Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзілася Шарлота Пэркінс Гілман (анг. Charlotte Perkins Gilman, памерла 17 жніўня 1935), амерыканская пісьменніца, эканаміст, выкладчык і ранні тэарэтык фемінісцкага руху, аўтарка больш чым двухсот апавяданняў і прыкладна дзесяці раманаў. Самы вядомы яе твор — апавяданне “Жоўтыя шпалеры”, якое на беларускую мову пераклала Юля Цімафеева.
Нарадзіўся Франц Кафка (ням. Franz Kafka, памёр 3 чэрвеня 1924), адзін з найвыбітнейшых нямецкамоўных пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Першай мовай Франца Кафкі была нямецкая, але пры гэтым ён вельмі добра валодаў чэшскай. Пазней ён заняўся вывучэннем французскай і адным з самых любімых сваіх аўтараў лічыў Гюстава Флабэра. Цікавасць да мовы ідыш і культуры ўсходнееўрапейскіх габрэяў прачнулася ў яго ў дваццацігадовым узросце, а вывучаць іўрыт Кафка пачаў толькі ў канцы жыцця. Стаўленне да сваіх каранёў ён выказаў у дзённіку: “Што ў мяне агульнага з габрэямі? Я ледзь знаходжу нешта агульнае з самім сабой, а таму павінен ціхенька стаяць у куце і радавацца, што хаця б дыхаю”. Творы Ф. Кафкі на беларускую мову перакладаў Л. Баршчэўскі: у 1996 годзе ў яго перакладах выйшаў зборнік Кафкі "Прысуд: Апавяданні і мініяцюры", асобныя пераклады можна знайсці тут і тут.
Нарадзіўся Рыгор Бярозкін (памёр 1 снежня 1981), беларускі літаратар, крытык, журналіст. У канцы 1950 — пачатку 1960-х г. шмат публікаваўся, імкнуўся аднавіць імёны рэпрэсаваных паэтаў. Пісаў на беларускай, рускай, ідышы.
Памёр Тадэвуш Бароўскі (польск. Tadeusz Borowski, нар. 12 лістапада 1922), польскі пісьменнік. Вучыўся ў падпольным Варшаўскім універсітэце на аддзяленні паланістыкі, дзе пазнаёміўся за сваёй будучай жонкай Марыяй Рунда. Дэбютаваў у 1942 годзе зборнікам вершаў “Паўсюль, дзе зямля” (Gdziekolwiek ziemia), надрукаваным на ручным гектографе ў падпольнай тыпаграфіі. У 1943 годзе падчас адной з аблаваў знікла Марыя, каханая Тадэвуша. Бароўскі кінуўся яе шукаць і на адной з канспірацыйных кватэраў трапіў у засаду. Яго арыштавалі і завезлі ў вязню Павяк, а праз некаторы час — у Асвенцым. Праз некалькі месяцаў ён моцна захварэў і трапіў у асвенцымскі лазарэт, дзе, паправіўшыся, змог з дапамогай сяброў застацца. Ён спрабуе наладзіць сувязь з нявестай, якая ўтрымліваецца непадалёк, але ў значна горшых умовах, перадае ёй лекі. Хутка ён пакідае лазарэт і ўладкоўваецца ў лагерныя страхары, каб мець мажлівасць часцей бачыцца з Марыяй. У жніўні 1944 году яго перавозяць у канцлагер углыб Германіі, спачатку пад Штутгарт, пасля ў Дахаў. 