Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Гіём Апалінэр (фр. Guillaume Apollinaire, памёр 9 лістапада 1918), французскі паэт, празаік, крытык, наватар, пачынальнік сюррэалізму, адзін з найбольш уплывовых дзеячаў мастацтва пачатку ХХ ст. Маці паэта Анжаліка Кастравіцкая была дачкой афіцэра расійскага войска Міхала Апалінара Кастравіцкага. Родавы маёнтак Кастравіцкіх знаходзіўся на Беларусі і быў сканфіскаваны ў дзеда паэта за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў, пасля якога той быў вымушаны эміграваць. Вершы Апалінэра на беларускую мову перакладалі З. Колас, А. Хадановіч, У. Лянкевіч, Л. Дранько-Майсюк, Л. Баршчэўскі, К. Маціеўская, А. Стэфановіч, прадмову да п’есы “Грудзі Тырэсія”, у якой упершыню прагучаў тэрмін “сюррэалізм”, пераклала К. Маціеўская, шэраг апавяданняў пераклалі А. Асташонак і Л. Баршчэўскі.
Нарадзіўся Крыстафер Ішэрвуд (анг. Christopher William Bradshaw Isherwood, памёр 4 студзеня 1986), англа-амерыканскі пісьменнік. Самы знакаміты твор Ішэрвуда “Бывай, Берлін!” улучае ўспаміны пра даваенную Германію, на аснове кнігі былі знятыя фільмы “Кабарэ” і “Крыстафер і такія, як ён”. У 1970-я гады ён стаў актыўным змагаром за правы сэксуальных меншасцяў.
Нарадзіўся Хуліё Картасар (гішп. Julio Cortázar, сапр. Хулес Фларэнсіё Картасар; памёр 12 лютага 1984), аргентынскі празаік і паэт. У 1938 годзе дэбютаваў паэтычным зборнікам “Прысутнасць” (Presencia), але надалей вершаў больш не публікаваў, хаця пісаў іх усё жыццё. Найбольш вядомы як празаік, аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў (казаў, што “раман заўсёды выйграе па ачках, а апавяданне мусіць перамагчы накаўтам) і раманаў, з якіх найбольшую славу яму прынеслі “Гульня ў класікі” (Rayuela, 1963) і “62. Мадэль для зборкі” (62, modelo para armar, 1968). Пахаваны на парыжскіх могілках Манпарнас.
Памерла Сафія Парнок (руск. София Парнок, сапр. Парнох, нар. 11 жніўня 1885), руская паэтка і перакладчыца. У яе некралогу У. Хадасевіч напісаў: “Ёю было выдадзена шмат кніг, невядомых шырокай публіцы — тым горш для публікі”. Парнок выпусціла шэраг зборнікаў: Ружы Піерыі” (“Розы Пиерии”, 1922), “Лаза” (“Лоза”, 1923), “Музыка” (1926), “Напаўголасу” (“Вполголоса”, 1928), прычым апошні — накладам усяго 200 асобнікаў. Менавіта яна ўпершыню назвала “вялікую чацверку” постсімвалісцкай паэзіі — Пастарнак, Цвятаева, Ахматава, Мандэльштам. Сафіі Парнок прысвечаны цыкл вершаў Марыны Цвятаевай “Сяброўка” (“Подруга” — “Под лаской плюшевого пледа...”). Сястра выбітнага рускага перакладчыка Валянціна Парнаха.
Памёр Франц Верфель (ням. Franz Werfel, нар. 10 верасня 1890), аўстрыйскі паэт, раманіст і драматург. Лаўрэат прэмій Франца Грыльпарцэра (1926), Дзяржаўнай прэміі Чэхаславакіі (1927), прэміі Шылера (1930).
Памёр Георгій Іванаў (руск. Георгий Иванов, нар. 10 лістапада 1894), рускі паэт, празаік, перакладчык, адзін з найбуйнейшых паэтаў рускай эміграцыі. Пачаў выдавацца ў 1910 годзе, зрабіўся сталым супрацоўнікам часопіса “Апалон”, з 1917 году — сябра “Цэху паэтаў”. 26 верасня 1922 году выехаў у Германію, адкуль потым разам з жонкай, паэткай Ірынай Адоеўцавай, пераехаў у Парыж. Памёр у нястачы. У апошнія дзесяцігоддзі значнасць Іванава як паэта была сур’ёзна перагледжаная, і з 1989 году творы паэта выдаюцца на яго радзіме.
Памёр Міка Валтары (фінск. Mika Toimi Waltari, нар. 19 верасня 1908), фінскі пісьменнік, вядомы перадусім дзякуючы гістарычнаму раману “Сінухе-егіпцянін” (поўная назва “Жыццяпіс Сінухе, лекара фараона Эхнатона і Неферціці, за гады 1390—1335 да н. э., у пятнаццаці папірусах, напісаных ім самім”, 1945), перакладзеным на беларускую мову Якубам Лапаткам (2006).
Памерла Іма фон Бадмерсхоф (ням. Imma von Bodmershof, нарадзілася 10 жніўня 1895), аўстрыйская пісьменніца. Была знаёмая з Рыльке і гуртком Стэфана Георге. З 1937 друкавала раманы і апавяданні. У 1962 выйшаў яе першы зборнік хайку. Лаўрэатка аўстрыйскай дзяржаўнай літаратурнай прэміі Großer Österreichischer Staatspreis.
Памёр Ірвінг Стоўн (анг. Irving Stone, нар. 14 ліпеня 1903), амерыканскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў біяграфічнага рамана, аўтар раманаў пра жыццё Ван Гога, Джэка Лондана, Зігмунда Фройда, Чарлза Дарвіна і іншых. Паводле словаў Стоўна, пісьменнікам ён зрабіўся дзякуючы раману Лондана “Марцін Ідэн”.
Памёр Уладзімір Бурыч (руск. Владимир Бурич, нар. 6 жніўня 1932), рускі паэт і перакладчык (найперш польскай і югаслаўскай паэзіі), тэарэтык і прапагандыст верлібра (пачынаючы з артыкула “Ад чаго свабодны свабодны верш” (“От чего свободен свободный стих”, 1972) у часопісе “Вопросы литературы”), складальнік анталогіі рускага верлібра. Лаўрэат літаратурнай прэміі Югаславіі.
Памёр Сяргей Новік-Пяюн (нар. 27 жніўня 1906), беларускі паэт і празаік. Некаторыя песні на словы Новіка-Пеюна лічацца народнымі, найбольш вядомыя з іх — “Зорачкі” і “Над Шчарай” (“Слонімскі вальс”). Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах і на эсперанта. Аўтар зборнікаў вершаў “Заўсёды з песняй” (1984), “Песні з-за кратаў” (засталася ў рукапісе, 1993).