№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 23 красавіка

  • 1616

    Памёр Мігель дэ Сервантэс Сааведра (гішп. Miguel de Cervantes Saavedra, нар. 29 верасня 1547), гішпанскі пісьменнік і салдат. Нарадзіўся ў Алькала-дэ-Энарэс у сям’і ідальга Радрыга дэ Сервантэса, хірурга; сям’я жыла небагата. У сталым узросце паступіў у войска, удзельнічаў у ваенных кампаніях у Італіі, Наварына (1572), Тунісе, Партугаліі, у марскіх баях (Лепанта, 1571). Паводле самай папулярнай версіі біёграфаў пісьменніка, менавіта ў баі пад Лепанта Сервантэс страціў руку. У 1575 годзе, падчас вяртання дадому, ён трапляе ў алжырскі палон, дзе праводзіць пяць гадоў. ў 1585 годзе піша свой першы твор – пастаральны раман “Галатэя”. На той момант пісьменніку было ўжо 38 гадоў. Жыццё Сервантэса ў гэты перыяд поўнае нягодаў: ён церпіць нястачу, яго драматычныя творы, напісаныя пасля “Галатэі”, не карыстаюцца поспехам, некаторы час пісьменніку нават даводзіцца праседзець у турме. Усё, што пішацца ў гэты час, доўга не публікуецца. Толькі ў 1604 годзе пабачыла свет першая частка рамана “Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі” (El ingenioso hidalgo Don Quijote de la Mancha), які адразу займеў поспех. Літаратурную дзейнасць Сервантэс не спыняў да самай смерці. У 1835 годзе ў Мадрыдзе быў пастаўлены помнік пісьменніку, на якім па-лацінску напісана: “Мігелю Сервантэсу Сааведры, каралю гішпанскіх паэтаў”. На беларускую ўрыўкі з “Дон Кіхота” пераклаў Якуб Лапатка.

  • 1616

    Памёр Ўільям Шэкспір (анг. William Shakespeare, дакладная дата нараджэння невядомая), вялікі ангельскі паэт, драматург, якога часта называюць нацыянальным ангельскім паэтам, “Песняром Эйвана”. Сярод тых яго твораў, якія захаваліся, — 38 п’есаў, 154 санеты, 5 паэмаў. Паводле легенды, Шэкспір памёр у дзень свайго нараджэння.

  • 1850

    Памёр Ўільям Вордсварт (анг. William Wordsworth, нар. 7 красавіка 1770), ангельскі паэт-рамантык, прадстаўнік “азёрнай школы”. Падчас навучання ў Кембрыджскім універсітэце, на вакацыях, ён абышоў Азёрны край і Ёркшыр і напісаў гераічным двувершам паэму “Вечаровы шпацыр” (An Evening Walk, 1793), у якой шмат карцін прыроды. Абстрактную і напышлівую мову паэзіі класіцызму Вордсварт знізіў да ўзроўню размоўнай мовы; ён лічыў, што мова паэзіі не павінная адрознівацца ад мовы прозы. Вордсварт верыў, што яго паэтычнае прызначэнне — паказаць прыроду не як ратаванне чалавека ад пакутаў і абавязкаў, а як крыніцу “найчысцейшай жарсці і радасці”.

  • 1886

    Нарадзіўся Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Плаўнік, памёр 3 лістапада 1941), беларускі паэт і празаік. Ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і крыху польскую мовы. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам іўрыту. Яшчэ хлопчыкам Бядуля складаў вершы на іўрыце, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасці лічыцца 1907, калі ён пачаў пісаць вершы па-руску і пасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі. Першы мастацкі твор будучага пісьменніка ўбачыў свет у газеце “Наша Ніва”. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне “Маладняк”, пасля — ва “Узвышша”.

  • 1902

    Нарадзіўся Хатльдоўр Кільян Лакснэс (ісл. Halldór Kiljan Laxness, памёр 8 лютага 1998), ісландскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1955 году “за яркую эпічную сілу, якая адрадзіла вялікае апавядальнае мастацтва Ісландыі”. У мастацкай манеры Лакснэса арганічна спалучаюцца пафас і іронія, глыбокі псіхалагізм, тонкі лірызм, гумар, а таксама ўплыў эпічнага стылю ісландскіх сагаў.

