№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 12 лістапада

  • 1823

    Нарадзіўся Павел Шпілеўскі (памёр 29 кастрычніка 1861), беларускі этнограф, публіцыст, літаратурна-мастацкі крытык і пісьменнік. Выдаў цікавыя звесткі з гісторыі беларускіх мястэчак і вёсак, апісанні беларускага побыту, павер’яў, абрадаў і звычаяў, становішча сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Запісаў і надрукаваў паданне пра Менеска і пра паходжанне Менска. Збіраў звесткі пра беларускую мову з мэтай напісаць граматыку, але не закончыў гэтую працу. Пісаў па-руску.

  • 1865

    Памерла Элізабэт Гаскел (анг. Elizabeth Gaskell, нар. 29 верасня 1810), ангельская пісьменніца віктарыянскай эпохі. Пісаць Гаскел пачала пасля трагічнай падзеі: яе адзіны сын памёр немаўлём ад шкарлятыны. Страх перад гэтай хваробай бачны ў некаторых яе творах, напрыклад, у няскончаным рамане “Жонкі і дочкі” (Wives and Daughters, 1866). Многія раманы Гаскел носяць сацыяльны характар: напрыклад, у “Мэры Бартан” (Mary Barton, 1848) паказана, як голад і нястача прыводзіць да рабочых паўстанняў, у рамане “Рут” (Ruth, 1863) расказваецца пра работніцу, што адмовілася ад шлюбу з джэнтльменам, які яе спакусіў. У рамане “Крэнфард” (Cranford, 1853) выяўленае жыццё жыхароў правінцыйнага гарадка. Гаскел напісала таксама біяграфію Шарлоты Бронтэ.

  • 1885

    Нарадзіўся Міхайла Грамыка (памёр 30 чэрвеня 1969), беларускі празаік, паэт, геолаг і педагог. Распрацоўваў беларускую навуковую тэрміналогію. Аўтар падручнікаў па геаграфіі і мінералогіі, а таксама шэрагу п’есаў.

  • 1915

    Нарадзіўся Ралан Барт (фр. Roland Barthes, памёр 25 сакавіка 1980), французскі літаратуразнаўца, філосаф-структураліст, крытык, семіётык. Заснавальнік Цэнтра па вывучэнні масавых камунікацый (1960), кіраўнік кафедры літаратурнай семіялогіі ў Калеж дэ Франс (з 1977). Загінуў у аўтакатастрофе. Асноўныя працы: “Нулявая ступень пісьма” (Le degré zéro de l'écriture, 1953), “Міфалогіі” (Mythologies, 1957), “Пра Расіна” (Sur Racine, 1963), “Крытычныя нарысы” (Essais critiques, 1964), “Элементы семіялогіі” (Eléments de sémiologie, 1964), “Крытыка і ісціна” (Critique et Vérité, 1966), “S/Z. Досвед даследавання” (S/Z, 1970) і інш.

  • 1920

    Нарадзіўся Андрэй Макаёнак (памёр 16 лістапада 1982), беларускі драматург. Аўтар п’ес “На досвітку” (1951), “Выбачайце, калі ласка!” (апублікаваная і пастаўленая ў 1953), “Каб людзі не журыліся” (1958), “Лявоніха на арбіце” (апублікаваная і пастаўленая ў 1961), “Зацюканы апостал” (1969), “Трыбунал” (1970), “Таблетку пад язык” (апублікаваная і пастаўленая ў 1973), “Святая прастата” (1974), “Верачка” (1979), “Пагарэльцы” (апублікаваная і пастаўленая ў 1980), “Дыхайце ашчадна” (1982). Напісаў аднаактовыя п’есы “Добра, калі добра канчаецца” (1946), “Перад сустрэчай”, “Жыццё патрабуе” і “Першае пытанне” (1950), “Крымінальная справа” і “Аксеніна цялушка” (1951), “На шырокія прасторы” (1958), а таксама сцэнары мастацкіх фільмаў “Шчасце трэба берагчы” (па матывах аповесці А. Кулакоўскага “Нявестка”), “Рагаты бастыён” (па п’есе “Лявоніха на арбіце”), тэлефільма “Пасля кірмашу” (пастаўлены ў 1973), дакументальных фільмаў “У адзінай сям’і” (зняты ў 1957), “Кандрат Крапіва” (зняты ў 1961). Выйшлі зборнікі п’ес “Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе” (1951), “Камедыі” (1961), “Трыбунал. Зацюканы апостал” (1971), “П’есы” (1974), “Кінасцэнарыі” (1989).

