расстраляюць; але формы я не надзену” і “Савецкі Саюз прайграў вайну ў першы ж дзень, Ленінград зараз альбо возьмуць у аблогу, і мы памрэм галоднай смерцю, альбо разбамбяць, не пакінуўшы камню на камні”. Таксама Хармс сцвярджаў, што горад замініраваны, а на фронт пасылаюць бяззбройных салдатаў. Каб пазбегнуць расстрэлу, сімуляваў вар'яцтва; ваенны трыбунал пастанавіў “зважаючы на цяжар здзейсненага злачынства” ўтрымліваць Хармса ў псіхіятрычнай лякарні. Мяркуецца, што Хармс памёр у 1942 годзе падчас блакады Ленінграда, у найбольш цяжкі па колькасці галодных смерцяў месяц, у аддзяленні псіхіятрыі лякарні турмы “Кресты” (Арсенальная набярэжная, 9). На сайце “ПрайдзіСвета” яго творы можна знайсці тут.
Памёр Рамэн Ралан (фр. Romain Rolland, нар. 29 студзеня 1866), французскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 1915 год. Пісьменнік з дзяцінства цікавіўся музыкай, спачатку вырашыў прысвяціць жыццё вывучэнню гісторыі музыкі і абараніў у Сарбоне дысертацыю па гэтай спецыяльнасці. Аднак пасля выдання і пастаноўкі шэрагу яго п’есаў, прысвечаных Вялікай французскай рэвалюцыі, набыў вядомасць як пісьменнік, хаця яго цікавасць да музыкі не аслабла — сярод самых вядомых твораў Ралана апроч “Жана Крыстофа” і “Кала Бруньёна” можна назваць “Жыццё Бетховена” і “Бетховен. Вялікія творчыя эпохі”.
Нарадзіўся Дуглас Коўпленд (анг. Douglas Coupland), канадскі пісьменнік, аўтар культавага рамана “Пакаленне Х” (Generation X, 1991). Яшчэ адзін знакаміты раман Коўпленда, напісаны ў Каліфорніі, расказвае пра жыхароў Крэмніевай даліны і называецца “Рабы Майкрасофта” (Microserfs, 1995). Раман выйшаў на тым жа тыдні, што і аперацыйная сістэма Windows’95.
Памерла Катарына Тайкан (шведск. Katarina Taikon, нар. 20 ліпеня 1932), шведская пісьменніца цыганскага паходжання: яе бацька быў цыганам і да рэвалюцыі граў у маскоўскім Вялікім тэатры, а пасля спяваў і танчыў у Швецыі, дзе і сустрэў сваю будучую жонку Агду Карлсан. Разам з сястрой Розай Катарына вельмі актыўна займалася правамі цыганаў. Менавіта гэтая дзейнасць была штуршком да напісання яе першай кнігі “Цыганка” (Zigenerska) у 1963 годзе. Але найбольшую папулярнасць Катарыне прынесла серыя часткова аўтабіяграфічных кніг пра дзяўчынку Каціцы (цыганскае памяншальнае імя ад Катарыны). Гэта кнігі для дзяцей і падлеткаў, якія потым былі экранізаваныя.