№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 27 студзеня

  • 1826

    Нарадзіўся Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын (рус. Михаил Салтыков-Щедрин; памёр 10 траўня 1889), рускі пісьменнік. Самыя вядомыя яго творы – раманы “Спадары Галаўлёвы”, “Гісторыя аднаго горада”, казкі “Мудры пячкур”, “Аповесць пра тое, як мужык двух генералаў пракарміў” і інш.

  • 1832

    Нарадзіўся Льюіс Кэрал (анг. Lewis Carroll, сапр. Чарлз Людвіг Доджсан, памёр 14 студзеня 1898), ангельскі пісьменнік, матэматык, логік і фатограф, аўтар кніг “Прыгоды Алісы ў Дзівоснай краіне” (Alice's Adventures in Wonderland, 1865) і “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса” (Through the Looking-Glass And What Alice Found There, 1871). Першую з іх па-беларуску перастварыў Макс Шчур, які таксама выканаў пераклад другой часткі “На тым баку люстэрка, і што там напаткала Алесю”, якая пакуль не друкавалася. Другая ж кніга была надрукаваная ў часопісе ARCHE ў перакладзе Веры Бурлак, у планах Веры зрабіць пераклад і першай “Алісы”.

  • 1836

    Нарадзіўся Леапольд фон Захер-Мазох (ням. Leopold Ritter von Sacher-Masoch; памёр 9 сакавіка 1895), аўстрыйскі пісьменнік, дзякуючы творам якога ў псіхіятрыі і сэксапаталогіі з’явілася новае слова – мазахізм, уведзенае ў 1886 годзе псіхіятрам і неўролагам Рыхардам фон Крафт-Эбінгам. Уласныя перажыванні аўтара знайшлі адбітак у яго найбольш вядомых творах “Венера ў футры” і “Разведзеная жанчына”. У 1885 Захер-Мазох ананімна апублікаваў раман "Адна галіцыйская гісторыя. Год 1846" і з таго часу штогод пісаў па кнізе, эксперыментуючы з самымі разнастайнымі літаратурнымі жанрамі – пісаў гістарычныя даследаванні, п'есы, фельетоны, літаратурна-крытычныя тэксты і інш. Леапольд фон Захер-Мазох ажаніўся са сваёй жарснай прыхільніцай Аўрорай фон Румслін, якая таксама пачала пісаць, узяўшы сабе псеўданім "Ванда фон Дунаева" (імя гераіні "Венеры ў футры" (Venus im Pelz, 1870)). Пасля яны разам падпісваліся пад навэламі прозвішчам Захер-Мазох (без імені). Вялізныя патрабаванні жонкі, сквапнай да грошай, прымусілі пісьменніка заняцца больш прыбытковым заробкам. Тады Захер-Мазох пачаў пісаць парнаграфічныя навэлы, апранаючы сваіх гераіняў у гуцульскія строі і даючы ў рукі бізуны. Праз яго творы праходзіць тэма здзекаў дэспатычнай жанчыны са слабога мужчыны. У Львове, родным горадзе пісьменніка, яму пастаўлены помнік.

  • 1879

    Нарадзіўся Павел Бажоў (рус. Павел Бажов; памёр 3 снежня 1950), рускі пісьменнік, фалькларыст, які ўпершыню зрабіў літаратурную апрацоўку ўральскіх казак. Сярод найбольш вядомых яго кніг – зборнік казак “Малахітавая шкатулка”. Тэрмін “сказ” быў уведзены ў савецкую фалькларыстыку для азначэння рабочай прозы дзякуючы Бажову. Праўда, пазней выявілася, што гэты тэрмін не акрэслівае ніякай новай фальклорнай з’явы – “сказы” былі легендамі, казкамі і ўспамінамі, то бок жанрамі, якія існуюць ужо мноства гадоў. Апавяданне “Аметыставая справа” П. Бажова на беларускую мову пераклаў В. Рабкевіч.

  • 1891

    Нарадзіўся Ілля Эрэнбург (рус. Илья Эренбург; памёр 31 жніўня 1967), рускі савецкі празаік, паэт, перакладчык з французскай і гішпанскай моваў. Лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій і міжнароднай Сталінскай прэміі “За умацаванне міру паміж народамі”. Быў карэспандэнтам шматлікіх савецкіх газетаў. Яму належыць лозунг “Забі немца!” Адольф Гітлер асабіста аддаў распараджэнне злавіць і павесіць Эрэнбурга, нацысцкая прапаганда дала яму мянушку Хатні габрэй Сталіна. Пасля смерці Сталіна напісаў аповесць “Адліга” (1954), якая дала назву цэлай эпосе ў савецкай гісторыі.

