№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 13 чэрвеня

  • 1865

    Нарадзіўся Ўільям Батлер Ейтс (анг. William Butler Yeats, памёр 28 студзеня 1939), ірландскі паэт і драматург, адзін з найбуйнейшых літаратараў ХХ стагоддзя, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1923). У маладосці, акрамя літаратуры, Ейтс моцна зацікавіўся акультызмам і разам са сваімі сябрамі арганізаваў Герметычнае таварыства для вывучэння магіі і ўсходняй рэлігіі. А ў 1925 выдаў плён сваіх шматгадовых развагаў — кнігу “Бачанне” (A Vision), у якой звязвае этапы развіцця чалавечага духу з фазамі Месяца. На беларускую мову творы Ейтса перакладалі Андрэй Хадановіч, Антон Францішак Брыль, Ганна Янкута.

  • 1888

    Нарадзіўся Фэрнанду Пэсоа (парт. Fernando Pessoa, памёр 30 лістапада 1935), найбуйнейшы партугальскі паэт XX стагоддзя. Пісаў творы на партугальскай і ангельскай мовах, падпісваючыся рознымі гетэронімамі, якіх некаторыя даследнікі налічваюць не менш за 72 імені, кожны са сваім уласным голасам, біяграфіяй і эстэтычнай праграмай. Найбольш вядомыя з іх — Алвару ды Кампуш, Рыкарду Рэйш і Албэрту Каэйру. Пісаў па-партугальску і па-ангельску (да 17 гадоў жыў у Паўднёвай Афрыцы). На беларукую мову творы Пэсоа перакладалі Наста Гвоздзева, Кацярына Маціеўская, Андрэй Стэфановіч, Ганна Янкута, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева.

  • 1893

    Нарадзілася Дораці Сэерс (анг. Dorothy Leigh Sayers, памерла 17 снежня 1957), ангельская пісьменніца, філолаг, драматург і перакладчык. Была адным з заснавальнікаў Дэтэктыўнага клуба (арганізацыі брытанскіх пісьменнікаў, аўтараў дэтэктыўнага жанру, што была створаная ў Лондане ў 1920-х гадах і існуе да сёння), у які ўваходзілі Агата Крысці, Г. К. Чэстэртан, Эдмунд Бэнтлі, Роналд Нокс і інш. Літаратурная кар'ера Дораці Сэерс пачалася ў 1916 годзе публікацыяй зборніка вершаў пад назвай “Op I”. У 1923 яна апублікавала свой першы дэтэктыўны раман пад назвай “Чыё цела?” (Whose Body?), у якім упершыню з'явіўся галоўны герой яе адзінаццаці дэтэктыўных раманаў і мноства апавяданняў, арыстакрат і дэтэктыў-аматар лорд Пітэр Ўімзі. У ліку перакладаў Сэерс — “Трыстан ў Брэтані” (Tristan in Brittany, Being Fragments of the Romance of Tristan, Written in the Twelfth Century by Thomas the Anglo-Norman, 1929) і “Песня пра Раланда” (1957). Галоўная яе перакладчыцкая праца — “Боская камедыя” Дантэ. У 1949 быў апублікаваны пераклад “Пекла”, у 1955 — “Чыстца”. Праца выклікала самыя разнастайныя, часам дыяметральна супрацьлеглыя ацэнкі. Раптоўная смерць ад сардэчнай недастатковасці перапыніла працу Сэерс над перакладам “Рая”. Пазней гэты пераклад скончыла яе калега і сяброўка Барбара Рэйналдс.

  • 1912

    Нарадзіўся Гектар дэ Сэн-Дэні Гарно (фр. Неctor de Saint-Denys Garneau, памёр 24 кастрычніка 1943), канадскі паэт, пісаў на французскай мове. Аўтар адзінага зборніка вершаў “Пагляды й гульні ў прасторы” (Regards et jeux dans l'espace, 1937), які пры жыцці паэта не быў заўважаны і быў адкрыты спецыялістамі толькі ў 1960-я. Лічыцца своеасаблівым перадвеснікам квебекскага літаратурнага адраджэння 1950-х.

  • 1917

    Нарадзіўся Аўгуста Роа Бастас (гішп. Augusto Roa Bastos, памёр 26 красавіка 2005), парагвайскі пісьменнік. Бацька яго быў індзейцам гуарані, маці паходзіла з Партугаліі. На Чакскай вайне пісьменнік служыў санітарам на фронце, і досвед гэтай службы лёг пасля ў аснову рамана “Сын чалавечы” (Hijo de hombre, 1960), рамана, які разам з іншымі запачаткаваў сусветны бум лацінаамерыканскай раманістыкі. Найбольш вядомы твор Роа Бастаса — антыдыктатарскі раман “Я, Вярхоўны” (Yo, el Supremo, 1974). Доўгі час жыў за межамі свае краіны, аднак пасля падзення дыктатуры Стрэснера змог туды вярнуцца.

  • 2005

    Памёр Эўжэнію ды Андрады (парт. Eugénio de Andrade, сапр. Жузэ Фантыньяш Рату; нар. 19 студзеня 1923), партугальскі паэт, перакладчык. Лаўрэат нацыянальных і міжнародных узнагародаў, сярод якіх і прэмія Камоэнша (2001). Слава да паэта прыйшла з выхадам зборніка вершаў “Рукі і плады” (As Mãos e os Frutos, 1948). Яго вершы перакладзеныя на большасць еўрапейскіх моваў. Сам паэт перакладаў на партугальскую творы Сапфо, Лоркі, Вальехі, Рыцаса, Борхеса.