Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Леапольд Родзевіч (памёр у 1938), беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч. Рэдагаваў беларускія газеты ў Вільні: “Беларускі звон”, “Наша будучыня” (1922—1923). Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1933 па справе т.зв. “Беларускага нацыянальнага цэнтра”. Адпраўлены ў Саратаў, дзе працаваў у лясніцтве. Паўторна арыштаваны ў 1938. Дакладная дата гібелі невядомая. Друкаваўся з 1912. Аўтар п'есаў “Пакрыўджаныя”, “Блуднікі”, “Збянтэжаны Саўка”, “Пасланец”, “Багаты і бедны”, “Досвіткі”, “Кавалі”, “Конскі партрэт”, зборнікаў вершаў “Беларусь” (1922), “На паняволеных гонях” (1928), зборнікаў апавяданняў “Рэвалюцыйным шляхам” (1928), “Вогнішча барацьбы” (1930).
Памёр Леон Д’еркс (фр. Léon Dierx, нарадзіўся 31 сакавіка 1838), французскі паэт, адзін з паслядоўных пераймальнікаў Леконта дэ Ліля і самы характэрны прадстаўнік парнаскай школы. Пасля смерці Малармэ ў 1898 годзе абраны каралём паэтаў. Самае вялікае значэнне мае першы зборнік Д’еркса “Стуленыя вусны” (Les lèvres closes, 1867), а таксама “Гаворыць пераможаны” (Paroles du vaincu, 1871). Верш Д’еркса “Стары самотнік” (Le Vieux Solitaire) — адзін з найважнейшых “адпраўных пунктаў” “П’янага карабля” Арцюра Рэмбо, у якім ёсць шматлікія адсылкі да тэксту Д’еркса. Рускі пераклад “Старога самотніка”, зроблены Яўгеніем Віткоўскім, можна пачытаць тут.
Нарадзілася Анна Франк (цалкам Анэліза Мары Франк, ням. Anneliese Marie Frank; памерла ў пачатку сакавіка 1945), габрэйская дзяўчынка, ураджэнка Германіі, якая пасля прыходу Гітлера да ўлады хавалася з сям'ёй ад нацысцкага тэрору ў Нідэрландах. Аўтар знакамітага “Дзённіка Анны Франк”, перакладзенага на многія мовы свету. Пачынаючы з 12 чэрвеня 1942 Анна вяла дзённік у лістах на нідэрландскай мове пад назвай Het Achterhuis (нід. “Задні дом”). Гэтыя лісты яна пісала выдуманай ёю сяброўцы Кіці, расказваючы ўсё, што адбывалася з ёй і іншымі насельнікамі сховішча кожны дзень. Пад уражаннем ад выступу па нідэрландскім радыё “Аранье” міністра адукацыі Нідэрландаў Херыта Балкерстэйна, які заклікаў грамадзян захоўваць любыя дакументы (асабліва важнымі былі названыя дзённікі), якія стануць доказам пакутаў народа ў гады нямецкай акупацыі, Анна пачала перапрацоўваць дзённік у раман, паралельна робячы новыя запісы. Сям’я Франкаў была арыштаваная нідэрландскай паліцыяй і гестапаўцамі па даносе пасля 25 месяцаў хавання, 4 жніўня 1944 году. Іх дэпартавалі ў транзітны канцлагер Вестэрброк, адтуль — у Асвенцым, на эшалоне, які стаў апошнім, што павёз нідэрландскіх габрэяў у гэты лагер. Увосень 1944 у ліку жанчын, якія прайшлі селекцыю, Анна была перавезеная ў лагер Берген-Бельзэн, дзе памерла ў пачатку сакавіка 1945 ва ўзросце 15 гадоў. Праз месяц ангельцы вызвалілі Берген-Бельзэн. З усёй сям’і Франкаў выжыў толькі бацька Анны Ота Франк (памёр у Швейцарыі ў 1980).
Памёр Мантэгю Родс Джэймс (анг. Montague Rhodes James, нар. 1 жніўня 1862), ангельскі пісьменнік і навуковец (тэкстолаг і бібліёграф-медыевіст). Адзін з класікаў жанру ghost story — апавяданняў пра прывідаў, хаця развіў ён гэты жанр па-свойму, і даследчыкі кажуць пра асобны жанр “джэймсіянскай” навэлы, або “антыкварнага” дэтэктыву.
