№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марына Цвятаева (Марина Цветаева)

1892 - 1947

Марына Цвятаева
Марына Цвятаева – руская паэтка, празаік, перакладчыца – нарадзілася 8 кастрычніка 1892 году ў Маскве ў сям’і прафесара Маскоўскага ўніверсітэта, вядомага філолага і ўсходазнаўцы Івана Цвятаева. Маці будучай паэткі, Марыя Мэйн (паводле паходжання – з абруселай польска-нямецкай сям’і) была піяністкай, вучаніцай Антона Рубінштэйна. Пісаць вершы Марына пачала ва ўзросце шасці гадоў. Вельмі моцна на дзяўчынку паўплывала маці, але ў 1906 годзе яна памерла ад туберкулёзу, і Марына разам з сястрой Анастасіяй засталіся пад апекай бацькі.

Дзіцячыя гады паэткі прайшлі ў Маскве і Тарусе (Калужская вобласць). Праз хваробу маці сям’я падоўгу жыла ў Італіі, Швейцарыі і Германіі. Пачатковую адукацыю Марына атрымала ў Маскве, пасля вучылася ў пансіёнах Лазаны (Швейцарыя) і Фрайбурга (Германія). У шаснаццаць гадоў Марына пабывала ў Парыжы, каб праслухаць у Сарбоне кароткі курс лекцыяў па старафранцузскай літаратуры.

У 1910 годзе Марына за ўласныя грошы выдала свой першы зборнік вершаў “Вечаровы альбом” (“Вечерний альбом”), і яе творчасць прыцягнула ўвагу знакамітых паэтаў: Валерыя Брусава, Максіміліяна Валошына і Мікалая Гумілёва. У тым жа годзе паэтка напісала свой першы крытычны артыкул “Чарадзейства ў вершах Брусава” (“Волшебство в стихах Брюсова”). Праз два гады выйшаў наступны зборнік Цвятаевай – “Чароўны ліхтар” (“Волшебный фонарь”, 1912).

Пачатак творчасці Цвятаевай звязаны з колам маскоўскіх сімвалістаў. Пасля знаёмства з Валерыем Брусавым і Элісам паэтка ўдзельнічае ў дзейнасці гурткоў і студыяў пры выдавецтве “Мусагет”. На раннія творы Цвятаевай паўплывалі Някрасаў, Брусаў і Валошын.

У 1911 годзе Марына пазнаёмілася з Сяргеем Эфронам і ў студзені 1912 году выйшла за яго замуж. У тым жа годзе ў іх нарадзілася дачка Арыядна (Аля).

У 1913 годзе выйшаў трэці зборнік вершаў Цвятаевай – “З дзвюх кніг” (“Из двух книг”).

У 1914 годзе Цвятаева пазнаёмілася з паэткай і перакладчыцай Соф’яй Парнок; іх стасункі доўжыліся да 1916 году (калі яны разышліся і Марына вярнулася да мужа). Цвятаева прысвяціла Парнок цыкл вершаў “Сяброўка” (“Подруга”). Стасункі з Парнок Цвятаева назвала першай катастрофай у сваім жыцці, а ў 1921 годзе пісала:

“Любіць толькі жанчын (жанчыне) ці толькі мужчын (мужчыну), загадзя выключаючы звычайнае адваротнае, – які жах! А толькі жанчын (мужчыну) ці толькі мужчын (жанчыне), загадзя выключаючы незвычайнае роднае, – якая маркота!”

У 1917 годзе ў Цвятаевай і Эфрона нарадзілася дачка Ірына, якая памерла ў прытулку ад голаду ва ўзросце трох гадоў.

Гады Грамадзянскай вайны былі для паэткі вельмі цяжкімі. Сяргей Эфрон служыў у Белай арміі. У гэтыя гады з’явіўся цыкл вершаў “Лебядзіны стан”, прасякнуты спачуваннем да белага руху.

У 1918–1919 гадах Цвятаева піша рамантычныя п’есы, стварае паэмы “Ягорушка” (“Егорушка”), “Цар-дзяўчына” (“Царь-девица”), “На чырвоным кані” (“На красном коне”).

У траўні 1922 году Цвятаевай і яе дачцэ Арыядне дазволілі з’ехаць за мяжу – да мужа, які пасля разгрому Дзянікіна стаў студэнтам Пражскага ўніверсітэта. Спачатку Цвятаева з дачкой жылі ў Берліне, пасля тры гады ў прадмесцях Прагі. У Чэхіі напісаныя “Паэма Гары” і “Паэма Канца”. У 1925 годзе, пасля нараджэння сына Георгія, сям’я перабралася ў Парыж, дзе вакол дзейнасці Эфрона складваецца цяжкая атмасфера: яго абвінавачваюць у тым, што ён завербаваны НКУС і ўдзельнічаў у змове супраць Льва Сядова, сына Троцкага.

