11 верасня ў кнігарні “логвінаЎ” пройдзе вялікая “афлайнавая” прэзентацыя “Габрэйскага акцэнту” — новага нумару “ПрайдзіСвета” — з удзелам вядомых беларускіх аўтараў і перакладчыкаў. Пра сваё бачанне і разуменне габрэйскай літаратуры і культуры раскажуць
Сяргей Шупа, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута, Кацярына Маціеўская, Павал Касцюкевіч, Ігар Крэбс, Віктар Жыбуль, Таня Скарынкіна, Аксана Данільчык, Інэса Ганкіна, Валер Гапееў, Яўген Ліпковіч, Вольф Рубінчык.
У госці да “ПрайдзіСвета” завітае віцебскі паэт і музыка Міхаіл Рубін, які выканае ўласныя кампазіцыі на вершы беларускіх габрэйскіх паэтаў.
Тыя, каму пашанцуе, змогуць купіць рарытэтныя выданні “Бібліятэкі часопіса “ПрайдзіСвет”: беларускія пераклады зборніка Эдгара По, кніг пра Шэрлака Холмса і іншыя выданні.
Вядоўца імпрэзы — Альгерд Бахарэвіч.
Адрас кнігарні: Мінск, праспект Незалежнасці, 37а.
Пачатак — 19.00. Уваход вольны.
Пра нумар
“Габрэйскі акцэнт”. Такую назву мае новы нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”.
Гэта дваццаты, юбілейны, нумар, і прысвечаны ён габрэйскай літаратуры і культурнай спадчыне, як беларускай, так і замежнай. “Габрэйскі акцэнт” — гэта спроба вярнуць забытыя імёны і тэксты, асэнсаваць з'явы габрэйскага жыцця, пазнаёміць чытачоў з новымі габрэйскімі аўтарамі і аўтаркамі з Беларусі, Ізраіля, ЗША, Польшчы, Нямеччыны, Францыі і Італіі. Пераклады, эсэістыка, інтэрв'ю, успаміны, звязаныя з габрэйскай культурнай прысутнасцю ў Беларусі, і шмат што іншае можна знайсці на сайце часопіса: prajdzisvet.org.