Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Арнольд Хаўбракен (нід. Arnold Houbraken, нар. 28 сакавіка 1660), нідэрландскі мастак і пісьменнік, цяпер больш за ўсё вядомы дзякуючы сваім біяграфіям мастакоў Залатога стагоддзя Нідэрландаў. Сярод 500 напісаных ім біяграфіяў — жыццяпісы Пітэра Рубенса, Рэмбранта, Антонія ван Дэйка і інш.
Нарадзіўся Эрык Юхан Стагнэліюс (шведск. Erik Johan Stagnelius, памёр 3 красавіка 1823), шведскі пісьменнік-рамантык. Сам ён выдаў толькі малую частку сваіх паэтычных твораў, сярод якіх ананімны верш “Уладзімір Вялікі” (Wladimir den store), напісаны гекзаметрам, зборнік “Лілеі ў Шароне” (Liljor i Saron) і драму “Вакханкі, або Апантанасць” (Bacchanterna eller Fanatismen). Для яго твораў характэрная пачуццёвасць, выкарыстанне міфічных і казачных вобразаў, нярэдкі матыў непрадказальнасці будучыні. У апошнія гады жыцця Стагнэліюса яго рамантызм набывае выразныя рысы містыцызму.
Нарадзіўся Стэфан Жаромскі (польск. Stefan Żeromski, памёр 20 лістапада 1925), польскі пісьменнік і публіцыст, “сумленне польскай літаратуры”. У 1924 годзе намінаваўся на Нобелеўскую прэмію, але не атрымаў яе праз непрыхільныя водгукі на аповесць “Вецер з мора”. Найвялікшым поспехам Жаромскага стала выданне ў 1899 г. аповесці “Беспрытульныя” (Ludzie bezdomni), якая лічыцца найлепшым творам пісьменніка. У далейшым славу Жаромскага умацавалі такія аповесці, як “Попел” (Popioły, 1903) і “Гісторыя граху” (Dzieje grzechu, 1908). Апошняя выклікала шмат спрэчак, бо некаторымі ўважалася за парнаграфію. Аповесць “Верная рака” і шэраг апавяданняў на беларускую мову пераклаў М. Дубянецкі, апавяданне “Табу” пераклала А. Сёмуха.
Нарадзіўся Вільгельм Экелюнд (шведск. Otto Vilhelm Ekelund, памёр 3 верасня 1949), шведскі паэт і празаік. Натхняўся паэзіяй Улы Хансана, якога лічыў найбольш значным пасля Эрыка Юхана Стагнэліюса паэтам. Як і Хансан, Экелюнд быў паэтам-сімвалістам. Яшчэ пры жыцці пісьменніка яго сябрамі было ўтворанае Таварыства Вільгельма Экелюнда, якое фактычна выконвала для яго функцыі выдавецтва. Экелюнд перакладаў на шведскую Джакома Леапардзі і Франчэска Петрарку. Быў узнагароджаны Вялікай прэміяй дзевяцёх (двойчы), а таксама прэміяй К. М. Бельмана.
Нарадзілася Кэтрын Мэнсфілд (анг. Katherine Mansfield, нар. Кэтлін Башан; памерла 9 студзеня 1923), самая вядомая новазеландская пісьменніца-навелістка. Прыяцелька Д. Г. Лоўрэнса, В. Вулф, О. Хакслі. Была пад уплывам апавяданняў А. Чэхава.
Нарадзіўся Э. Э. Камінгс (анг. E. E. Cummings, памёр 3 верасня 1962), амерыканскі паэт, празаік, драматург. Аўтар каля 2900 вершаў, двух аўтабіяграфічных раманаў, чатырох п’есаў, некалькіх эсэ, а таксама шматлікіх малюнкаў і карцін. У сваіх паэтычных творах Камінгс радыкальна эксперыментаваў з формай, пунктуацыяй, сінтаксісам і правапісам.
