№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 7 ліпеня

  • 1796

    Нарадзіўся Ян Чачот (польск. Jan Czeczot, псеўд. Tłumacz Piosnek wieśniaczych z nad Niemna i Dźwiny; крыпт. Jan Cz…t; Jan Cz…tt; F. Kol; памёр 23 жніўня 1847), беларуска-польскі паэт, фалькларыст, мовазнавец, сябар Адама Міцкевіча. З 1820 узначаліў Блакітны (літаратурны) аддзел у складзе Таварыства філарэтаў пры Віленскім універсітэце. На працягу 1837—1846 сабраў і выдаў у Вільні 6 фальклорных зборнікаў “Сялянскія песні”, куды ўвайшло каля тысячы песняў у перакладзе на польскую мову і ў арыгінале, уласна беларускія вершы, а таксама прыказкі і прымаўкі, слоўнік беларускай мовы (200 словаў). Амаль кожны з гэтых зборнікаў адкрываўся прадмовамі, у якіх аўтар з сімпатыяй адзначаў асаблівасці беларускага фальклору і мовы. Ян Чачот перакладаў на польскую мову вершы з ангельскай і французскай. Том выбраных твораў Яна Чачота, выдадзены "Беларускім кнігазборам", у электронным выглядзе можна знайсці тут.

  • 1816

    Памёр Рычард Брынслі Шэрыдан (анг. Richard Brinsley Sheridan, нар. 30 кастрычніка 1751), англа-ірландскі драматург і палітык-ліберал. Аўтар адной з найлепшых ангельскіх камедый нораваў “Школа зласлоўя” (The School for Scandal, 1777).

  • 1882

    Нарадзіўся Янка Купала (сапр. Іван Луцэвіч, псеўд. і крыпт.: Адзін з “парнаснікаў”; Вайдэльота; Здарэнец; Левы; Марка Бяздольны; Ня-Гутнік; Стары Мінчук; Янук з-пад Мінска; Янук Купала; К.; І. К.; Я. К.; К-а; Л.; І. Л.; Л. І.; памёр 28 чэрвеня 1942), беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Купала пераклаў на беларускую мову “Слова пра паход Ігаравы” (прозай і вершам), польскі тэкст у п'есах В. Дуніна-Марцінкевіча “Ідылія” і “Залёты”, лібрэта оперы “Галька” С. Манюшкі, паэму А. Пушкіна “Медны коннік”, шэраг вершаў і паэм Т. Шаўчэнкі, асобныя творы М. Някрасава, І. Крылова, А. Кальцова, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Крашэўскага, У. Бранеўскага, Е. Жулаўскага, П. Панча і інш.

  • 1884

    Нарадзіўся Ліён Фейхтвангер (ням. Lion Feuchtwanger, памёр 21 снежня 1958), нямецкі пісьменнік габрэйскага паходжання, доктар філасофіі (1907). Пачынаў як тэатральны крытык і драматург. Аўтар сусветна вядомых гістарычных раманаў “Брыдкая герцагіня” (Die häßliche Herzogin, 1923), “Габрэй Зюс” (Jud Süß, 1925), “Ілжэ-Нерон” (Der falsche Nero, 1936), “Лісы ў вінаградніку” (Die Füchse im Weinberg, 1946), “Гоя, або Цяжкі шлях пазнання” (Goya oder der arge Weg der Erkenntnis, 1951) і інш. У творах аддаваў перавагу сацыяльна-палітычным і філасофскім праблемам — чалавека і гісторыі, творчай асобы і рэвалюцыі, сузірання і дзеяння, грамадскага прызначэння мастака і мастацтва, мінуўшчыны і сучаснасці; яны адметныя каларытнасцю дэталі, сюжэтнай шматпланавасцю, парабалічнасцю. Многія яго раманы экранізаваныя. Аўтар п'есаў, апрацовак твораў ангельскіх аўтараў, літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ і інш.

  • 1893

    Нарадзіўся Міраслаў Крлежа (харв. Miroslav Krleža, памёр 29 снежня 1981), харвацкі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з найбуйнейшых харвацкіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў мадэрнізму ў балканскіх літаратурах, развіваў традыцыі скандынаўскай драмы мяжы стагоддзяў, пошукі французскіх сімвалістаў, нямецкага і аўстрыйскага экспрэсіянізму. У 1951 ачоліў Харвацкі інстытут лексікаграфіі, які цяпер носіць яго імя. Літаратурная прэмія Югаславіі насіла яго імя з 1986 году.

  • 1907

    Нарадзіўся Роберт Энсан Хайнлайн (анг. Robert Anson Heinlein, памёр 8 траўня 1988), адзін з найбуйнейшых пісьменнікаў-фантастаў XX стагоддзя, які ў многім вызначыў аблічча сучаснай навуковай фантастыкі. Побач з Айзэкам Азімавым і Артурам Кларкам, Хайнлайн ацэньваецца к адзін з трох Вялікіх Майстроў фантастыкі. Лаўрэат прэстыжных прэміяў “Х'юга” (Hugo Award, 1951, 1956, 1960, 1962, 1967) і “Нэб'юла” (Nebula Award, 1974) і інш. У сваёй творчасці ўздымаў праблемы расізму, індывідуалізму, сэксуальнай эмансіпацыі і інш.

