№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ален Гінзберг (Allen Ginsberg)

1926 - 1997

Ален Гінзберг
Амерыканскі паэт, адзін з лідараў Біт-пакалення.

Ірвін Ален Гінзберг нарадзіўся 3 чэрвеня 1926 году ў Ньюарку, а вырас непадалёк ад Патэрсана ў штаце Нью-Джэрсі ў габрэйскай сям’і. Яго бацька Луіс быў пісьменнікам і настаўнікам. Маці Наомі разам са сваімі бацькамі эмігравала ў Амерыку з Расіі падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі. Усё жыццё яна заставалася вернай камуністычным поглядам і часцяком вадзіла маленькага Алена і яго брата на камуністычныя сходкі. Гэта зрабіла моцнае ўражанне на Гінзберга, і ён таксама зрабіўся зацятым камуністам. Калі Ален быў яшчэ хлопчыкам, маці пачала пакутаваць на псіхічную хваробу, якую так і не ўдалося дыягнаставаць. Пасля спробы самагубства Наомі змясцілі ў клініку для псіхічна хворых, і практычна ўсё юнацтва Алена яна правяла ў клініках. Наомі памерла ў 1956 годзе, і над яе магілай не сказалі кадзіш, таму што сабралася менш за дзесяць мужчынаў-габрэяў. Пасля смерці маці Гінзберг атрымаў яе ліст у адказ на “Сковыт”, які паэт ёй даслаў. Маці раіла Алену быць добрым і трымацца далей ад наркотыкаў. Уражанні Гінзберга ад стасункаў з маці, яе хваробы і смерці леглі ў аснову двух яго асноўных вершаў: “Сковыт” і “Кадзіш па Наомі Гінзберг (1984—1956)”.

У першы год навучання ў Калумбійскім універсітэце Гінзберг пасябраваў з Люсьенам Карам, які пазнаёміў яго з Ўільямам Бероўзам, Джэкам Керуакам і Джонам Клеланам Холмсам. Іх аб’яднала захапленне патэнцыялам амерыканскай моладзі, што існаваў па-за строгімі канфармісцкімі рамкамі пасляваеннай Амерыкі. Кар і Гінзберг часцяком разважалі пра так званае “новае бачанне” (New Vision; выраз, пазычаны ў Рэмбо) літаратуры і Амерыкі. Кар таксама пазнаёміў Гінзберга з Нілам Кэсэдзі, у якога Гінзберг быў доўгі час закаханы.

У нью-ёркскім бары Pony Stable Гінзберг пазнаёміўся з Грэгары Корсам, які зусім нядаўна выйшаў з турмы пасля трохгадовага зняволення, і ў тую ноч пісаў вершы. Корса з разуменнем паставіўся да гомасэксуальнасці Гінзберга, а яго вершы пераканалі Алена ў таленавітасці новага знаёмца. Гінзберг пазнаёміў Корсу з іншымі ўдзельнікамі суполкі.

У 1948 годзе ў кватэры ў Гарлеме падчас чытання вершаў Ўільяма Блэйка ў Гінзберга была відзежа. Спачатку ён заяўляў, што пачуў голас Бога, але пазней сцвярджаў, што гэта быў голас самога Блэйка, які чытаў свае вершы “Ah! Sunflower”, “The Sick Rose” і “Little Girl Lost”.

У 1954 годзе ў Сан-Францыска Гінзберг сустрэў Пітэра Арлоўскі, у якога закахаўся і з якім пражыў усё жыццё. Тамсама паэт сустрэў Джэры Шнайдэра, Філіпа Ўэйліна, Лью Ўэлша, а ў 1959 годзе разам з Джонам Келі, Бобам Каўфманам і іншымі заснаваў паэтычны часопіс Beatitude.

