№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 1 сакавіка

  • 1875

    Памёр ад сухотаў Трыстан Карб’ер (фр. Tristan Corbière, нар. 18 ліпеня 1845), французскі паэт-сімваліст, адзін з “выклятых паэтаў”. У 1873 годзе Карб’ер выдае на грошы свайго бацькі адзіную кнігу вершаў Les Amours jaunes (даслоўна “Жоўтае каханне” – назва, складзеная з аналогіяў з французскімі выразамі “жоўты гнеў” – моцная ярасць – і “жоўтая ўсмешка” – усмешка крывая, вымушаная). Зборнік быў цалкам незаўважаны ў Парыжы. У жніўні 1883 году, пасля смерці Карб’ера ў парыжскім літаратурным штотыднёвіку “Лютэцыя” з'явіўся нарыс Поля Вэрлена, прысвечаны творчасці Карб’ера, які зрабіўся першым у серыі вэрленаўскіх артыкулаў пра “выклятых паэтаў”. Глыбокі ўплыў вершаў Карб’ера знаходзяць у творчасці Т. С. Эліята.

  • 1878

    Нарадзіўся Андрыс Герардус Вісэр (афр. Andries Gerhardus Visser, памёр 1 сакавіка 1929), адзін з самых значных паўднёваафрыканскіх паэтаў, што пісалі на афрыкаанс. Пры жыцці паэта выйшла два зборнікі яго вершаў: “Вершы” (Gedikte, 1925) і “Ружа памяці” (Rose van herinnering, 1927). Пасмяротна, у 1930 годзе, з’явіліся яшчэ два зборнікі — “Пурпуровы касач” (Die purper iris) і “З нашай ранняй маладосці” (Uit ons prille jeug). 1 сакавіка 1978 г. ПАР шырока адзначыла стогадовы юбілей Вісэра, прызнанага нацыянальным паэтам. На беларускую мову вершы А. Г. Вісэра перакладала Ганна Янкута.

  • 1892

    Нарадзіўся Руноскэ Акутагава (яп. 芥川 龍之介, памёр 24 ліпеня 1927), японскі пісьменнік. У дваццаць сем гадоў Акутагава ўжо быў аўтарам трох зборнікаў апавяданняў, кожны з якіх меў шумны поспех. У 1925 годзе ягонай кнігай распачалася шматтомная серыя “Збор сучасных твораў”. Такая інтэнсіўнасць літаратурнай працы не найлепшым чынам адбівалася на фізічным стане, псіхіцы пісьменніка. Да таго ж, Акутагаву палохала тое, што ён атрымаў у нядобрую спадчыну ад маці псіхічную хваробу, якая зрабіла яе вар'яткай. Але інакш ён жыць не мог – мастацтва, літаратура былі для яго і сэнсам, і апраўданнем жыцця. Пра гэта яго знакамітыя словы: “Чалавечае жыццё не каштуе і аднаго радка Бадлера”. Ва ўзросце трыццаці пяці гадоў Руноскэ Акутагава прыняў смяротную дозу вераналу. На беларускую мову Акутагаву перакладаў Уладзімір Шатон.

  • 1917

    Нарадзіўся Роберт Лоўэл (анг. Robert Lowell, памёр 12 верасня 1977), амерыканскі паэт, драматург, літаратурны крытык, прадстаўнік “спавядальнай” паэзіі. За сваю другую кнігу паэзіі “Замак Лорда Ўіры” (Lord Weary's Castle) у 1947 годзе ён атрымаў Пулітцэраўскую прэмію і ў той жа год зрабіўся паэтам-лаўрэатам ЗША. Паступова ён адмаўляўся ў сваёй паэзіі ад традыцыйнага памеру і рытму. Яму ўдалося выпрацаваць свой непаўторны паэтычны голас, і яго вершы сталі прыкладам для так званай “спавядальнай паэзіі”. Сярод іншых прадстаўнікоў гэтага літаратурнага кірунку – Сільвія Плат і Эн Сэкстан. Другую Пулітцэраўскую прэмію Лоўэл атрымаў за зборнік “Дэльфін” (The Dolphin) у 1974 годзе. Паэт памёр ад сардэчнага прыступу ў нью-ёркскай таксоўцы.