Нарадзіўся Адам Бабарэка (псеўд. і крыпт. А.Б., А.Ч., А-м Б-а, А. Б-ка, А. Б-рэка, Адам Гаротны, Я. Каліна, Якім Каліна, Малады настаўнік, А. Рэка, Чырвоны, А. Чырвоны, Адам Чырвоны, А. Чэмер, памёр 10 кастрычніка 1938), беларускі літаратурны крытык, літаратуразнавец, празаік. Быў адным з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” (1923), “Узвышша” (1926). Арыштаваны 25 ліпеня 1930 па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Паўторна арыштаваны 24 ліпеня 1937 у межах сфабрыкаванай маштабнай акцыі па рэпрэсаванні беларусаў, сасланых АДПУ ў пачатку 1930-х. Атрымаў 10 гадоў зняволення ў лагерах. Пакаранне адбываў у пасёлку Княж-Пагост у Комі ў Паўночным чыгуначным лагеры НКУС, дзе памёр у лагернай бальніцы. Дэбютаваў у 1920 вершамі і апавяданнямі ў рэспубліканскім друку. У 1925 выдаў кнігу “Апавяданні”. Распрацоўваў пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, даследаваў літаратурны працэс (артыкулы змяшчаліся ў часопісах “Маладняк”, “Узвышша” і інш.). Шэраг яго працаў прысвечаны творчасці Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, М. Чарота, З. Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў.
Памёр Марцэлус Эманц (нід. Marcellus Emants, нар. 12 жніўня 1848), нідэрландскі празаік, адзін з рэдкіх прадстаўнікоў нідэрландскага натуралізму. Быў віцэ-прэзідэнтам “Суполкі за спрашчэнне нашага правапісу” (Vereniging tot vereenvoudiging van onze spelling), якая спрашчэння так і не дабілася.
Нарадзілася Гунэль Ліндэ (шведск. Gunnel Linde), шведскі прадусар, дзіцячая пісьменніца, журналістка і ілюстратар, адна з заснавальнікаў аб’яднання BRIS (“Правы дзяцей у грамадстве”). У 1965 годзе атрымала медаль Нільса Хольгерсана за кнігу “Белы камень” (Den vita stenen), а ў 1978 годзе была ўзнагароджаная прэміяй Астрыд Ліндгрэн.
У Лондане выдадзеная кніга Алана Мілна “Віні-Пух”.
Памёр Яльмар Сёдэрберг (шведск. Hjalmar Söderberg, нар. 2 ліпеня 1869), шведскі пісьменнік. Яго дэбютны раман “Ашуканствы” (Förvillelser), які выйшаў у 1895 годзе, выклікаў шырокія дэбаты: кнігу палічылі амаральнай. Увогуле, пры жыцці яго жорстка крытыкавалі, але з цягам часу яго творы прызнаваліся ўсё больш значнымі. Найбольш чытанымі кнігамі Сёдэрберга лічацца зборнік апавяданняў “Гісторыі” (Historietter) і раман-дзённік “Доктар Глас” (Doktor Glas), дзе ўздымаецца пытанне права на забойства іншага чалавека. Часткова аўтабіяграфічным з’яўляецца раман Сёдэрберга “Маладосць Марціна Бірка” (Martin Bircks ungdom). Матывы гісторыі кахання паміж пісьменнікам і Марыяй фон Платэн можна прасачыць у п’есе “Гертруда” (Gertrud) і апошнім рамане Сёдэрберга “Сур’ёзная гульня” (Den allvarsamma leken). Яльмар Сёдэрберг таксама перакладаў на шведскую мову творы дацкага пісьменніка Енса Петэра Якабсэна і французскага пісьменніка Анатоля Франса. Узнагароджаны Вялікай прэміяй дзевяцёх.
