Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Ферэнц Кёльчэй (венг. Kölcsey Ferenc, памёр 24 жніўня 1838), венгерскі паэт-рамантык, аўтар венгерскага нацыянальнага гімну “Божа, блаславі мадзьяраў” (Isten, áldd meg a magyart). Адзін з самых значных прадстаўнікоў венгерскай літаратуры пачатку ХІХ ст., істотна паўплываў на яе развіццё. Разам са сваім сябрам Ферэнцам Казінцы вёў барацьбу за адраджэнне венгерскай літаратуры і венгерскай мовы.
Нарадзіўся Панцеляймон Куліш (укр. Пантелеймон Куліш, памёр 14 лютага 1897), украінскі празаік, паэт, фалькларыст, этнограф, перакладчык, крытык, рэдактар, гісторык, выдавец. Стваральнік “кулішоўкі” — адной з ранніх версіяў украінскага алфавіту. Адзін з найбуйнейшых дзеячаў украінскага адраджэння, па папулярнасці супернічаў са сваім даўнім сябрам Т. Шаўчэнкам, аднак больш памяркоўныя пазіцыі Куліша па палітычных пытаннях і асабліва яго негатыўнае стаўленне да казацкага руху прывялі да старты ім папулярнасці сярод украінафілаў. За савецкім часам Куліш практычна не згадваўся ў школьным курсе ўкраінскай літаратуры. Па словах І. Франка, “Чорная рада” (“Чорна рада”, 1857) — найлепшы гістарычны твор ва ўкраінскай літаратуры.
Нарадзіўся Ладзіслаў Кліма (чэшск. Ladislav Klíma, памёр 19 красавіка 1928), чэшскі філосаф, празаік, паэт і драматург. Найбольшая частка філасофскіх поглядаў пісьменніка адлюстраваная ў яго кнізе “Свет як свядомасць і нішто” (Svět jako vědomí a nic), а самым яго знакамітым творам лічыцца раман “Пакуты князя Штэрненгоха” (Utrpení knížete Sternenhocha). Шматлікія рукапісы Ладзіслава Кліма былі адрэдагаваныя і выдадзеныя ўжо пасля яго смерці, уключна з яго апавяданнямі і лістамі. Шмат што Кліма знішчыў сам. Яго апавяданне “Што пасля смерці” (Jak bude po smrti) на беларускую мову пераклаў Макс Шчур. Неўзабаве мае выйсці кніга перакладаў твораў Л. Кліма.
Нарадзілася Сара Тысдэйл (анг. Sara Teasdale, памерла 29 студзеня 1933), амерыканская паэтка. Самы вядомы яе верш — “There will come soft rains...”. Існуе чатыры пераклады гэтага верша на беларускую мову (А. Арцёмаў, А. Пятровіч, А. Стэфановіч і Г. Янкута). Падборку вершаў Сары Тысдэйл па-беларуску можна знайсці тут.
Нарадзілася Ніна Берберава (руск. Нина Берберова, памерла 26 верасня 1993), руская паэтка, аўтарка ўспамінаў, жонка Уладзіслава Хадасевіча. Аўтарка кніг “Жалезная жанчына” (“Железная женщина”, 1981), “Курсіў мой” (“Курсив мой”, 1969 — па-ангельску, 1972 — па-руску). Імем Берберавай названая плошча (фр. place Nina Berberova) у французскім горадзе Арль, на якой знаходзіцца выдавецтва Actes Sud, пастаянным аўтарам якога яна была.
Нарадзіўся Эміліян Букаў (рум. Emilian Radu Bucov, памёр 17 кастрычніка 1984), малдаўскі паэт, празаік, перакладчык і грамадскі дзеяч, народны паэт Малдовы (1982). Аўтар казкі ў вершах “Андрыеш”, па якой зняў аднайменны фільм С. Параджанаў. Перакладаў на малдаўскую мову творы Т. Шаўчэнкі.
Нарадзіўся Юрый Казакоў (руск. Юрий Казаков, памёр 29 лістапада 1982), рускі празаік. У яго гонар заснаваная літаратурная прэмія за найлепшае апавяданне.
Нарадзіўся Юстайн Гордэр (нарв. Jostein Gaarder), нарвежскі пісьменнік і публіцыст, аўтар раманаў, апавяданняў і кніг для дзяцей. Творы Гордэра перакладзеныя на шматлікія мовы свету і выдадзеныя ў розных краінах агульным накладам у дзясяткі мільёнаў асобнікаў. Самы вядомы твор Гордэра — раман “Свет Сафіі” (Sofies Verden, 1991) з падзагалоўкам “Аповед пра гісторыю філасофіі”. Гэты раман быў перакладзены на 53 мовы, колькасць надрукаваных асобнікаў дасягае 30 млн.
Нарадзіўся Клаўс Эбнер (ням. Klaus Ebner), аўстрыйскі празаік і паэт. Піша на нямецкай і каталанскай мовах. Аўтар шэрагу літаратурных прэмій, сярод якіх — Wiener Werkstattpreis (2007), Feldkircher Lyrikpreis (2005) і інш.
Памёр Вісарыён Гарбук (нар. 11 лістапада 1913), беларускі пісьменнік. Быў арыштаваны ў 1936 і высланы на Калыму, вызвалены ў 1940. Першы зборнік апавяданняў выйшаў у 1963 г. у Мінску. Перакладаў на беларускую мову казкі народаў Паўночнага Каўказа (зборнік “Напітак волатаў”, Мн., 1969). У 1971 г. паводле яго апавядання “Твар у палоску” быў зняты тэлефільм.
Памёр Леанід Леонаў (руск. Леонид Леонов, нар. 31 траўня 1899), рускі празаік, драматург, мемуарыст і грамадскі дзеяч. Аўтар раманаў “Барсукі” (“Барсуки”, 1924), “Злодзей” (“Вор”, 1927, новая рэдакцыя 1959, перапрацоўваў да 1990), “Рускі лес” (“Русский лес”, 1953, адным з першых у рускай літаратуры закрануў экалагічную праблематыку), аповесці “Evgenia Ivanovna” аб рускай эміграцыі (1938, не дапушчаная да друку; канчатковая рэдакцыя і публікацыя — 1963).