№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 30 лістапада

  • 1667

    Нарадзіўся Джонатан Свіфт (анг. Jonathan Swift, памёр 19 кастрычніка 1745), англа-ірландскі пісьменнік, сатырык, грамадскі дзеяч. Быў настаяцелем сабора святога Патрыка ў Дубліне, абараняў правы простых ірландцаў. У свой час лічыўся майстрам палітычнага памфлета. Найбольш вядомы як аўтар кнігі “Падарожжы Гулівера” (The travels into several remote nations of the world by Lemuel Gulliver, first a surgeon, and then a captain of several ships, 1726).

  • 1817

    Нарадзіўся Тэадор Момзэн (ням. Christian Matthias Theodor Mommsen, памёр 1 лістапада 1903), нямецкі гісторык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1902). Лічыцца найвялікшым класіцыстам ХІХ стагоддзя. Яго працы па рымскай гісторыі лічацца надзвычай важнымі нават для сучаснай навукі.

  • 1835

    Нарадзіўся Марк Твэн (анг. Mark Twain, сапр. Сэмюэл Клеменс; памёр 21 красавіка 1910), амерыканскі пісьменнік, журналіст і грамадскі дзеяч. Яго творчасць ахоплівае мноства жанраў — гумар, сатыра, філасофская фантастыка, публіцыстыка і інш. Працаваў наборшчыкам у друкарні, рачным лоцманам, шукальнікам золата, рэпарцёрам. Дэбютаваў апавяданнем “Знакамітая жаба-скакуха з Калавераса” (The Celebrated Jumping Frog of Calaveras County, 1865). Найбольшую вядомасць атрымалі два цыклы твораў Марка Твэна: своеасаблівы эпас ракі Місісіпі (зборнікі нарысаў “Даўнія часы на Місісіпі”, Old Times on the Mississippi, 1875, “Жыццё на Місісіпі”, Life on the Mississippi, 1883), аповесці “Прыгоды Тома Соера” (The Adventures of Tom Sawyer, 1876), “Прыгоды Гекльберы Фіна” (Adventures of Huckleberry Finn, 1884) і проза на “сярэднявечныя” тэмы (алегарычная аповесць “Прынц і жабрак”, The Prince and the Pauper, 1882; раман-антыўтопія “Янкі з Канектыкута пры двары караля Артура”, A Connecticut Yankee in King Arthur's Court, 1889, раман “Асабістыя ўспаміны пра Жанну д'Арк яе пажа і сакратара Луі дэ Конта”, Personal Recollections of Joan of Arc, 1896 і інш.). Сярод перакладчыкаў твораў Марка Твэна на беларускую мову — І. Гурскі, П. Кавалёў, А. Марціновіч, Я. Маўр, І. Пташнікаў, А. Савіцкі, Б. Сачанка, Я. Семяжон, М. Татур, М. Ткачоў, Т. Хадкевіч і інш.