Памёр Франк Хелер (шведск. Frank Heller, сапр. Гунар Сэрнер; нар. 20 ліпеня 1886), шведскі пісьменнік. Найбольш вядомы ў забаўляльным жанры, але пісаў таксама падарожныя нататкі і вершы. Найбольшы поспех яму прынесла серыя прыгодніцкіх раманаў пра дэтэктыва Філіпа Коліна. Пісаць ён вырашыў пасля таго, як дарэшты прайграўся ў казіно ў Монтэ Карла, а на Радзіму не мог вярнуцца, бо быў у вышуку за падробку векселя. Спачатку публікаваў апавяданні ў розных часопісах пад псеўданімам Марцін Мікаэль, а потым выйшаў на выдавецтва “Боніерс”, дзе пад псеўданімам Франк Хелер выдаў свае першыя зборнікі апавяданняў “Лонданскія справы гера Коліна” (Herr Collins affärer i London) і “У сталіцы азарту” (I hasardens huvudstad). “Лонданскія справы” выклікалі такі ажыятаж, што давялося ў першыя два гады выпусціць чатыры наклады. Творы Хелера перакладзеныя на пятнаццаць моваў, у тым ліку на рускую і польскую, а некаторыя з іх былі экранізаваныя.
Памёр Герман Чарлз Босман (анг. і афр. Herman Charles Bosman, нар. 3 лютага 1905), паўднёваафрыканскі пісьменнік, які лічыцца найлепшым аўтарам кароткіх апавяданняў у ПАР. Пры жыцці Босмана пабачылі свет толькі тры яго кнігі: “Мафекінгская дарога” (1947), “Джакаранда” (Jacaranda) і “Турма Колд Стоўн” (1949). Аднак многія яго апавяданні выходзілі ў шэрагу даўно забытых часопісаў, многія з іх былі ўлучаныя пасля ў розныя зборнікі і анталогіі. Калі пісьменнік моцна захварэў і трапіў у лякарню ў Эдэнвалі, падчас прыёму на пытанне: “Месца нараджэння?” — ён адказаў: “Нарадзіўся ў Кайлсрывіры, памёр у эдэнвалскай лякарні”. Праз некалькі хвілінаў пасля таго, як ён увайшоў да доктара, з кабінета пачуўся гучны рогат, і пісьменніка выпісалі. Аднак літаральна праз некалькі гадзінаў ён злёг і памёр па дарозе ў лякарню. На беларускую мову апавяданні Босмана перакладалі Г. Янкута, Ю. Цімафеева, А. Пятровіч, Я. Прыстаўка.
Памёр Мікалай Забалоцкі (руск. Николай Заболоцкий, нар. 7 траўня 1903), рускі паэт і перакладчык. Найбуйнейшы перакладчык грузінскай літаратуры, у тым ліку паэмы Ш. Руставелі “Віцязь у тыгравай скуры”.
Памёр Марсэль Эмэ (фр. Marcel Aymé, нар. 29 сакавіка 1902), французскі празаік, драматург, аўтар камедый, раманаў, казак і навелаў. Збольшага творы Эмэ — дзіўнаватыя трагікамедыі, у якіх выкшталцона пераплятаюцца гратэск і сацыяльная завостранасць, сарказм і філасофія, рэалізм і фантастыка, іронія і трагедыя. Помнік Марсэлю Эмэ пад назвай “Той, што праходзіць праз сцены” (Le Passe-muraille, па назве адной з навелаў Эмэ, дзе герой спачатку атрымлівае незвычайны дар, а потым гэтак жа раптоўна яго страчвае, застаючыся ў сцяне навечна) выканаў французскі актор, мастак і скульптар Жан Марэ.
Памерла Барбру Сэдваль (шведск. Barbro Sedwall, нар. 4 кастрычніка 1918), шведская ілюстратарка і пісьменніца. Яе кнігі ў малюнках, дзе яна падрабязна апісвае сваё дзяцінства ў сям’і сёдэрхамнскіх пекараў і асаблівасці таго часу, перакладзеныя на некалькі моваў.