Памёр Ханс Хайнц Эверс (ням. Hanns Heіnz Ewers, нар. 3 лістапада 1871), нямецкі празаік і паэт, аўтар містычных апавяданняў і раманаў гатычнае скіраванасці. Свой творчы шлях Эверс пачынаў з працы ў кабарэ і выдання казак і фельетонаў. У 1910-х гадах пачалі выходзіць яго першыя раманы, якія прынеслі яму славу ў асяроддзі дэкадэнтаў. На творчасць пісьменніка паўплывалі Эдгар Алан По і Оскар Ўайлд, сам жа ён паўплываў на многіх пісьменнікаў-фантастаў ХХ ст. У 1913 годзе па сцэнары Эверса быў зняты фільм “Пражскі студэнт”. У 1920-я гады Эверс зацікавіўся нацыянал-сацыялізмам і ў прыватнасці ідэямі германскага нацыяналізму (што пасля паўплывала на стаўленне да яго пасля вайны, калі яго творы былі выкрасленыя з гісторыі нямецкай літаратуры). Пасля “ночы доўгіх нажоў” 30 чэрвеня 1934 году большая частка кніг Эверса як пісьменніка-гомасэксуаліста, апроч “Хорста Весэля” і “Конніка нямецкай ночы” (Reіter іn deutscher Nacht), была ў Германіі забароненая. У канцы жыцця Эверса друкавалі мала, і 12 чэрвеня 1943 году ён памёр у беднасці. На беларускую мову апавяданне Эверса “Павучыха” пераклаў Альгерд Бахарэвіч.
Нарадзіўся Філіп Топал (чэшск. Filip Topol), чэшскі пісьменнік і музыка, удзельнік і аўтар тэкстаў гурта “Воіны-псы” (Psí vojáci). Фактычна ўся паэзія Філіпа Топала сабраная ў томе “Народ воінаў-псоў” (Národ Psích vojáků, 2004). Дагэтулешняя празаічная творчасць Філіпа Топала ўключае тры невялікія творы: аповесць “Карла Залатара падарожжа на Корсіку” (Karla Klenotníka cesta na Korsiku; перакладзеная на беларускую мову Веранікай Бяльковіч і змешчаная ў калектыўнай кнізе Яхіма, Філіпа і Ёзэфа Топалаў “Анёл”, Мінск, Логвінаў, 2008), юначая аповесць (ці хутчэй дзённікавы запіс) “Мне 13” (Mně 13, пераклад на беларускую Наталлі Пяткевіч) і паэма ў прозе “Нататкі закаханага” (Zápisky milencovy, 2004).
Памёр Булат Акуджава (руск. Булат Окуджава, груз. ბულატ ოკუჯავა; нар. 9 траўня 1924), рускі бард, паэт, празаік, кампазітар, драматург. Аўтар каля 200 песняў, напісаных на ўласныя вершы, адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў жанру аўтарскай песні ў 1950—1980-я гг. З 1989 г. — чалец-заснавальнік расійскага ПЭН-цэнтра. Лаўрэат прэміі “Рускі Букер” (1994) за аўтабіяграфічны раман “Скасаваны тэатр” (“Упразднённый театр”).
Памёр Антон Адамовіч (псеўд.: Альгердзіч Г., Бірыч В., Забранскі Д., Недасек Н., Склют Р., Юстапчык С.; крыпт. А.Ан.; нар. 26 чэрвеня 1909), беларускі літаратуразнавец, гісторык, публіцыст, празаік, доктар філалогіі. У 1920-я пісаў пра творчасць сучасных яму беларускіх літаратараў, у тым ліку манаграфічнае даследаванне пра творчасць М. Гарэцкага. Першая друкаваная праца — рэцэнзія на зборнік В. Маракова “Пялёсткі” (“Чырвоны сейбіт”, 1926). Уваходзіў у літаб'яднанне “Узвышша”. Двойчы арыштоўваўся, высылаўся ў Кіраў. Вызвалены ў 1938, вярнуўся ў Мінск. Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе. У час Другой сусветнай вайны заставаўся ў Мінску. З ліпеня 1941 — адзін з арганізатараў выдання шэрагу беларускіх газет, часопісаў, кніг. Узначаліў выдавецкі аддзел, створаны пры Мінскай гарадской управе для арганізацыі выпуску газет. З 1960 жыў у ЗША. Тады ж стаў адным з кіраўнікоў радыёстанцыі “Свабода”. Працягваў пісаць гістарычна-літаратурныя і крытычныя артыкулы. Аўтар агулам каля 250 працаў, у тым ліку на ангельскай, нямецкай і рускай мовах.