№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 2 траўня

  • 1772

    Нарадзіўся Наваліс (ням. Novalis, сапр. Фрыдрых фон Гардэнберг, памёр 25 сакавіка 1801), нямецкі празаік, паэт, містык, прадстаўнік нямецкага рамантызму. Уласную філасофію “магічнага ідэалізму” развіваў у паэтычна-філасофскіх “Фрагментах” (1798), аповесці “Вучні ў Саісе” (Die Lehrlinge zu Sais, 1800). Іх асноўная ідэя: свет навукі — штучны, рэчаіснасць спасцігаецца не розумам, а адчуваннем. Самая значная праца — незавершаны раман-міф “Генрых фон Афтэрдзінген” (Heinrich von Ofterdingen, выд. 1802), у якім ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта. Памёр ва ўзросце 29 гадоў ад сухотаў. На беларускую мову Наваліса перакладаў Лявон Баршчэўскі.

  • 1857

    Памёр Альфрэд дэ Мюсэ (фр. Alfred de Musset, нар. 1 снежня 1810), французскі паэт, раманіст, драматург. Акрамя паэтычных твораў вядомы як аўтар аўтабіяграфічнага рамана “Споведзь сына стагоддзя” (Confession d’un enfant du siècle, 1836). На творчасць паэта ў значнай ступені паўплывала каханне да французскай пісьменніцы Жорж Санд.

  • 1859

    Нарадзіўся Джэром Клапка Джэром (анг. Jerome Klapka Jerome, памёр 14 чэрвеня 1927), ангельскі пісьменнік і гумарыст, больш за ўсё знакаміты дзякуючы гумарыстычнай кнізе-падарожжу “Трое ў лодцы” (Three Men in a Boat, 1889), напісанай адразу пасля вяртання з мядовага месяца, праведзенага на Тэмзе. Таксама вядомы яго зборнік эсэ “Марныя думкі гультая” (Idle Thoughts of an Idle Fellow, 1886), мемуары “Маё жыццё і эпоха” (My Life and Times, 1926), раман “Трое на чатырох колах” (Three Men on the Bummel, 1898) — працяг знакамітага твора, поспех якога пісьменнік не змог паўтарыць. Ва ўзросце 56 гадоў паспрабаваў пайсці добраахвотнікам на фронт, але ў брытанскім войску яму адмовілі, і ён паступіў кіроўцам хуткай дапамогі ў французскую армію. Рэдактар гумарыстычнага часопіса для мужчын “Гультай” (Idler).

  • 1886

    Нарадзіўся Готфрыд Бэн (ням. Gottfried Benn, памёр 7 ліпеня 1956), нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва. Бэн атрымаў вядомасць паэта-экспрэсіяніста яшчэ да Першай сусветнай вайны, выдаўшы невялікі зборнік вершаў “Морг і іншыя вершы” (Morgue und andere Gedichte, 1912), дзе выкарыстаў вобразы, звязаныя з гніеннем трупаў, за што падвяргаўся нападкам з боку маралістаў. Бэн быў улучаны ў склад паэтычнай секцыі прускай Акадэміі ў 1932 годзе і прызначаны яе кіраўніком ў лютым 1933-га. Аднак ён не апраўдаў чаканняў нацыянал-сацыялістаў, за што быў выключаны з яе ў чэрвені таго ж году. Ашаломлены “Ноччу доўгіх нажоў”, Бэн адразу ж адмовіўся ад нацысцкай ідэалогіі. У траўні 1936 году корпус часопіса SS Das Schwarze прызнаў яго экспрэсіянісцкую і эксперыментальную паэзію выраджэнскай, габрэйскай і гомасэксуальнай. 1938 годзе Нацыянал-сацыялістычная асацыяцыя аўтараў (Reichsschrifttumskammer) забараніла Бэну пісаць. Пасля вайны саюзнікі забаранілі яго творы праз яго першапачатковую падтрымку Гітлера. Доўгая творчая паўза скончылася ў 1948 годзе, калі Бэн выдаў зборнік “Статычныя вершы” (Statische Gedichte), а на наступны год — сюррэалістычны раман “Пталямеец” (Der Ptolemäer: Berliner Novelle 1947). Падрабязней пра аўтара можна пачытаць тут, яго верш “Gedichte” пераклала на беларускую Кацярына Маціеўская.

  • 1959

    Нарадзілася Заэ Вальдэс (гішп. Zoé Valdés), кубінская пісьменніца, грамадзянка Гішпаніі. Аўтар больш як 10 раманаў, самыя вядомы з якіх — “Паўсядзённыя дробязі” (La nada cotidiana, 1995), “Кавярня “Настальгія” (Café Nostalgia, 1997), “Вечнасць моманту” (La eternidad del instante, 2004), інш. Лаўрэатка шматлікіх лацінаамерыканскіх літаратурных прэмій.

  • 1989

    Памёр Веньямін Каверын (руск. Вениамин Каверин, сапр. Зільбер; нар. 19 красавіка 1902), рускі савецкі пісьменнік. Творчы псеўданім узяты ў гонар гусара П. П. Каверына, прыяцеля маладога Пушкіна, вядомага гулякі і задзіры. Найбольш вядомыя творы — раманы “Исполнение желаний” (2 кн., 1935 — 1936), “Два капитана” (кн. 1-2, 1938 — 1944), трылогія “Открытая книга” (1953 — 1956). Два апошніх творы неаднаразова экранізаваліся, а за “Двух капітанаў” пісьменнік атрымаў Сталінскую прэмію другой ступені (1946). Магчыма, гэта ўратавала яго ад рэпрэсій. Каверын дамагаўся літаратурнай рэабілітацыі Тынянава і Булгакава, выступаў у абарону Даніэля і Сіняўскага, падтрымліваў Салжаніцына.