
Андрэй Хадановіч
Першым выступіў Уладзімір Арлоў, чалавек, якога, паводле словаў вядоўцы, нават не паварочваецца язык назваць перакладчыкам – столькі ў яго іншых значных і вядомых нашмат шырэй заслугаў і званняў. Ён прачытаў пераклад з Аляксандра Ірванца, а таксама два свае вершы.

Уладзімір Арлоў
Упершыню на прайдзісвецкую вечарыну завітаў Васіль Сёмуха, добры сябра часопіса, які друкуецца ў нас ад першага нумару. У яго перакладзе прагучалі два вершы – “Малітва на час Адвенту” паляка Эрнэста Брыля і “Пір падчас чумы” – адаптаваны пад песню ўрывак з “Маленькіх трагедыяў” Аляксандра Пушкіна.

Васіль Сёмуха
Перакладаў з польскай мовы ў гэты вечар гучала шмат, што і не дзіўна: блізіліся Каляды паводле грыгарыянскага календара, “каталіцкія” Каляды, якія ў Беларусі часта называюць яшчэ і “польскімі”. А таму многія перакладчыкі, нібы загадзя змовіўшыся, чыталі польскія творы. Так, напрыклад, Марына Казлоўская прачытала свае пераклады вершаў польскага паэта Станіслава Бараньчака.

Марына Казлоўская
Перакладчыца-паланістка Марына Шода прачытала ўрывак з апавядання “Прафесар Эндрус у Варшаве” Вольгі Такарчук.

Марына Шода
Ігар Жалткоў агучыў свой пераклад верша Тадэвуша Дамброўскага, маладога польскага паэта, які ўжо атрымаў прызнанне.

Ігар Жалткоў
Ганна Янкута прачытала ўрывак з успамінаў Тадэвуша Бароўскага “Экзамен на Гандлёвай”.

Ганна Янкута
Чаканне Калядаў – не адзіная нагода, з якой сабраліся перакладчыкі і аматары перакладаў. Роўна год таму, 23 снежня 2009 году, памерла ангельская паэтка і перакладчыца беларускай літаратуры на ангельскую мову Вера Рыч. І яе цёзка, беларуская паэтка і перакладчыца (у тым ліку ангельскай літаратуры на беларускую) Вера Бурлак прачытала свой пераклад верша Веры Рыч “Запозненае віншаванне”.

Вера Бурлак
Паэт і перакладчык Віталь Рыжкоў прачытаў свой верш, а таксама пераклады адразу з некалькіх моваў – героямі яго выступу сталі і амерыканец Рычард Бротыган, і рускі Андрэй Радыёнаў, і грузін Гага Нахуцрышвілі.

Віталь Рыжкоў
Анка Упала прачытала апавяданне Руала Дала “Генэзіс і катастрофа” ў сваім перакладзе.

Анка Упала
Перакладчык-багеміст Сяргей Сматрычэнка прачытаў урывак з апавядання Пэтра Шабаха “Святы вечар”, а таксама верш Вацлава Граб’е.

Сяргей Сматрычэнка
Аксана Данільчык павіншавала ўсіх з Калядамі, прачытаўшы два сваіх вершы і пераклад з італьянскага паэта Джузэпэ Унгарэці.

Аксана Данільчык
Алеся Башарымава прачытала, а дакладней, праспявала пераклад “Каляднай песні з Фінскага краю” Дана Андэрсана, у якой пяецца пра тое, за што падымаюць калядныя келіхі шведы, што жывуць побач з самай Фінляндыяй.
На развітанне Андрэй Хадановіч прачытаў свае пераклады з Іосіфа Бродскага і Яцка Качмарскага, а таксама ўласны калядны верш “Табурэтка”, прысвечаны Уладзіміру Някляеву.