  • 1921

    Нарадзіўся Ларс Гюленстэн (шведск. Lars Johan Wiktor Gyllensten, памёр 25 траўня 2006), шведскі пісьменнік і доктар. Дэбютаваў пад псеўданімам Ян Віктур (Jan Wictor) з кнігай “Camera obscura” ў 1946 годзе ў суаўтарстве з Торгні Грэйцам. Першая ўласная кніга Гюленстэна “Сучасныя міфы” (Moderna myter) выйшла ў 1949 годзе. Быў сябрам Шведскай акадэміі, сябрам Нобелеўскага камітэта. Акрамя таго, што Гюленстэн старшыняваў у Нобелеўскім фондзе, ён займаў нямала пасадаў цягам жыцця і атрымаў мноства літаратурных прэмій на радзіме, у тым ліку Вялікую прэмію дзевяцёх. У 2000 годзе выйшлі мемуары Гюленстэна пад назвай “Згадкі, толькі згадкі” (Minnen, bara minnen), дзе апрача іншага ён крытыкуе Шведскую акадэмію, а таксама раскрывае дэталі самазабойства Гары Мартынсана (нобелеўскі лаўрэат 1974 году). У канцы жыцця ён выдаў кнігу “Чужымі словамі і сваімі” (Med andras ord, och egna), якая ўтрымлівае цытаты пісьменнікаў, тэолагаў і даследнікаў, якія на яго паўплывалі.

  • 1922

    Нарадзіўся Тадэвуш Бароўскі (польск. Tadeusz Borowski, памёр 3 ліпеня 1951), польскі пісьменнік. Вучыўся ў падпольным Варшаўскім універсітэце на аддзяленні паланістыкі, дзе пазнаёміўся за сваёй будучай жонкай Марыяй Рунда. Дэбютаваў у 1942 годзе зборнікам вершаў “Паўсюль, дзе зямля” (Gdziekolwiek ziemia), надрукаваным на ручным гектографе ў падпольнай тыпаграфіі. У 1943 годзе падчас адной з аблаваў знікла Марыя, каханая Тадэвуша. Бароўскі кінуўся яе шукаць і на адной з канспірацыйных кватэраў трапіў у засаду. Яго арыштавалі і завезлі ў вязню Павяк, а праз некаторы час — у Асвенцым. Праз некалькі месяцаў ён моцна захварэў і трапіў у асвенцымскі лазарэт, дзе, паправіўшыся, змог з дапамогай сяброў застацца. Ён спрабуе наладзіць сувязь з нявестай, якая ўтрымліваецца непадалёк, але ў значна горшых умовах, перадае ёй лекі. Хутка ён пакідае лазарэт і ўладкоўваецца ў лагерныя страхары, каб мець мажлівасць часцей бачыцца з Марыяй. У жніўні 1944 году яго перавозяць у канцлагер углыб Германіі, спачатку пад Штутгарт, пасля ў Дахаў. 1 траўня 1945 Дахаў быў вызвалены Сёмай амерыканскай арміяй, і Бароўскі апынуўся ў лагеры для перамешчаных асобаў пад Мюнхенам. Хутка ён пераязджае ў Мюнхен і атрымлівае працу ў Бюро пошукаў родных пры камітэце польскага Чырвонага Крыжа. Тадэвуш спрабуе знайсці сваю нявесту і праз некалькі месяцаў знаходзіць яе, моцна хворую, у Швецыі, але сустрэцца ў іх не атрымліваецца. У гэты час ён піша шмат вершаў, а таксама разам з Крысцінам Альшэўскім і Янушам Нэль-Сядлецкім — дакументальную кнігу “Мы былі ў Асвенцыме” (1946). Толькі ў чэрвені 1946 году Бароўскі вяртаецца ў Варшаву. Там ён урэшце сустракаецца з нявестай, і яны жэняцца. Бароўскі рэзка закідвае паэзію і бярэцца за прозу. У 1948 годзе выходзіць зборнік яго апавяданняў “Развітанне з Марыяй”. Кніга выклікала ў многіх крытыкаў і чытачоў шок і неразуменне. Аднаго з герояў апавяданняў Бароўскага — чалавека някепскага па прыродзе, які навучыўся любымі шляхамі выжываць у лагерах, пачалі атаясамліваць з аўтарам. У тым жа годзе выйшла яшчэ адна кніга — цыкл кароткіх навелаў “Каменны свет”. У 1950 годзе асноўная яго ўвага аддадзеная палітыцы і публіцыстыцы — уласная творчасць адыходзіць на другі план. Яго самазабойства праз некалькі дзён пасля нараджэння дачкі, калі Бароўскі атруціўся газам, — дагэтуль застаецца неразгаданай таямніцай. Бароўскі лічыцца адным з самых значных польскіх празаікаў паваеннага дзесяцігоддзя, творчасць якога значна паўплывала на наступныя пакаленні пісьменнікаў. Яго сябра Тадэвуш Дрэўноўскі напісаў пра яго некалькі кніг, сярод якіх біяграфія “Уцёкі з каменнага свету” (Ucieczka z kamiennego świata, 1962), а таксама выдаў яго эпісталярную спадчыну. На беларускую мову цыкл мемуарных апавяданняў Бароўскага “Экзамен на Гандлёвай” пераклала Ганна Янкута, а апавяданне “Вячэра” — Уладзь Лянкевіч.

