Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся П’ер Рансар (фр. Pierre de Ronsard, памёр 27 снежня 1585), французскі паэт. Узначальваў аб'яднанне “Плеяда”, якое прапаведавала ўзбагачэнне нацыянальнай паэзіі перайманнем узораў грэцкай і рымскай літаратураў. Разам з Жаакенам дзю Бэле і Жанам-Антуанам дэ Баіфам распрацаваў у 1549 годзе план грунтоўнай паэтычнай рэформы, выкладзены ў маніфесце “Абарона і ўслаўленне французскай мовы” дзю Бэле. Асноўныя творы — “Оды” (1550), “Любоўныя вершы” (1552), “Гімны” (1555—1556), “Эклогі” (1560), “Развагі пра няшчасці нашага часу” (1562), “Кароткі выклад паэтычнага мастацтва” (1565).
Нарадзіўся О. Генры (анг. O. Henry, сапр. Ўільям Сідні Портэр; памёр 5 чэрвеня 1910), амерыканскі празаік, аўтар папулярных навелаў, гумарэсак. Творы О. Генры адметныя вынаходніцкай фабулай, нечаканымі развязкамі, насмешлівым гумарам. Яны ствараюць казачна-авантурную эпапею амерыканскага жыцця, поўную дакладных бытавых прыкметаў і трапных сацыяльных назіранняў. Тыповы герой О. Генры — “маленькі амерыканец” з яго правам на шчасце. Усяго О. Генры напісаў 273 апавяданні; поўны збор яго твораў складае 18 тамоў. На беларускую мову апавяданні О. Генры перакладаў Сяржук Мядзведзеў.
Нарадзіўся Яніс Райніс (лат. Jānis Rainis, сапр. Яніс Пліекшанс; памёр 12 верасня 1929), латышскі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, народны паэт Латвійскай ССР (1940). Пераклаў на латышскую мову “Фаўста” Ё.-В. Гётэ. Па-беларуску выходзілі кнігі Райніса “Выбранае” (уклад. В. Вольскі. Мн., 1956), “Агонь і ноч” (пер. В. Сёмухі. Мн., 1988) і том выбранага ў серыі “Скарбы сусветнай літаратуры” (укл. М. Абала. Мн., 1993).
Нарадзіўся Барыс Жыткоў (руск. Борис Житков, памёр 19 кастрычніка 1938), рускі пісьменнік, педагог, падарожнік і даследчык. Аўтар папулярных прыгодніцкіх апавяданняў і аповесцяў, твораў пра жывёл і рамана пра рэвалюцыю 1905 г.
Нарадзіўся Дэвід Герберт Лоўрэнс (анг. David Herbert Lawrence, памёр 2 сакавіка 1930), ангельскі празаік, паэт, драматург, эсэіст і літаратурны крытык. Найбольш вядомая яго кніга — раман “Каханак лэдзі Чатэрлі” (Lady Chatterley's Lover, 1928). Першапачаткова раман быў надрукаваны ў фларэнтыйскім прыватным выдавецтве і толькі ўзмацніў і без таго кепскую славу Лоўрэнса. У Вялікабрытаніі і ЗША раман доўгі час быў забаронены як парнаграфічны. Цалкам у Вялікабрытаніі ён быў надрукаваны толькі ў 1960 годзе. На беларускую мову творы Лоўрэнса перакладалі Вольга Калацкая, Юля Цімафеева.