7 кастрычніка 1955 у “Шасці галерэях” у Сан-Францыска адбылася адна з найважнейшых падзеяў эпохі Біт-пакалення, вядомая пад назвай чытанняў у “Шасці галерэях”. Менавіта тады адбылася першая публічная прэзентацыя верша Алена Гінзберга “Сковыт”, што прынёс яму сусветную славу. Разам з Гінзбергам свае вершы прэзентавалі Філіп Ламанція, Майкл Мак-Клюр, Джэры Шнайдэр і Філіп Ўэйлін. Падзеі гэтага вечара апісаў у сваім рамане “Бадзягі Дхармы” Джэк Керуак.

Кніга “Сковыт і іншыя вершы” выйшла ў 1956 годзе ў выдавецтве City Lights Bookstore і спачатку была забароненая за непрыстойнасць. Аднак выдавецтва, заснаванае Лоўрэнсам Ферлінгеці, выйграла судовую справу, адстаяўшы думку, што творы з кнігі маюць мастацкую каштоўнасць.

У 1957 годзе Гінзберг разам з Арлоўскі пераязджаюць у Парыж да Грэгары Корсы, які паказвае ім занядбаны дом, што ў будучыні ператворыцца ў Beat Hotel. У хуткім часе да кампаніі далучаюцца Бероўз і іншыя.

Тут Гінзберг скончыў верш “Кадзіш”, Корса напісаў свае знакамітыя “Бомбу” і “Жаніцьбу”, Бероўз з папярэдніх запісаў сабраў раман “Голы сняданак”. Beat Hotel закрыўся ў 1963 годзе.

У траўні 1965 году Гінзберг прыехаў у Лондан, дзе прапанаваў свае чытанні ў любым месцы задарма. Пасля чытанняў у лонданскай кнігарні Better Books 11 ліпеня 1965 у Альберт-Холе прайшло “Міжнароднае паэтычнае ўвасабленне”, удзельнікамі якога акрамя Гізберга былі Адрыян Мітчэл, Крыстафер Лодж, Грэгары Корса, Лоўрэнс Ферлінгеці, Майкл Хоравіц, Спайк Хокінс і іншыя. Мерапрыемства сабрала больш за 7 тысяч слухачоў і зрабілася сапраўднай падзеяй у літаратурным жыцці Англіі.

Гінзберг вельмі актыўна займаўся грамадска-палітычнымі справамі, доўгія гады ўдзельнічаючы ў негвалтоўных палітычных пратэстах супраць шэрагу падзеяў, пачынаючы з вайны ў В’етнаме і заканчваючы кампаніямі па барацьбе з наркотыкамі. Паводле рэлігійных перакананняў быў будыстам.

У 1970-х Гінзберг перанёс два міні-інсульты, тады ж у яго дыягнаставалі хваробу Рэйно.

У 1970—1980 гг. Ален Гінзберг атрымлівае шматлікія ўзнагароды: Нацыянальную кніжную прэмію ЗША (1974), медаль Рыцара навукі і мастацтва ад Французскага міністэрства культуры і іншыя

Лічыцца, што яго апошнія публічныя паэтычныя чытанні прайшлі ў кнігарні Booksmith (Сан-Францыска) 16 снежня 1996.

Ален Гінзберг памёр 5 красавіка 1997 году ў Нью-Ёрку ў атачэнні сям’і і сяброў, пакутуючы на рак печані, якім ускладніўся гепатыт.

Чытайце таксама

Герман Гесэ

Герман Гесэ

Нямецкі пісьменнік і мастак, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Алешандры Радрыгеш

Алешандры Радрыгеш

Бразільскі пісьменнік і журналіст

Алена Стэпаненка

Алена Стэпаненка

Украінская паэтка, перакладчыца.

Мікола Хвылявы

Мікола Хвылявы

Украінскі празаік, паэт, публіцыст, адзін з заснавальнікаў украінскай паслярэвалюцыйнай літаратуры, аўтар выслоўя "Геть від Москви!"

Мікола Рыгоравіч Фіцілёў (сапраўднае імя пісьменніка) нарадзіўся ў в

1553