1 траўня 1945 Дахаў быў вызвалены Сёмай амерыканскай арміяй, і Бароўскі апынуўся ў лагеры для перамешчаных асобаў пад Мюнхенам. Хутка ён пераязджае ў Мюнхен і атрымлівае працу ў Бюро пошукаў родных пры камітэце польскага Чырвонага Крыжа. Тадэвуш спрабуе знайсці сваю нявесту і праз некалькі месяцаў знаходзіць яе, моцна хворую, у Швецыі, але сустрэцца ў іх не атрымліваецца. У гэты час ён піша шмат вершаў, а таксама разам з Крысцінам Альшэўскім і Янушам Нэль-Сядлецкім — дакументальную кнігу “Мы былі ў Асвенцыме” (1946). Толькі ў чэрвені 1946 году Бароўскі вяртаецца ў Варшаву. Там ён урэшце сустракаецца з нявестай, і яны жэняцца. Бароўскі рэзка закідвае паэзію і бярэцца за прозу. У 1948 годзе выходзіць зборнік яго апавяданняў “Развітанне з Марыяй”. Кніга выклікала ў многіх крытыкаў і чытачоў шок і неразуменне. Аднаго з герояў апавяданняў Бароўскага — чалавека някепскага па прыродзе, але які навучыўся любымі шляхамі выжываць у лагерах, пачалі атаясамліваць з аўтарам. У тым жа годзе выйшла яшчэ адна кніга — цыкл кароткіх навэлаў “Каменны свет”. У 1950 годзе асноўная яго ўвага аддадзеная палітыцы і публіцыстыцы — уласная творчасць адыходзіць на другі план. Яго самазабойства праз некалькі дзён пасля нараджэння дачкі, калі Бароўскі атруціўся газам, — дагэтуль застаецца неразгаданай таямніцай. Бароўскі лічыцца адным з самых значных польскіх празаікаў паваеннага дзесяцігоддзя, творчасць якога значна паўплывала на наступныя пакаленні пісьменнікаў. Яго сябра Тадэвуш Дрэўноўскі напісаў пра яго некалькі кніг, сярод якіх біяграфія “Уцёкі з каменнага свету” (Ucieczka z kamiennego świata, 1962), а таксама выдаў яго эпісталярную спадчыну. На беларускую мову цыкл мемуарных апавяданняў Бароўскага “Экзамен на Гандлёвай” (Matura na Targowej) пераклала Ганна Янкута, а апавяданне “Вячэра” (Kolacja) — Уладзь Лянкевіч.
Памёр Аляксандр Волкаў (руск. Александр Волков, нар. 14 ліпеня 1891), рускі пісьменнік, перакладчык і матэматык. Найбольшую вядомасць Волкаву прынесла серыя дзіцячых кніг пра Чароўную Краіну. Першая з іх, “Чараўнік Смарагдавага горада”, была заснаваная на творы “Цудоўны Чараўнік краіны Оз” Лаймэна Фрэнка Баўма. Волкаў выдаліў некаторыя раздзелы, дапісаў новыя, дадаў шмат уласных элементаў, а таксама змяніў імёны герояў. Бліжэй да 1960-x гадоў кніга зрабілася вельмі папулярнай у Савецкім Саюзе, і Волкаў напісаў некалькі ўласных працягаў, першы з іх — “Урфін Джус і яго драўляныя жаўнеры” (1963), а апошні — “Таямніца закінутага замка”, надрукаваны ў 1982 годзе ўжо пасля смерці аўтара. Як і першая кніга, працягі карысталіся вялікай папулярнасцю ў дзіцячым асяродку. Кнігі Волкава былі перакладзеныя на шэраг моваў. На тэрыторыі былой Усходняй Германіі і іншых краінаў былога савецкага лагеру, а таксама ў Кітаі яны вядомыя больш за кнігі Баўма.
Нарадзілася Дарота Маслоўска (польск. Dorota Masłowska), польская пісьменніца і журналістка, адна з найпапулярнейшых маладых пісьменніц Польшчы. Яе першы раман “Руска-польская вайна пад бела-чырвоным сцягам” атрымаў самыя станоўчыя водгукі і амаль адразу зрабіўся бэстсэлерам (было выдадзена больш за 120 тыс. асобнікаў). “Вайна...”, якая выйшла ў 2002 годзе, калі аўтарцы было 19, у рэкламе акрэсленая як першы польскі гопніцкі раман, перакладзеная на мноства еўрапейскіх моваў.