  • 1910

    Нарадзіўся Генрыкас Радаўскас (літ. Henrikas Radauskas, памёр 27 жніўня 1970), літоўскі паэт, перакладчык. Пры жыцці паэт выдаў чатыры зборнікі вершаў (тры з якіх былі надрукаваныя ў Літоўскім эміграцыйным выдавецтве за мяжой). Перакладаў творы Гётэ, Гайнэ, Вэрлена, Цвайга, Мана, Ахматавай на літоўскую мову. Ягоныя вершы перакладзеныя на ангельскую, латышскую, эстонскую, фінскую, польскую, нямецкую, рускую і беларускую мовы, пераклад зроблены А. Хадановічам).

  • 1913

    Нарадзіўся Гірш Рэлес (памёр 19 верасня 2004), габрэйскі празаік і паэт, пісаў на ідыш і рускай мовах. Аўтар зборнікаў вершаў на ідыш “Пачатак” (1940), “Вершы” (1941), кнігі апавяданняў “Пад мірным небам” (Масква, 1983). Аўтар аповесці “Записки моего коллеги” (1960), “Через трудный порог” (1976), зборнікаў прозы “Друзья и знакомые” (1963), “За тесными партами” (1966), “В родном уголке” (1972), “Под каждой крышей” (1979). Пастаянна друкаваўся ў габрэйскім часопісе “Саветыш Геймланд” (“Савецкая Радзіма”, Масква). У перакладзе на беларускую мову выйшла аповесць “Пра тое, чаго не ведаюць вучні” (часопіс «Полымя», 1955), кніга вершаў “Бяроза пад акном” (1961); на рускую — “Стихи” (Масква, 1974).

  • 1920

    Нарадзіўся Грыгорый Цюцюннік (укр. Григорій Тютюнник, памёр 29 жніўня 1961), украінскі паэт і празаік. Малодшы брат Цюцюнніка, таксама пісьменнік, вядомы як Грыгор Цюцюннік, але напраўду браты насілі аднолькавае імя — Грыгорый. Старэйшага хацелі назваць Георгіем, аднак дзед, які мусіў запісаць хлопчыка, па дарозе ў сельсавет, добра выпіў і пераблытаў імёны. Праўда адкрылася толькі праз пятнаццаць гадоў, калі ў бацькі ў новай сям’і ўжо рос другі сын — таксама Грыгорый. Каб пазбегнуць блытаніны, малодшага пачалі называць Грыгорам. Грыгорый Цюцюннік — аўтар зборніка апавяданняў “Зорныя межы” (1950), аповесці “Сонца хмаркай не заслоніцца” (1957), раман “Вір” (за які пісьменнік быў пасмяротна ўзнагароджаны Нацыянальнай прэміяй імя Шаўчэнкі) і пасмяротны зборнік вершаў ваеннага часу “Жураўліныя ключы” (1963).

  • 1996

    Памерла Памэла Ліндан Трэверс (анг. Pamela Lyndon Travers, сапр. Хелен Ліндан Гоф; нар. 9 жніўня 1899), ангельская пісьменніца, вядомая як аўтар серыі дзіцячых кніг пра Мэры Попінс. Афіцэр Ордэна Брытанскай імперыі. Была добра знаёмая з паэтам-містыкам Джорджам Ўільямам Расэлам, які істотна паўплываў на яе, а таксама з Ўільямам Батлерам Ейтсам і іншымі ірландскімі паэтамі, якія прышчапілі ёй захапленне сусветнай міфалогіяй. Пісьменніца не любіла расказваць пра сваё жыццё. “Калі вас цікавяць факты маёй біяграфіі, — аднойчы сказала яна, — то гісторыя майго жыцця — у “Мэры Попінс” і іншых маіх кнігах”.