№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 10 верасня

  • 1797

    Памерла Мэры Ўолстанкрафт (анг. Mary Wollstonecraft, нар. 27 красавіка 1759), брытанская пісьменніца, перакладчыца, філосаф і феміністка, маці пісьменніцы Мэры Шэлі. У сваіх раманах Ўолстанкрафт крытыкуе патрыярхальны, на яе думку, інстытут шлюбу і яго шкоднае ўздзеянне на жанчын. У першым яе рамане, “Мэры” (Mary: A Fiction, 1788), гераіня вымушаная з матэрыяльных прычынаў уступіць у шлюб без кахання; сваё жаданне любові яна кампенсуе па-за шлюбам гарачымі рамантычнымі стасункамі: сяброўствам з жанчынай і каханнем з мужчынам. Няскончаны раман “Марая, або Жаночыя памылкі” (Maria; or, The Wrongs of Woman, 1798), выдадзены пасмяротна, лічыцца самай радыкальна-феміністычнай працай Ўолстанкрафт.

  • 1821

    Памёр Францішак Заблоцкі (польск. Franciszek Zabłocki, нар. 2 студзеня 1752), польскі адукацыйны дзеяч, паэт, перакладчык, больш знакаміты як аўтар 50 камедый польскага Асветніцтва. Перакладаў з ангельскай і французскай моваў (Мальера, Шэкспіра і інш.).

  • 1827

    Памёр Нікало Уга Фоскала (іт. Niccolò Ugo Foscolo, нар. 6 лютага 1778), італьянскі паэт, празаік і грамадскі дзеяч. Лічыцца самым вядомым літаратарам свайго пакалення і першым італьянскім мысляром перадрамантызму.

  • 1890

    Нарадзіўся Франц Верфель (ням. Franz Werfel, памёр 26 жніўня 1945), аўстрыйскі паэт, раманіст і драматург. Лаўрэат прэмій Франца Грыльпарцэра (1926), Дзяржаўнай прэміі Чэхаславакіі (1927), прэміі Шылера (1930).

  • 1897

    Нарадзіўся Жорж Батай (фр. Georges Bataille; памёр 9 ліпеня 1962), французскі філосаф і пісьменнік, які стаяў ля вытокаў постмадэрнізму. Яго раман “Гісторыя вока” (Histoire de l'œil, 1928), выдадзены пад псеўданімам Lord Auch, першапачаткова чытаўся як чыстая парнаграфія, у той час як тлумачэнне гэтай працы спела толькі паступова, раскрываючы з часам сваю значную філасофскую і эмацыйную глыбіню, характэрную для аўтараў “забароненай літаратуры”. Вобразы рамана будаваліся на шэрагу метафар, якія, у сваю чаргу, былі звернутыя да філасофскіх канструктаў, развітых у яго працах: вока, яйка, сонца, зямля, органы. Іншыя вядомыя раманы Батая — “Мая маці” (Ma mère, 1966) і “Сінеча нябёсаў” (Le Bleu du ciel, 1957). Апошні твор, з яго некрафілічнымі і палітычнымі тэндэнцыямі і аўтабіяграфічным падтэкстам і філасофскімі абагульненнямі, даводзіць “Гісторыю вока” да кульмінацыі, фармуючы нашмат больш цёмнае і суровае ўспрыманне сучаснай гістарычнай рэчаіснасці.

  • 1916

    Памёр Аляксандр Ельскі (нар. 16 чэрвеня 1834), беларускі гісторык, краязнаўца, публіцыст, адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў. Ельскі пераклаў на беларускую мову першую частку паэмы А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” (Львоў, 1892), выйшаў яго зборнік “100 прымавак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага народа” (Вільня, 1908). Ельскі — першы біёграф і сябар В. Дуніна-Марцінкевіча. Менавіта ў яго апынуліся рукапісы са славутага куфра, які у доме Дуніна-Марцінкевіча бачыў у час навучання Ядвігін Ш. Ён перапісваўся і з Ф. Багушэвічам і іншымі беларускімі пісьменнікамі.

  • 1944

    Памёр Юзаф Шчапаньскі (польск. Józef Andrzej Szczepański, нар. 30 лістапада 1922), польскі паэт, удзельнік Варшаўскага паўстання. Аўтар вядомых песняў “Pałacyk Michla”, “Parasola Piosenka Szturmowa” і інш. Загінуў у паўстанні.

  • 1957

    Нарадзіўся Павел Гюле (польск. Paweł Huelle), польскі празаік, паэт, перакладчык, драматург, сцэнарыст, літаратурны крытык. Першы раман Гюле “Вайзэр Давідэк” (Weiser Dawidek, 1987) адразу зрабіўся папулярным і чытаным не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Далей з’явіліся кнігі “Апавяданні падчас пярэбараў” (Opowiadania na czas Przeprowadzki, 1991), “Вершы” (Wiersze, 1994), “Першае каханне і іншыя апавяданні” (Pierwsza miłość i inne opowiadania, 1994), “Мерсэдэс-Бэнц. З лістоў да Грабала” (Mercedes Benz. Z listów do Hrabala, 2001) і інш. Творы Паўла Гюле перакладзеныя на ангельскую, беларускую, гішпанскую, італьянскую, рускую, фінскую, французскую, шведскую і іншыя мовы і адзначаныя шматлікімі літаратурнымі ўзнагародамі. На беларускую мову раман “Мерсэдэс-Бэнц" і некаторыя апавяданні пераклала Марына Шода (Логвінаў, 2007).

  • 1972

    Генрых Бёль атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

  • 1979

    Памёр Антонію Агушцінью Нэту (парт. António Agostinho Neto, нар. 17 верасня 1922), ангольскі паэт, дзяржаўны дзеяч, першы прэзідэнт Народнай Рэспублікі Ангола. Лаўрэат прэміі Асацыяцыі пісьменнікаў краін Азіі і Афрыкі (1970).