Нарадзілася Катры Вала (фінск. Katri Vala, сапр. Карын Аліса Вадэнстром; памерла 28 красавіка 1944), адна з самых вядомых паэтак Фінляндыі. Як мадэрнізатарку фінскай паэзіі яе часта параўноўваюць са шведскай паэткай Эдыт Сёдэргран. Пісаць вершы пачала ў 11 гадоў. Раннія творы Катры Вала друкаваліся ў 1920-х гадах у перыядычным выданні Nuori Voima. У гэты час яна выдала першы зборнік вершаў “Далёкі сад” (Kaukainen puutarha, 1924). У 1928 годзе захварэла на туберкулёз, ад якога так ніколі канчаткова не паправілася. У 1930 годзе паэтка выйшла замуж за Армаса Хейкеля. У гады Вялікай дэпрэсіі Вала падпрацоўвала, пішучы для часопісаў і перакладаючы на фінскую мову шведскую паэзію, а таксама творы Генрыха Гайнэ, Бертальта Брэхта, некаторых кітайскіх паэтаў. Другая кнігі Катры Вала “Сінія дзверы” (Sininen ovi, 1926) уяўляла сабой панегірык каханню і жыццю. У пачатку 1930-х гадоў паэтка працавала крытыкам у часопісе Tulenkantajat (“Носьбіты агню”), дзе друкавала агляды і рэцэнзіі пад псеўданімам Пека (Pecka), часта крытыкуючы нацызм і расізм Трэцяга Рэйху, а таксама мілітарызм, і насміхаючыся з такой значнай асобы ў літаратуры, як Міка Валтары. Апошні зборнік вершаў Вала “Роднае гняздо гарыць” (Pesäpuu palaa) выйшаў у 1942 годзе. На беларускую мову вершы Вала перакладаў Якуб Лапатка.
Памёр Луі Бусенар (фр. Louis Henri Boussenard, нар. 4 кастрычніка 1847), французскі пісьменнік, што працаваў у жанры прыгодніцкай літаратуры. Сярод самых вядомых яго твораў — “Капітан-Сарвігалава” (Capitaine Casse-Cou, 1901), “Выкрадальнікі брыльянтаў” (Les voleurs de diamants, 1883) і інш.
Нарадзіўся Томас Венцлава (літ. Tomas Venclova), літоўскі паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, эсэіст, дысідэнт і праваабаронца. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (спецыяльнасць — літоўская мова і літаратура). У 1977 годзе высланы з Савецкага Саюза. У эміграцыі падтрымліваў блізкія адносіны з Іосіфам Бродскім і Чэславам Мілашам. Прафесар славянскіх моваў і літаратураў у Ельскім універсітэце (ЗША). Перакладаў на літоўскую вершы Ганны Ахматавай, Барыса Пастарнака, Іосіфа Бродскага, Восіпа Мандэльштама, Веліміра Хлебнікава, Т. С. Эліята, Шарля Бадлера, Оскара Мілаша, Ф. Г. Лоркі, Р. М. Рыльке, Ў. Х. Одэна, Эзры Паўнда, Жака Прэвэра, Караля Вайтылы, Збігнева Герберта, Чэслава Мілаша, Віславы Шымборскай і інш.
Нарадзіўся Вінцэсь Мудроў, беларускі празаік. Скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Працаваў інжынерам у Беларусі і Сібіры, карэспандэнтам Радыё Свабода. У 1971—1974 выдаваў у Наваполацку падпольны рукапісны літаратурны альманах “Блакітны ліхтар”. У 1990-х рэдагаваў літаратурны альманах “Ксеракс Беларускі”. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза беларускіх пісьменнікаў і Таварыства вольных літаратараў. Жыве ў Наваполацку. Аўтар кніг прозы “Жанчыны ля басейна” (1992), “Гісторыя аднаго злачынства” (1993), “Зімовыя сны” (1999), “Ператвораныя ў попел” (2005), “Альбом сямейны” (2007).
Памёр Роберт Ўільям Сэрвіс (анг. Robert William Service, нар. 16 студзеня 1874), канадскі пісьменнік. Яго называюць “песняром Юкана”, а таксама “канадскім Кіплінгам” за тое, што прысвяціў сваю творчасць паўночнай Канадзе і “палярным землям”. У 1930-х гадах Сэрвіс наведаў СССР і напісаў сатырычную “Баладу пра магілу Леніна” (Ballad of Lenin's Tomb; пераклад на рускую Я. Віткоўскага гл. тут), за што быў практычна забаронены, не перакладаўся і не згадваўся ні ў адной савецкай энцыклапедыі.
Памёр Ўільям Олд (анг. William Auld, нар. 6 лістапада 1924), празаік, паэт і перакладчык шатландскага паходжання, пісаў на мове эсперанта. Літаратурнай крытыкай Олд прызнаны адным з найлепшых эсперанцкіх паэтаў, а яго паэма La infana raso — адным з найвыдатнейшых твораў на эсперанта. Неаднаразова намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.