Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Наваліс (ням. Novalis, сапр. Фрыдрых фон Гардэнберг, памёр 25 сакавіка 1801), нямецкі празаік, паэт, містык, прадстаўнік нямецкага рамантызму. Уласную філасофію “магічнага ідэалізму” развіваў у паэтычна-філасофскіх “Фрагментах” (1798), аповесці “Вучні ў Саісе” (Die Lehrlinge zu Sais, 1800). Іх асноўная ідэя: свет навукі — штучны, рэчаіснасць спасцігаецца не розумам, а адчуваннем. Самая значная праца — незавершаны раман-міф “Генрых фон Афтэрдзінген” (Heinrich von Ofterdingen, выд. 1802), у якім ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта. Памёр ва ўзросце 29 гадоў ад сухотаў. На беларускую мову Наваліса перакладаў Лявон Баршчэўскі.
Памёр Альфрэд дэ Мюсэ (фр. Alfred de Musset, нар. 1 снежня 1810), французскі паэт, раманіст, драматург. Акрамя паэтычных твораў вядомы як аўтар аўтабіяграфічнага рамана “Споведзь сына стагоддзя” (Confession d’un enfant du siècle, 1836). На творчасць паэта ў значнай ступені паўплывала каханне да французскай пісьменніцы Жорж Санд.
Нарадзіўся Джэром Клапка Джэром (анг. Jerome Klapka Jerome, памёр 14 чэрвеня 1927), ангельскі пісьменнік і гумарыст, больш за ўсё знакаміты дзякуючы гумарыстычнай кнізе-падарожжу “Трое ў лодцы” (Three Men in a Boat, 1889), напісанай адразу пасля вяртання з мядовага месяца, праведзенага на Тэмзе. Таксама вядомы яго зборнік эсэ “Марныя думкі гультая” (Idle Thoughts of an Idle Fellow, 1886), мемуары “Маё жыццё і эпоха” (My Life and Times, 1926), раман “Трое на чатырох колах” (Three Men on the Bummel, 1898) — працяг знакамітага твора, поспех якога пісьменнік не змог паўтарыць. Ва ўзросце 56 гадоў паспрабаваў пайсці добраахвотнікам на фронт, але ў брытанскім войску яму адмовілі, і ён паступіў кіроўцам хуткай дапамогі ў французскую армію. Рэдактар гумарыстычнага часопіса для мужчын “Гультай” (Idler).
Нарадзіўся Готфрыд Бэн (ням. Gottfried Benn, памёр 7 ліпеня 1956), нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва. Бэн атрымаў вядомасць паэта-экспрэсіяніста яшчэ да Першай сусветнай вайны, выдаўшы невялікі зборнік вершаў “Морг і іншыя вершы” (Morgue und andere Gedichte, 1912), дзе выкарыстаў вобразы, звязаныя з гніеннем трупаў, за што падвяргаўся нападкам з боку маралістаў. Бэн быў улучаны ў склад паэтычнай секцыі прускай Акадэміі ў 1932 годзе і прызначаны яе кіраўніком ў лютым 1933-га. Аднак ён не апраўдаў чаканняў нацыянал-сацыялістаў, за што быў выключаны з яе ў чэрвені таго ж году. Ашаломлены “Ноччу доўгіх нажоў”, Бэн адразу ж адмовіўся ад нацысцкай ідэалогіі. У траўні 1936 году корпус часопіса SS Das Schwarze прызнаў яго экспрэсіянісцкую і эксперыментальную паэзію выраджэнскай, габрэйскай і гомасэксуальнай. 1938 годзе Нацыянал-сацыялістычная асацыяцыя аўтараў (Reichsschrifttumskammer) забараніла Бэну пісаць. Пасля вайны саюзнікі забаранілі яго творы праз яго першапачатковую падтрымку Гітлера. Доўгая творчая паўза скончылася ў 1948 годзе, калі Бэн выдаў зборнік “Статычныя вершы” (Statische Gedichte), а на наступны год — сюррэалістычны раман “Пталямеец” (Der Ptolemäer: Berliner Novelle 1947). Падрабязней пра аўтара можна пачытаць тут, яго верш “Gedichte” пераклала на беларускую Кацярына Маціеўская.
Нарадзілася Заэ Вальдэс (гішп. Zoé Valdés), кубінская пісьменніца, грамадзянка Гішпаніі. Аўтар больш як 10 раманаў, самыя вядомы з якіх — “Паўсядзённыя дробязі” (La nada cotidiana, 1995), “Кавярня “Настальгія” (Café Nostalgia, 1997), “Вечнасць моманту” (La eternidad del instante, 2004), інш. Лаўрэатка шматлікіх лацінаамерыканскіх літаратурных прэмій.
Памёр Веньямін Каверын (руск. Вениамин Каверин, сапр. Зільбер; нар. 19 красавіка 1902), рускі савецкі пісьменнік. Творчы псеўданім узяты ў гонар гусара П. П. Каверына, прыяцеля маладога Пушкіна, вядомага гулякі і задзіры. Найбольш вядомыя творы — раманы “Исполнение желаний” (2 кн., 1935 — 1936), “Два капитана” (кн. 1-2, 1938 — 1944), трылогія “Открытая книга” (1953 — 1956). Два апошніх творы неаднаразова экранізаваліся, а за “Двух капітанаў” пісьменнік атрымаў Сталінскую прэмію другой ступені (1946). Магчыма, гэта ўратавала яго ад рэпрэсій. Каверын дамагаўся літаратурнай рэабілітацыі Тынянава і Булгакава, выступаў у абарону Даніэля і Сіняўскага, падтрымліваў Салжаніцына.