  • 1922

    Нарадзіўся Анджэй Тшэбіньскі (польск. Andrzej Trzebiński, расстраляны 12 лістапада 1943), польскі паэт, драматург, літаратурны крытык і публіцыст. У 1940 годзе пачаў навучанне ў падпольным Варшаўскім універсітэце, дзе вывучаў славістыку і польскую філалогію. У падполлі перадусім быў заняты арганізацыяй літаратурнага руху. Браў удзел у выданні часопіса “Мастацтва і народ” (Sztuka i Naród) ад пачатку яго заснавання. Напісаў значную колькасць праграмных артыкулаў, у якіх фармуляваў задачы літаратуры і месца ў ёй новага пакалення творцаў ва ўмовах акупацыі. Быў галоўным рэдактарам “Мастацтва і народа” да свайго арышту 6 лістапада 1943. Большасць твораў са спадчыны Тшэбіньскага згарэла падчас Варшаўскага паўстання, ацалела ўсяго каля 400 старонак. Гэта вершы, перакладзены на беларускую мову А. Пятровіч драматычны гратэск “Каб падняць ружу” (у якой аўтар рэалізаваў сваю канцэпцыю драмы, выкладзеную ў артыкуле “Лабараторыя драмы”, пераклад на беларускую мову К. Маціеўскай), фрагменты няскончанай аповесці “Кветкі з забароненых дрэваў”, публіцыстычныя артыкулы і дзённік.

  • 1940

    Загінуў Ісаак Бабель (рус. Исаак Бабель; нар. 13 ліпеня 1894), рускі савецкі пісьменнік, драматург, вядомы сваімі “Адэскімі апавяданнямі” і зборнікам “Конармія” пра першую конную армію Будзённага. У 1939 годзе пісьменнік быў арыштаваны, у яго былі канфіскаваныя некалькі рукапісаў, страчаныя назаўжды. У 1940 годзе на загад, падпісаны асабіста І. Сталіным, ён быў прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны толькі ў 1954 годзе, а ў 1956 годзе, дзякуючы ўплыву К. Паўстоўскага, творы Бабеля былі вернутыя ў савецкую літаратуру.

  • 2009

    Памёр Джон Апдайк (анг. John Hoyer Updike; нар. 18 сакавіка 1932), амерыканскі пісьменнік, аўтар 28 раманаў і 45 іншых кніг: зборнікаў апавяданняў, вершаў, эсэ. Да найбольш вядомых яго твораў належаць серыя кніг пра Труса (дзве з іх прынеслі яму прэстыжную Пуліцэраўскую прэмію), трылогія пра Бэка, раманы “Кентаўр” (The Centaur,1963), “Іствікскія ведзьмы”(The Witches of Eastwick, 1984) і інш.

  • 2010

    Памёр Джэром Дэвід Сэлінджэр (анг. Jerome David Salinger, нар. 1 студзеня 1919), амерыканскі пісьменнік, аўтар знакамітага рамана “Лавец у жыце” (The Catcher in the Rye, 1951). Вядомасць Сэлінджэру прынесла апавяданне “Цудоўны дзень для рыбкі-бананкі” (A Perfect Day for Bananafish) у 1948 годзе. Акрамя таго, ён аўтар некалькіх зборнікаў апавяданняў, у тым ліку “Фрэні і Зуі” (Franny and Zooey), “Вышэй кроквы, цесляры” (Raise High the Roof Beam, Carpenters), “Дзевяць апавяданняў” (Nine Stories). Пасля таго як раман “Лавец у жыце” набыў шырокую папулярнасць, Сэлінджэр пачаў весці жыццё самотніка, не з’яўляўся на публіцы, адмаўляўся даваць інтэрв’ю. Творы Сэлінджэра на беларускую мову перакладалі П. Марціновіч (“Гэпварт, 16, 1924”, “Крыніца”, 1996, № 3), І. Бабкоў (“Час бананавых рыбак”), А. Арцёмаў (“Раз на тыдзень — гэта не смяротна”).