  • 1930

    Памёр сэр Артур Ігнацыюс Конан Дойл (анг. Sir Arthur Ignatius Conan Doyle, нар. 22 траўня 1859), брытанскі пісьменнік, што атрымаў найбольшую вядомасць дзякуючы сваім дэтэктыўным гісторыям пра Шэрлака Холмса і доктара Ўотсана, якія сталі прарывам у галіне дэтэктыўнага жанру. Аднак, як неаднойчы прызнаваўся сэр Артур, ён хацеў бы, каб яго памяталі больш за яго спірытуалістычную дзейнасць, чым за літаратурную творчасць. Дзесяць з шасцідзесяці яго кніг прысвечаныя спірытуалізму, пісьменнік на свае асабістыя сродкі адкрыў у Лондане тэматычныя кнігарню і музей. Біяграфію падрабязней і пераклады апавяданняў Дойла “Гісторыя лэдзі Сэнакс”, “Вусцішны пакой” (пераклады Алены Пятровіч) і “Пярсцёнак Тота” (пераклад Паліны Маслянковай) можна прачытаць на сайце “ПрайдзіСвета”.

  • 1940

    У Львове адкрыты літаратурны музей Івана Франка.

  • 1942

    Памёр Яўген Ляцкі (нар. 15 сакавіка 1868), беларускі крытык, гісторык літаратуры, даследчык беларускага фальклору. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1893 скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. У 1917 выехаў у Фінляндыю, з 1922 жыў у Чэхаславакіі. Адкрыў у Празе выдавецтва “Пламя”, узначальваў кафедру ў Карлавым універсітэце. Аўтар рамана “Тундра”. Ягоныя фальклорна-этнаграфічныя даследаванні напісаныя на падставе матэрыялаў, сабраных падчас экспедыцыяў па Беларусі і ў іншыя краіны. Шмат зрабіў для прапаганды за мяжой беларускай літаратуры і фальклору. У манаграфіі, прысвечанай “Слову пра паход Ігаравы”, значнае месца адвёў беларускаму элементу гэтага помніка. У 1927—1929 апублікаваў цыкл артыкулаў “Нататкі па беларусазнаўстве”.

  • 1945

    Памерла Саламея Нерыс (літ. Salomėja Nėris, нар. 17 лістапада 1904), літоўская паэтка і перакладчыца. Псеўданім паэтка выбрала ў гонар літоўскай ракі Нерыс (Neris), аднак у 1940 г. яна атрымала ліст ад сваіх вучняў, дзе яе называлі здрадніцай радзімы і прасілі адмовіцца ад выкарыстання ў якасці псеўданіма назвы ракі, тады яна дадала дыякрытычны знак над “е”, каб яе імя больш не несла ніякага дадатковага сэнсу. За першыя зборнікі вершаў “Рана ранкам” (Anksti rytą, 1927), “Сляды на пяску” (Pėdos smėly, 1931) крытыкі называлі яе літоўскай Ахматавай. Перакладала на літоўскую мову творы Ахматавай, Маршака, Караленкі, Тургенева, Пушкіна і інш.

  • 1956

    Памёр Готфрыд Бэн (ням. Gottfried Benn, нар. 2 траўня 1886), нямецкі паэт, эсэіст, навеліст, публіцыст, тэарэтык мастацтва. Бэн атрымаў вядомасць паэта-экспрэсіяніста яшчэ да Першай сусветнай вайны, выдаўшы невялікі зборнік вершаў “Морг і іншыя вершы” (Morgue und andere Gedichte, 1912), дзе выкарыстаў вобразы, звязаныя з гніеннем трупаў, за што падвяргаўся нападкам з боку маралістаў. Бэн быў улучаны ў склад паэтычнай секцыі прускай Акадэміі ў 1932 годзе і прызначаны яе кіраўніком ў лютым 1933-га. Аднак ён не апраўдаў чаканняў нацыянал-сацыялістаў, за што быў выключаны з яе ў чэрвені таго ж году. Ашаломлены “Ноччу доўгіх нажоў”, Бэн адразу ж адмовіўся ад нацысцкай ідэалогіі. У траўні 1936 году корпус часопіса SS Das Schwarze прызнаў яго экспрэсіянісцкую і эксперыментальную паэзію выраджэнскай, габрэйскай і гомасэксуальнай. 1938 годзе Нацыянал-сацыялістычная асацыяцыя аўтараў (Reichsschrifttumskammer) забараніла Бэну пісаць. Пасля вайны саюзнікі забаранілі яго творы праз яго першапачатковую падтрымку Гітлера. Доўгая творчая паўза скончылася ў 1948 годзе, калі Бэн выдаў зборнік “Статычныя вершы” (Statische Gedichte), а на наступны год — сюррэалістычны раман “Пталямеец” (Der Ptolemäer: Berliner Novelle 1947). Падрабязней пра аўтара можна пачытаць тут, яго верш “Gedichte” пераклала на беларускую Кацярына Маціеўская.

  • 1975

    Нарадзіўся Захар Прылепін (руск. Захар Прилепин, сапр. Яўгеній Прылепін), рускі пісьменнік, філолаг, журналіст, сябра нацыянал-бальшавісцкай партыі Расіі, быў камандзірам аддзялення АМАПу, ваяваў у Чачні. Лаўрэат многіх літаратурных прэмій, у т.л. газеты “Литературная Россия” (2004), “Роман-газеты” ў намінацыі “Адкрыццё” (2005), “Национальный бестселлер” за раман у апавяданнях “Грэх” (“Грех”, 2008), “Супер Нацбест” і інш.

  • 1991

    Памёр Міхась Рудкоўскі (нар. 17 красавіка 1936), беларускі паэт і перакладчык з украінскай, рускай і польскай моваў. Аўтар зборнікаў вершаў “Першыя вёрсты” (1963), “Трыгор'е” (1981), “Залатазвон” (1986) і інш.