  • 1943

    Расстраляны Анджэй Тшэбіньскі (польск. Andrzej Trzebiński, нар. 27 студзеня 1922), польскі паэт, драматург, літаратурны крытык і публіцыст. У 1940 годзе пачаў навучанне ў падпольным Варшаўскім універсітэце, дзе вывучаў славістыку і польскую філалогію. У падполлі перадусім быў заняты арганізацыяй літаратурнага руху. Браў удзел у выданні часопіса “Мастацтва і народ” (Sztuka i Naród) ад пачатку яго заснавання. Напісаў значную колькасць праграмных артыкулаў, у якіх фармуляваў задачы літаратуры і месца ў ёй новага пакалення творцаў ва ўмовах акупацыі. Быў галоўным рэдактарам “Мастацтва і народа” да свайго арышту 6 лістапада 1943. Большасць твораў са спадчыны Тшэбіньскага згарэла падчас Варшаўскага паўстання, ацалела ўсяго каля 400 старонак. Гэта вершы, перакладзены на беларускую мову А. Пятровіч драматычны гратэск “Каб падняць ружу” (у якой аўтар рэалізаваў сваю канцэпцыю драмы, выкладзеную ў артыкуле “Лабараторыя драмы”, пераклад на беларускую мову К. Маціеўскай), фрагменты няскончанай аповесці “Кветкі з забароненых дрэваў”, публіцыстычныя артыкулы і дзённік.

  • 1977

    Нарадзілася Пэтра Дваржакава (чэшск. Petra Dvořáková), чэшская пісьменніца. За дэбютную кнігу інтэрв’ю “Пераўвасобленыя мары” (Proměněné sny), якая выклікала вялікі розгалас у чэшскім каталіцкім касцёле і ў шырокай чытацкай аўдыторыі, у 2007 годзе атрымала літаратурную прэмію Magnesia Litera ў галіне публіцыстыкі. Адно з інтэрв’ю з гэтай кнігі друкавалася ў перакладзе на беларускую мову (пераклад Лізаветы Касмач) у часопісе “ARCHE” (№6, 2009). Новая аўтабіяграфічная кніга “Я — голад” (Já jsem hlad), фрагменты з якой пераклаў Сяргей Сматрычэнка, расказвае пра змаганне з анарэксіяй на фоне карціны прыватнага жыцця аўтаркі.