Раман Хілары Мэнтэл можа стаць рэкардсменам па прэміях
19 красавіка 2013
Сярод канкурэнтаў Мэнтэл — дзве пісьменніцы, якія ўжо раней атрымлівалі Women's Prize for Fiction: брытанка Жадзі Сміт, аўтар “NW”, змрочнай кнігі пра сучаснае лонданскае жыццё, і амерыканка Барбара Кінгсолвер за раман “Flight Behaviour” пра беднасць у сельскіх раёнах Амерыкі. Іх перамога таксама зробіцца прэцэдэнтам: да гэтага ні адна пісьменніца не выйгравала прыз двойчы.
У студзені падчас ўручэння Costa Awards крытыкі заклікалі журы даць прыз менш знакамітаму аўтару, а не Мэнтэл, на той момант ужо ўладальніцы “Букера”. Аднак старшыня журы Women's Prize for Fiction Міранда Рычардсан заявіла, што для сапраўды вялікай кнігі не можа быць занадта шмат узнагародаў.
Раман “Заносьце целы” — другая кніга ў трылогіі Мэнтэл пра Томаса Кромвеля, царадворца Генрыха VIII. За абедзве часткі трылогіі Мэнтэл атрымала Букераўскую прэмію, стаўшы першай жанчынай, якая была двойчы ўганараваная гэтай прэстыжнай прэміяй.
Прэмія Women's Prize for Fiction уручаецца з 1996 году за найлепшы раман, напісаны жанчынай. Намінаваная можа быць любая пісьменніца, якая напісала кнігу па-ангельску, незалежна ад яе грамадзянства, месца пражывання і ўзросту. Цырымонія ўзнагароджання пройдзе ў Лондане 5 чэрвеня.