Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейУ бітве з баскамі ў цясніне Рансэваль загінуў удзельнік паходу Карла Вялікага ў Гішпанію, франкскі маркграф Раланд, што стаў героем эпасу “Песня пра Раланда”, урыўкі з якога на беларускую мову перакладаў Зміцер Колас.
Нарадзіўся Вальтэр Скот (анг. Walter Scott, памёр 21 верасня 1832), празаік, паэт і гісторык шатландскага паходжання, знакаміты перадусім сваімі гістарычнымі раманамі (традыцыйна лічыцца заснавальнікам гэтага жанру), першы ангельскамоўны пісьменнік, які набыў ледзь не сусветную папулярнасць і шырока чытаўся і перакладаўся ўжо пры жыцці за межамі свае радзімы, класік ангельскага і шатландскага рамантызму, чалавек, які меў фенаменальную памяць. З адзінаццаці яго братоў і сёстраў засталося ў жывых толькі пяцёра, не лічачы будучага пісьменніка. У дзяцінстве Скот перахварэў на дзіцячы паралюш, што стала прычынай пажыццёвага кульгання на правую нагу. Пасля заканчэння каледжа Скот па працоўнай неабходнасці (а ён працаваў адвакатам) шмат ездзіў па краіне, збіраў народныя легенды і паданні пра герояў шатландскай даўніны, а таксама займаўся перакладамі нямецкай паэзіі (сярод іншага пераклаў баладу Г. А. Бюргера “Ленора”). Апроч раманаў Вальтэр Скот — аўтар шэрагу паэтычных твораў, у тым ліку гатычных і рамантычных балад. На беларускую няскончаную баладу Скота “Шэры манах” пераклаў Андрэй Стэфановіч.
Нарадзіўся Томас Дэ Куінсі (анг. Thomas De Quincey, памёр 8 снежня 1859), ангельскі пісьменнік, аўтар знакамітай “Споведзі ангельца, які ўжывае опіюм” (Confession of an English Opium-Eater, 1822). Да творчасці Дэ Куінсі звярталіся сімвалісты (Шарль Бадлер, Марсэль Швоб), сюррэалісты. Брэтон уключыў яго эсэ “Пра забойства як разнавіднасць вытанчаных мастацтваў” у сваю “Анталогію чорнага гумару” (1940). Да постаці і спадчыны Дэ Куінсі з цікавасцю ставіўся Борхес: ён пастаянна звяртаўся да “Споведзі” і эсэ Дэ Куінсі, а ў канцы жыцця ўклаў том ягонай эсэістыкі, які ўключыў у сваю “Асабістую бібліятэку”.
Нарадзіўся Ян Бжэхва (польск. Jan Brzechwa, сапр. Ян Віктар Лесман, памёр 2 ліпеня 1966), польскі паэт габрэйскага паходжання, аўтар мноства знакамітых вершаў і казак для дзяцей, сатырычных тэкстаў для дарослых, перакладчык. Вершы Яна Бжэхвы на беларускую мову перакладалі Рыгор Барадулін, Інэса Кур'ян, Алег Мінкін, казку “Акадэмія доктара Клякса” — Алена Пятровіч.
Нарадзіўся Ян Камперт (нід. Jan Remco Theodoor Campert, памёр 12 студзеня 1943), нідэрландскі паэт. Арыштаваны за дапамогу габрэям падчас нацысцкай акупацыі Нідэрландаў і адпраўлены ў гамбургскі канцэнтрацыйны лагер Ноегамэ, дзе і памёр. Найбольш вядомы ў свеце вершам “Васямнаццаць смяротнікаў” (De achttien dooden, 1941), які апісвае пакаранне 15 падпольшчыкаў і трох забастоўшчыкаў нацыстамі. Верш напісаны ў 1941 годзе пад уражаннем артыкула ў амстэрдамскай газеце Het Parool. Першая страфа гэтага верша Камперта высечаная на камні ля былога лагера Вестэрборк. На рускую “Васямнаццаць смяротнікаў” пераклаў Іосіф Бродскі (пад назвай “Песня о восемнадцати казнённых”).
Нарадзіўся Клэйтан Роўсан (анг. Clayton Rawson, памёр 1 сакавіка 1971), амерыканскі пісьменнік, аўтар дэтэктываў, рэдактар дэтэктыўных газет, ілюзіяніст-аматар. Час, калі Роўсан пісаў свае творы, прыпадае на залаты век дэтэктыву (1930-я). Галоўны герой многіх дэтэктываў Роўсана — ілюзіяніст Вялікі Мерліні, які фігуруе ў чатырох яго раманах і дванаццаці навелах.
Памерла Грацыя Дэледа (іт. Grazia Deledda, нар. 27 верасня 1871), італьянская пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1926) “за паэтычныя творы, у якіх з пластычнай выразнасцю апісваецца жыццё яе роднай выспы [Сардыніі], а таксама за глыбіню падыходу да чалавечых праблемах у цэлым”.
Нарадзіўся Стыг Ларсан (шведск. Stieg Larsson, сапр. Карл Стыг-Эрланд Ларсан, памёр 9 лістапада 2004), шведскі журналіст і пісьменнік. Апошнім часам вельмі шырокую папулярнасць у свеце набыла серыя яго раманаў, паводле якіх знялі фільмы: “Мужчыны, якія ненавідзяць жанчын” (Män som hatar kvinnor), “Дзяўчына, што гуляла з агнём” (Flickan som lekte med elden) і “Паветраны замак, які ўзарваўся” (Luftslottet som sprängdes,). Чацвертая кніга гэтай серыі была дапісаная пасля смерці Ларсана. За свае раманы Стыг Ларсан пасмяротна атрымаў некалькі прэміяў, у тым ліку двойчы (2006 і 2008) — прэмію паўночных краінаў “Шкляны ключ” (за найлепшы крымінальны раман году). Шведскае напісанне свайго імені Стыг Ларсан змяніў (са Stig на Stieg), таму што ягоны будучы калега па пяры і цёзка Стыг Ларсан стаміўся ад вечнай блытаніны. На той момант яны яшчэ не былі пісьменнікамі і абодва цікавіліся фатаграфіяй.