Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Ёган Гутэнберг (ням. Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg, нар. паміж 1397 і 1400 гг.), нямецкі ювелір і вынаходнік кнігадруку. Вынаходніцтва Гутэнберга заключалася ў тым, што ён вырабляў з металу рухомыя пукатыя літары, выразаныя ў адваротным парадку, набіраў з іх радкі і з дапамогай прэса адціскаў на паперы. У розныя часы вынаходніцтва Гутэнберга прыпісвалі розным асобам, аднак ісціна была канчаткова высветленая Антоніем ван дэр Ліндэ ў 1878 г.
Нарадзіўся Ігнацы Красіцкі (польск. Ignacy Krasicki, памёр 14 сакавіка 1801), польскі паэт, драматург і публіцыст эпохі Асветніцтва, дзеяч каталіцкай царквы ў Польшчы. Аўтар шматлікіх твораў, разнастайных паводле жанру і тэматыкі. Вядомы як аўтар гераічна-камічных паэмаў “Мышаіда” (Myszeida, 1775), “Манахамахія” (Monachomachia, 1778), “Антыманахамахія” (Antymonachomachia, 1779). Напісаў першы польскі раман “Прыгоды Мікалая Дасвядчыньскага” (Mikołaja Doświadczyńskiego przypadki, 1776). Таксама напісаў некалькі камедый, у якіх часткова пераймаў Мальера.
Нарадзілася Гертруда Стайн (анг. Gertrude Stein, памерла 27 ліпеня 1946), амерыканская пісьменніца. У 1902 годзе пераехала з ЗША ў Парыж, дзе і правяла ўсё жыццё. Гертруда Стайн пакінула па сабе след не столькі як пісьменніца, колькі як гуртавальніца маладых англамоўных літаратараў, для многіх з якіх яна была настаўніцай і часцяком спонсарам. Яе кватэра па вуліцы Флеру стала адным з цэнтраў мастацкага і літаратурнага жыцця Парыжа да Першай сусветнай вайны і пасля яе. Ёй таксама належыць аўтарства тэрміна “страчанае пакаленне” (“lost generation”), якім пазней пачалі называць цэлы шэраг пісьменнікаў пасляваеннага часу, якія выказвалі ў сваіх творах расчараванне ў сучаснай цывілізацыі, песімізм і страту былых ідэалаў (Э. Хэмінгуэй, Дж. Дос Пасас, Томас Эліят, Ф. С. Фіцджэралд і інш.).
Нарадзіўся Георг Тракль (ням. Georg Trakl, памёр 3 лістапада 1914), аўстрыйскі паэт, адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў аўстрыйскага экспрэсіянізму. Пры жыцці паэта выйшаў усяго адзін зборнік “Вершы” (Gedichte, 1913). З пачаткам Першай сусветнай вайны Тракль быў мабілізаваны, але, пакутуючы на дэпрэсію, ён рабіў спробы скончыць жыццё самагубствам. Адна з іх была паспяховай – Тракль памёр у бальнічнай палаце ад перадазіроўкі какаіну. Яго творчасць зрабіла моцны ўплыў на развіццё нямецкамоўнай паэзіі. Больш падрабязна пра паэтыку Тракля можна пачытаць у артыкуле Наталлі Ламекі “Міфапрастора паэзіі Г. Тракля”.
Нарадзіўся Лао Шэ (кіт. 老舍, памёр 24 жніўня 1966), выбітны кітайскі празаік, драматург і публіцыст, адзін з галоўных майстроў нацыянальнай літаратуры. Сярод яго твораў – раманы “Філасофія шаноўнага Чжана” (1926), “Запіскі пра кашэчы горад” (1933), “Рыкша” (1936), “Гарбатня” (1957) і інш. Мяркуецца, што Лао Шэ скончыў жыццё самагубствам пасля збіцця і прыніжэння хунвэйбінамі ў часы “культурнай рэвалюцыі”.
Нарадзіўся Герман Чарлз Босман (анг. і афр. Herman Charles Bosman, памёр 14 кастрычніка 1951), паўднёваафрыканскі пісьменнік, які лічыцца найлепшым аўтарам кароткіх апавяданняў у ПАР. Пры жыцці Босмана пабачылі свет толькі тры яго кнігі: “Мафекінгская дарога” (1947), “Джакаранда” (Jacaranda) і “Турма Колд Стоўн” (1949). Аднак многія яго апавяданні выходзілі ў шэрагу даўно забытых часопісаў, многія з іх былі ўлучаныя пасля ў розныя зборнікі і анталогіі. Калі пісьменнік моцна захварэў і трапіў у лякарню ў Эдэнвалі, падчас прыёму на пытанне: “Месца нараджэння?” — ён адказаў: “Нарадзіўся ў Кайлсрывіры, памёр у эдэнвалскай лякарні”. Праз некалькі хвілінаў пасля таго, як ён увайшоў да доктара, з кабінета пачуўся гучны рогат, і пісьменніка выпісалі. Аднак літаральна праз некалькі гадзінаў ён злёг і памёр па дарозе ў лякарню. На беларускую мову апавяданні Босмана перакладалі Г. Янкута, Ю. Цімафеева, А. Пятровіч, Я. Прыстаўка.
Нарадзіўся Пол Остэр (анг. Paul Benjamin Auster), амерыканскі пісьменнік і перакладчык. Вядомы як аўтар бэстсэлераў “Нью-ёркская трылогія” (The New York Trilogy, 1987), “Месяцовы палац” (Moon Palace, 1989), “Музыка азарту” (The Music of Chance, 1990), “Кніга ілюзій” (The Book of Illusions, 2002) і інш.
Нарадзілася Сара Кейн (анг. Sarah Kane, памерла 20 лютага 1999), ангельскі драматург. Асноўная тэматыка яе твораў – любоў, смерць, сэкс, гвалт і вар’яцтва. Яе першая п’еса “Падарваныя” (Blasted, 1995) з апісаннем анальнага згвалтавання, канібалізму і іншых праяваў чалавечай жорсткасці зрабілася найвялікшым тэатральным скандалам з часоў сцэны забівання дзіцяці камянямі ў п’есе Эдварда Бонда. Тэатральныя крытыкі накінуліся на маладога драматурга, назваўшы яе п’есу “агіднай”, а прагляд пастаноўкі – “акунаннем галавы ў памыйнае вядро”. Але “Падарваныя” атрымалі добрыя водгукі ад ангельскіх драматургаў Марціна Крымпа, Гаральда Пінтэра (у далейшым яе сябра) і Кэрыл Чэрчыль. 20 лютага 1999 году Сара Кейн павесілася ў псіхіятрычнай клініцы, пакутуючы на маніякальна-дэпрэсіўны сіндром.