№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 9 лістапада

  • 1818

    Нарадзіўся Іван Тургенеў (руск. Иван Тургенев, памёр 3 верасня 1883), рускі празаік, паэт, чалец-карэспандэнт Пецярбургскай АН. Найбольш вядомы зборнікам апавяданняў “Запіскі паляўнічага” (1852), раманамі “Рудзін” (1856), “Дваранскае гняздо” (1859), “Напярэдадні” (1860) і “Бацькі і дзеці” (1862). Іван Тургенеў трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса як уладальнік самага вялікага з вымераных мозгу ў свеце.

  • 1832

    Нарадзіўся Эміль Габар'ё (фр. Emile Gaboriau, памёр 1 лістапада 1873), французскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў дэтэктыўнага жанру. Аўтар раманаў “Справа ўдавы Леруж” (L’Affaire Lerouge, 1866), “Справа №113” (Le Dossier No. 113, 1867) і інш.

  • 1872

    Нарадзіўся Багдан Лэпкій (укр. Богдан Лепкий, памёр 21 ліпеня 1941), украінскі паэт, празаік, перакладчык, грамадскі дзеяч, мастак, выдавец. Прафесар і выкладчык украінскай мовы і літаратуры Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Вядомы як аўтар рамана-пенталогіі “Мазепа”, шматлікіх зборнікаў паэзіі “Стужкі” (“Стрічки”, 1901), “Падае лісце” (“Листки падуть”, 1902), “Восень” (“Осінь”, 1902), “Кніга журбы” (“Книжка горя”, 1903), “На чужыне” (“На чужині”, 1904), “Над ракой (“Над рікою”, 1905), “Для ідэі” (“Для ідеї”, 1911), “Тым, што палеглі” (“Тим, що полягли”, 1916), “Слата” (“Сльота”, 1926) і інш. Верш “Жураўлі” (“Видиш (Чуєш), брате мій…”, 1910) стаў народнай песняй.

  • 1885

    Нарадзіўся Велімір Хлебнікаў (руск. Велимир Хлебников, сапр. Віктар Хлебнікаў; памёр 28 чэрвеня 1922), рускі паэт і празаік Срэбнага веку, выбітны дзеяч рускага авангарднага мастацтва. Быў адным з заснавальнікаў рускага футурызму, рэфарматарам паэтычнай мовы, эксперыментатарам у галіне словатворчасці і “заумі” і Старшынём зямнога шару. У 2011 годзе выйшаў зборнік перакладаў твораў Веліміра Хлебнікава, зробленых Алесем Разанавым (“З Веліміра Хлебнікава”).

  • 1908

    Нарадзіўся Міхась Багун (сапр. Міхаіл Блошкін; іншыя псеўданімы і крыптанімы: Асака М; Багунец; М. Б.; Міх. Б.; Баг.; памёр 17 лютага 1938), беларускі паэт, празаік, перакладчык. Пераклаў на беларускую мову раманы М. Астроўскага “Як гартавалася сталь” (1936), Л. Первамайскага “Ваколіцы” (1931, з З. Астапенкам), Ф. Панфёрава “Брускі” (1932, з Т. Кляшторным), вершы А. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага і інш. Некаторыя яго вершы, пакладзеныя на музыку, шырока вядомыя ў народзе, увайшлі ў фальклорныя запісы.

  • 1918

    Памёр Гіём Апалінэр (фр. Guillaume Apollinaire, нар. 26 жніўня 1880), французскі паэт, празаік, крытык, наватар, пачынальнік сюррэалізму, адзін з найбольш уплывовых дзеячаў мастацтва пачатку ХХ ст. Маці паэта Анжаліка Кастравіцкая была дачкой афіцэра расійскага войска Міхала Апалінара Кастравіцкага. Родавы маёнтак Кастравіцкіх знаходзіўся на Беларусі і быў сканфіскаваны ў дзеда паэта за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў, пасля якога той быў вымушаны эміграваць. Вершы Апалінэра на беларускую мову перакладалі З. Колас, А. Хадановіч, У. Лянкевіч, Л. Дранько-Майсюк, Л. Баршчэўскі, К. Маціеўская, А. Стэфановіч, прадмову да п’есы “Грудзі Тырэсія”, у якой упершыню прагучаў тэрмін “сюррэалізм”, пераклала К. Маціеўская, шэраг апавяданняў пераклалі А. Асташонак і Л. Баршчэўскі.

