Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Марк Анэй Лукан (лац. Marcus Annaeus Lucanus, памёр 30 красавіка 65), рымскі паэт, самы значны рымскі эпік пасля Вергілія. Пляменнік Сэнэкі. Большасць твораў Лукана — паэма “Арфей” (вядомая яшчэ ў Сярэднявеччы), “Іліякон” (пра Траянскую вайну і смерць Гектара), “Катахтаніён”, “Сатурналіі”, трагедыі “Медэя” і многае іншае — да нас не дайшлі. Захавалася толькі адна эпіграма і няскончаная паэма “Фарсалія, альбо Пра грамадзянскую вайну” (Bellum civile sive Pharsalia) у 10 кнігах.
Нарадзіўся Ханс Хайнц Эверс (ням. Hanns Heіnz Ewers, памёр 12 чэрвеня 1943), нямецкі празаік і паэт, аўтар містычных апавяданняў і раманаў гатычнае скіраванасці. Свой творчы шлях Эверс пачынаў з працы ў кабарэ і выдання казак і фельетонаў. У 1910-х гадах пачалі выходзіць яго першыя раманы, якія прынеслі яму славу ў асяроддзі дэкадэнтаў. На творчасць пісьменніка паўплывалі Эдгар Алан По і Оскар Ўайлд, сам жа ён паўплываў на многіх пісьменнікаў-фантастаў ХХ ст. У 1913 годзе па сцэнары Эверса быў зняты фільм “Пражскі студэнт”. У 1920-я Эверс зацікавіўся нацыянал-сацыялізмам і ў прыватнасці ідэямі германскага нацыяналізму (што пасля паўплывала на стаўленне да яго пасля вайны, калі яго творы былі выкрасленыя з гісторыі нямецкай літаратуры). Пасля “ночы доўгіх нажоў” 30 чэрвеня 1934 году большая частка кніг Эверса як пісьменніка-гомасэксуаліста, апроч “Хорста Весэля” і “Конніка нямецкай ночы” (Reіter іn deutscher Nacht), была ў Германіі забароненая. У канцы жыцця Эверса друкавалі мала, і 12 чэрвеня 1943 году ён памёр у беднасці. На беларускую мову апавяданне Эверса “Павучыха” пераклаў Альгерд Бахарэвіч.
Нарадзіўся Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, псеўд.: Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй “сацыяліст”, Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і інш.; памёр 13 жніўня 1956), беларускі празаік, паэт і перакладчык. Класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі.
Нарадзіўся Самуіл Маршак (руск. Самуил Маршак, памёр 4 ліпеня 1964), рускі савецкі паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык. Маршак — аўтар перакладаў на рускую мову санэтаў Ў. Шэкспіра, вешаў Р. Бэрнса, Ў. Блэйка, Ў. Ўордсварта, Дж. Кітса, Р. Кіплінга, Э. Ліра, а таксама твораў украінскіх, беларускіх, літоўскіх, армянскіх і іншых паэтаў. За пераклады Р. Бэрнса Маршак атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Шатландыі.
Нарадзіўся Андрэ Мальро (фр. André Malraux, памёр 23 лістапада 1976), французскі пісьменнік, культуролаг, ідэолаг Пятай рэспублікі. На яго працах “выхоўваліся” такія філосафы і пісьменнікі, як Альбэр Камю і Жан Грэнье.
Памёр Антон Пурцэладзэ (груз. ანტონ ფურცელაძე; нар. 6 снежня 1839), грузінскі пісьменнік, публіцыст, крытык, сацыёлаг, гісторык і эканаміст, які пакінуў прыкметны след у грузінскай літаратуры XIX стагоддзя.
Памёр Георг Тракль (ням. Georg Trakl, нар. 3 лютага 1887), аўстрыйскі паэт, адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў аўстрыйскага экспрэсіянізму. Пры жыцці паэта выйшаў усяго адзін зборнік “Вершы” (Gedichte, 1913). З пачаткам Першай сусветнай вайны Тракль быў мабілізаваны, але, пакутуючы на дэпрэсію, ён рабіў спробы скончыць жыццё самагубствам. Апошняя сталася паспяховай — Тракль памёр у бальнічнай палаце ад перадазіроўкі какаіну. Яго творчасць зрабіла моцны ўплыў на развіццё нямецкамоўнай паэзіі. Больш падрабязна пра паэтыку Тракля можна пачытаць у артыкуле Наталлі Ламекі “Міфапрастора паэзіі Г. Тракля”.