У траўні 1926 году паэтка пачала ліставацца з Райнэрам Марыяй Рыльке (ліставанне гэтае спынілася ў канцы таго ж году – Рыльке памёр). З Барысам Пастарнакам Цвятаева ліставалася цягам усяго часу, праведзенага ў эміграцыі.

Большая частка створанага ў эміграцыі засталася нявыдадзенай. У 1928 годзе ў Парыжы пабачыў свет апошні прыжыццёвы зборнік вершаў паэткі – “Пасля Расіі” (“После России”), куды ўвайшлі вершы 1922–1925 гадоў. У адрозненне ад вершаў, якія не мелі ў эмігранцкім асяроддзі прызнання, проза Цвятаевай была вельмі папулярнай і заняла першае месца ў яе творчасці 1930-х гадоў. У гэты час выдадзеныя “Дом ля Старога Пімена” (1934), “Маці і музыка” (1935), “Мой Пушкін” (1937), “Аповесць пра Сонечку” (1938), успаміны пра Валошына “Жывое пра жывое” (1933), пра Андрэя Белага “Палонны дух” (“Пленный дух”, 1934), пра Міхаіла Кузміна “Вецер з іншых мясцінаў” (“Нездешний ветер”, 1936).

З 1930-х гадоў Цвятаева з сям’ёй жыве амаль у галечы: “Ніхто не можа ўявіць нястачы, у якой мы жывем. Мой адзіны прыбытак – ад таго, што я пішу. Мой муж хворы і не можа працаваць. Мая дачка зарабляе капейкі, вышываючы капялюшыкі. У мяне ёсць сын, яму восем гадоў. Мы ўчатырох жывем на гэтыя грошы. Інакш кажучы, мы марудна паміраем ад голаду” (з успамінаў Марыны Цвятаевай).

15 сакавіка 1937 году Арыядна выехала ў Маскву, атрымаўшы магчымасць вярнуцца на радзіму. 10 кастрычніка таго ж году з Францыі збег Эфрон, які быў замешаны ў замоўленым палітычным забойстве.

У 1939 годзе паэтка таксама вярнулася ў СССР. Па прыездзе жыла на лецішчы НКУС у Болшаве. 27 жніўня была арыштаваная Арыядна, 10 кастрычніка – Эфрон. У жніўні 1941 году Эфрона расстралялі, Арыядна была рэабілітаваная ў 1955 годзе пасля пятнаццаці гадоў рэпрэсіяў.

У апошнія гады паэтка амаль не пісала вершаў і займалася перакладамі. Але вайна перарвала працу Цвятаевай над перакладамі Лоркі: 8 жніўня яна разам з сынам з’ехала на параходзе ў эвакуацыю, 18 жніўня прыбыла ў гарадок Елабуга на Каме.

31 жніўня 1941 году Цвятаева скончыла жыццё самагубствам (павесілася), пакінуўшы тры цыдулкі: тым, хто будзе яе хаваць (“эвакуяваным”), Асеевым і сыну. Арыгінал цыдулкі “эвакуяваным” не захаваўся (быў забраны як рэчыўны доказ міліцыяй і згублены), яе тэкст вядомы па спісе, які дазволілі зрабіць Георгію Эфрону. Паэтка была пахаваная на Петрапаўлаўскіх могілках у Елабузе.

Цікава тое, што ў 1992 годзе верш Цвятаевай “Маім вершам”, напісаны на сцяне аднаго з дамоў у цэнтры Лейдэна (Нідэрланды), адкрыў культурны праект “Насценныя вершы” (Wall poems). Дарэчы, апошнім, 101-м паэтам, чые вершы зрабілі ў Лейдэне помнікам, стаў Федэрыка Гарсія Лорка, чые творы Цвятаева перакладала ў апошнія дні жыцця.

Чытайце таксама

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Марэк Вадас

Марэк Вадас

Сучасны славацкі пісьменнік. У 2006 годзе атрымаў прэстыжную прэмію Anasoft Litera

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Эдгар Алан По

Эдгар Алан По

Амерыканскі паэт, навэліст, журналіст, філосаф, крытык, заснавальнік дэтэктыўна-фантастычнага жанру ў літаратуры

1863