  • 1928

    Нарадзілася Эн Сэкстан (анг. Anne Sexton, памерла 4 кастрычніка 1974), амерыканская паэтка, найбольш вядомая як прадстаўніца “спавядальнай паэзіі”. Уладальніца Пулітцэраўскай прэміі 1967 году. Асноўныя тэмы для творчасці яна чэрпала ў схільнасці да суіцыду, змаганні з дэпрэсіяй, інтымных падрабязнасцях свайго сямейнага жыцця.

  • 1953

    Памёр Дылан Томас (анг. Dylan Marlais Thomas, нар. 27 кастрычніка 1914), валійскі паэт і драматург. Пісаў па-ангельску. Дылана выхоўвалі так, каб ён ведаў толькі ангельскую мову, хоць валійская была роднай мовай ягонай маці. Важнай крыніцай натхнення для Томаса былі валійскі фальклор і міфалогія, дзіцячыя ўражанні ад жыцця ў сельскім Ўэльсе (яго п'еса “Дзяцінства, Каляды, Ўэльс” да гэтага часу штогод чытаецца па радыё на Каляды, а радыёп’еса “Пад шатамі малочнага лесу” прысвечаная жыццю невялікага валійскага горада). Паводле драмы Томаса “Доктар і д'яблы” пастаўлены фільм з Цімаці Далтанам у галоўнай ролі. Сюжэт заснаваны на сапраўднай гісторыі пра тое, як навуковец купляў свежыя трупы для анатамічных даследаванняў, хоць і падазраваў, што іх здабылі забойствам.

  • 1962

    Нарадзіўся Аляксей Мельнікаў (памёр 13 жніўня 1995), беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Даследаваў старажытную славянскую літаратуру, пісьмовую спадчыну беларускага народа, духоўную культуру усходніх славян эпохі Сярэднявечча. Вывучаў беларускую агіяграфію, у т.л. жыціі Еўфрасінні Полацкай, Кірыла Тураўскага і інш., сваёй працай значна паспрыяў першаму поўнаму выданню твораў Кірыла Тураўскага. Пераклаў на беларускую мову ўсе вядомыя помнікі беларускай агіяграфіі Сярэднявечча, малітвы Кірыла Тураўскага і шэраг іншых яго твораў. Часткова пераклаў на беларускую мову Псалтыр і Новы Запавет.

  • 2004

    Памёр Стыг Ларсан (шведск. Stieg Larsson, сапр. Карл Стыг-Эрланд Ларсан, нар. 15 жніўня 1954), шведскі журналіст і пісьменнік. Апошнім часам вельмі шырокую папулярнасць у свеце набыла серыя яго раманаў, паводле якіх знялі фільмы: “Мужчыны, якія ненавідзяць жанчын” (Man som hatar kvinnor), “Дзяўчына, што гуляла з агнём” (Flickan som lekte med elden) і “Паветраны замак, які ўзарваўся” (Luftslottet som sprangdes,). Чацвертая кніга гэтай серыі была дапісаная пасля смерці Ларсана. За свае раманы Стыг Ларсан пасмяротна атрымаў некалькі прэміяў, у тым ліку двойчы (2006 і 2008) — прэмію паўночных краінаў “Шкляны ключ” (за найлепшы крымінальны раман году). Шведскае напісанне свайго імені Стыг Ларсан змяніў (са Stig на Stieg), таму што ягоны будучы калега па пяры і цёзка Стыг Ларсан стаміўся ад вечнай блытаніны. На той момант яны яшчэ не былі пісьменнікамі і абодва цікавіліся фатаграфіяй.