Памёр Леон Блуа (фр. Léon Bloy, нар. 11 ліпеня 1846), французскі пісьменнік, мысляр-містык. Школы не скончыў, атрымаў сямейнае выхаванне. Рана пачаў пісаць, вёў дзённік, адышоў ад рэлігіі. З 1864 — дробны клерк у Парыжы па пратэкцыі бацькі. У 1868 пазнаёміўся з Барбэ д'Арэвільі, які вярнуў яго ва ўлонне каталіцызму і добраахвотным сакратаром якога ён стаў. Удзельнічаў добраахвотнікам у франка-прускай вайне. Дэбютаваў у 1875. Публікаваўся ў газетах і часопісах, выступаў як гарачы палеміст. Аўтар раманаў, навэлаў, палемічных эсэ, дзённіка, які вёў многія гады. Атрымаў вядомасць як глыбокі каталіцкі мысляр. Яго постаць прыцягвала ўвагу М. Бярдзяева, Ф. Кафкі, Э. Юнгера, К. Шміта, Х. Л. Борхеса, Г. Бёля і іншых.
Нарадзіўся Янка Юхнавец (памёр 6 студзеня 2004), беларускі паэт, празаік, драматург, мастак, скульптар. З 1949 жыў у ЗША. Літаратурную дзейнасць пачаў у эміграцыі. Дэбютаваў у друку ў 1948 (часопісы “Шыпшына” і “Сакавік”). Аўтар зборнікаў паэзіі “Шорах моўкнасці” (Нью-Ёрк, 1955), “Новая Элегія” (Баварыя, 1964), “Калумбы” (Нью-Ёрк, 1967). Выйшлі кнігі выбранай паэзіі “Творы” (Нью-Ёрк, 1989—1990), “Сны на чужыне” (Мінск, 1994; з серыі “Галасы беларускага замежжа” выдавецтва “Мастацкая літаратура”).
Памёр Улаў Аўкруст (нарв. Olav Aukrust, нар. 21 студзеня 1883), нарвежскі паэт. Працаваў сялянскім настаўнікам, вывучаў мясцовыя дыялекты, якія выкарыстоўваў у сваіх вершах. Зрабіў вялікі ўнёсак у станаўленне нюнорска ў якасці літаратурнай мовы. Сёння гэта адна з дзвюх афіцыйных нормаў нарвежскай мовы, якую выкарыстоўвае 5 мільёнаў нарвежцаў (12% усяго насельніцтва краіны).
Расстраляны Мікола Куліш (укр. Микола Куліш, нар. 18 снежня 1892), украінскі пісьменнік, рэжысёр, драматург, грамадскі дзеяч, журналіст і рэдактар, дзеяч украінскай асветы, педагог. Мікола Куліш — стваральнік мадэрнісцкай драмы ўкраінскага адраджэння. Яго п’есы “Народны Малахій” (1928), “Міна Мазайла” (1929), “Маклена Граса” (1933) вывелі ўкраінскі тэатр на сусветны ўзровень. За 10 гадоў творчай працы Куліш напісаў 14 п’есаў — усе яны па чарзе былі забароненыя, а сам пісьменнік ― расстраляны. Каля паловы п’есаў на сённяшні дзень лічацца страчанымі. На беларускую мову п'есу “Народны Малахій” пераклала Паліна Маслянкова.
Памёр Мікола Зэраў (укр. Микола Зеров, нар. 26 красавіка 1890), украінскі паэт, літаратуразнаўца, крытык, прафесар Кіеўскага ўніверсітэта, майстра санэту, лідар групы “неакласікаў”, перакладчык антычнай паэзіі.
Памёр Змітрок Бядуля (сапр. Самуіл Плаўнік, нар. 23 красавіка 1886), беларускі паэт і празаік. Ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і крыху польскую. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам іўрыту. Яшчэ хлопчыкам Бядуля складаў вершы на іўрыце, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасці лічыцца 1907, калі ён пачаў пісаць вершы па-руску і пасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі. Першы мастацкі твор будучага пісьменніка ўбачыў свет у газеце “Наша Ніва”. Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне “Маладняк”, пасля — ва “Узвышша”.
Памёр Расул Гамзатаў (аварск. Расул XIамзатов, нар. 8 верасня 1923), аварскі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, палітычны дзеяч. Перакладаў на аварскую мову творы А. Пушкіна, М. Лермантава, У. Маякоўскага, С. Ясеніна і інш. Быў сябрам рэдакцыі часопісаў “Новый Мир”, “Дружба народов”, газет “Литературная газета”, “Литературная Россия” і інш. Лаўрэат дзясяткаў літаратурных прэмій.
Памёр Франсіска Аяла (гішп. Francisco Ayala García-Duarte, нар. 16 сакавіка 1906), гішпанскі пісьменнік, перакладчык, сацыёлаг. Лаўрэат некалькіх нацыянальных прэмій, сярод якіх прэмія Мігеля дэ Сервантэса (1991). Неаднаразова намінаваўся на Нобелеўскую прэмію. Адзін з самых вядомых яго твораў — раман-прыпавесць “Зачараваны” (1944), які часта параўноўваюць з прозай Кафкі і які высока ацаніў Борхес, уключыўшы яго ў сваю “Асабістую бібліятэку”. Аяла быў апошнім прадстаўніком культурнага руху Пакалення 1927 году. Памёр у 103 гады.