  • 1933

    Памёр Уладзімір Жылка, беларускі паэт, перакладчык і крытык (нар. 27 траўня 1900). Дэбютаваў у друку з вершамі ў заходнебеларускіх выданнях “Беларускія ведамасці”, “Наша думка”, “Наша будучыня”, “Новае жыццё”. Аўтар паэмы “Уяўленне” (Вільня, 1923), зборнікаў вершаў “На ростані” (Вільня, 1924), “З палёў Заходняй Беларусі” (Мінск, 1927), “Вершы” (Мінск, 1970), зборніка “Пожні” (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, Мінск, 1986). На беларускую пераклаў “Слова пра Якуба Шэлю” Б. Ясенскага (1932), асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсэна, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.

  • 1936

    Памёр Міхаіл Кузмін (руск. Михаил Кузмин), рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык, кампазітар (нар. 18 кастрычніка 1872, хаця сам сцвярджаў, што 1875). “Ён – стараабраднік. Яго бабуля – габрэйка. Ён вучыўся ў езуітаў. Ён служыў <…> у мучным лабазе. У Парыжы ён танчыў канкан з мадэлямі Тулуз-Латрэка. Ён насіў вярыгі і правёў два гады паслушнікам у італьянскім кляштары. У Кузміна – звышнатуральныя “візантыйскія вочы”. Кузмін – пачвара. Як спалучаць усё гэта?” (І. Адоеўцава, “На берагах Нявы”). У 1920-х Кузмін зарабляў перакладамі, кормячы, апроч сябе, сваю маці і блізкага сябра Юрыя Юркуна. Перакладаў шмат і рознае, але прызнаваўся, што найбольш любіць антычнасць і XVIII стагоддзе. У 1929 годзе у перакладзе Кузміна на рускую выйшаў раман Апулея "Метамарфозы", які перавыдаецца да сёння.

  • 1936

    Нарадзілася Лідзія Савік, беларускі літаратуразнаўца, крытык. Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага “Творы” (1984), С. Баранавых “Новая дарога” (1989), Б. Мікуліча “Аповесць для сябе” (1993) і інш. Даследуе таксама эмігранцкую беларускую літаратуру. Апублікавала нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага. Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Марціновіча, А. Кудраўца, Я. Сіпакова, В. Карамазава, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, І. Мележа, У. Караткевіча, А. Асіпенкі, Б. Сачанкі, Я. Скрыгана, Л. Геніюш.

  • 1938

    Памёр Габрыэле д’Анунцыё (іт. Gabriele d'Annunzio, сапр. Гаэтана Рапаньета; нар. 12 сакавіка 1863), італьянскі паэт, празаік, драматург і палітычны дзеяч. У сваіх раманах, вершах і драмах д’Анунцыё выяўляў дух рамантызму, гераізму, эпікурэйства, эратызму, патрыятызму. Паўплываў на рускіх акмеістаў. Да пачатку Першай сусветнай вайны ён быў найбольш вядомым і папулярным італьянскім пісьменнікам. З 1919 году пачаў падтрымліваць Мусаліні. Д’Анунцыё вітаў ваенныя акцыі італьянскага фашызму, славіў яго каланіяльныя захопы (зборнікі артыкулаў і выступленняў “Трымаю цябе, Афрыка”, 1936), хаця ў 1921 – 1922 гг. ён і спрабаваў стварыць свой цэнтр палітычнай сілы, які канкураваў бы з фашысцкім. За фашызмам у 1924 атрымаў тытул князя, у 1937 узначаліў Каралеўскую акадэмію навук. Памёр ад апакалептычнага ўдару, і рэжым Мусаліні зладзіў яму шыкоўнае пахаванне.

  • 1971

    Памёр Клэйтан Роўсан (анг. Clayton Rawson, нар. 15 жніўня 1906), амерыканскі пісьменнік, аўтар дэтэктываў, рэдактар дэтэктыўных газет, ілюзіяніст-аматар. Час, калі Роўсан пісаў свае творы, прыпадае на залаты век дэтэктыву (1930-я). Галоўны герой многіх дэтэктываў Роўсана — ілюзіяніст Вялікі Мерліні, які фігуруе ў чатырох яго раманах і дванаццаці навелах.

  • 1982

    Памёр Хары Кульман (шведск. Harry Kullman, нар. 22 лютага 1919), шведскі дзіцячы пісьменнік. Пісаў стакгольмскія гісторыі, прыгодніцкія творы пра Дзікі Захад і гістарычныя апавяданні. Кульман атрымаў некалькі літаратурных узнагародаў на радзіме, у тым ліку медаль Нільса Хольгерсана і прэмію імя Астрыд Ліндгрэн.