  • 1900

    Памёр Оскар Ўайлд (анг. Oscar Fingal O'Flahertie Wills Wilde, нар. 16 кастрычніка 1854), брытанска-ірландскі паэт, празаік, драматург, эсэіст, адзін з самых вядомых пісьменнікаў позневіктарыянскага перыяду, яркая знакамітасць свайго часу. Вучыўся ў Оксфардзе. У 1881 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Вершы” (Poems). Ён вытрымаў 5 перавыданняў па 250 асобнікаў цягам аднаго году, але ўсе выдаткі па яго выпуску ўзяў на сябе сам Ўайлд. Адначасова з выхадам зборніка з’явілася камічная опера “Цярпенне” паэта Ўільяма Швенка Гілберта і кампазітара Артура Салівана, дзе адным са спарадыяваных персанажаў быў Ўайлд. Опера наклала на вершы Ўайлда, якія тады, мабыць, ніхто не прачытаў і вельмі нямногія прачыталі да сёння, адбітак скандальнай рэпутацыі аўтара. А пасля выпадку з Оксфардскім дыскусійным таварыствам, якое папрасіла Ўайлда падараваць яму гэтую кнігу, а потым адхіліла падарунак, вершы Ўайлда трывала і надоўга забыліся, і рэпутацыя “цікавага драматурга, але пасрэднага паэта” цягнецца за ім да гэтага часу. У Лондане Ўайлда ведалі ўсе, ён быў самым жаданым госцем у любым салоне. Але адначасова яго шырока крытыкавалі, малявалі карыкатуры і чакалі рэакцыі. У 1887 годзе Ўайлд выдаў апавяданні “Кентэрвільскі прывід”, “Злачынства лорда Артура Сэвіла”, “Сфінкс без загадкі”, “Натуршчык-мільянер”, “Партрэт містэра У.Х.”, якія склалі зборнік яго апавяданняў. У 1890 годзе пабачыў свет адзіны раман, які прынёс Ўайлду вялізны поспех, — “Партрэт Дарыяна Грэя” (The Picture of Dorian Gray). Крытыка абвінаваціла раман у амаральнасці. У адказ на 216 водгукаў на “Партрэт Дарыяна Грэя” Ўайлд напісаў больш за 10 адкрытых лістоў у рэдакцыі брытанскіх газетаў і часопісаў, тлумачачы, што мастацтва не залежыць ад маралі. У 1891 г. раман са значнымі дапаўненнямі выйшаў асобнай кнігай, і Ўайлд дапоўніў яго прадмовай, што зрабілася з гэтага часу маніфестам эстэтызму. У 1892 годзе была напісаная і пастаўленая першая камедыя Ўайлда — “Веер лэдзі Ўіндэрмір” (Lady Windermere's Fan), поспех якой зрабіў яго самым папулярным чалавекам Лондана. У 1893 годзе выйшла яго наступная камедыя — “Жанчына, не вартая ўвагі” (The Woman of No Importance). Самым паспяховым у творчым плане робіцца для Ўайлда 1895 год: тады былі напісаныя і пастаўленыя дзве яго п’есы — “Ідэальны муж” (An Ideal Husband) і “Як важна быць сур’ёзным” (The Importance of Being Earnest). У 1895 годзе Ўайлд па абвінавачанні ў “непрыстойных паводзінах” быў прысуджаны да двух гадоў турэмнага зняволення. Пасля выхаду жыў у Францыі пад імем Себасцьян Мельмот (прозвішча было пазычанае з гатычнага рамана Чарлза Мэцьюрына, стрыечнага дзеда Ўайлда, — “Мельмот-вандроўнік”). У Францыі Ўайлд напісаў паэму “Балада Рэдынгскай турмы”. Незадоўга да смерці Ўалд сказаў пра сябе: “Я не перажыву XIX стагоддзе. Ангельцы не вытрываюць маёй далейшай прысутнасці”. Ён быў пахаваны ў Парыжы на могілках Баньё. Прыкладна праз 10 гадоў яго перапахавалі на могілках Пер-Лашэз, а на магіле быў усталяваны крылаты сфінкс з каменя працы Джэйкаба Эпстайна. У 1918 годзе ў адмысловай нішы помніка быў пахаваны і прах самага адданага сябра Ўайлда Роберта Роса — паводле ўласнага тэстаменту апошняга. Апавяданне Ўайлда “Сфінкс без загадкі” ў перакладзе Алены Пятровіч можна прачытаць тут.

  • 1922

    Нарадзіўся Юзаф Шчапаньскі (польск. Józef Andrzej Szczepański, памёр 10 верасня 1944), польскі паэт, удзельнік Варшаўскага паўстання. Аўтар вядомых песняў “Pałacyk Michla”, “Parasola Piosenka Szturmowa” і інш. Загінуў у паўстанні.

  • 1935

    Памёр Фэрнанду Пэсоа (парт. Fernando Pessoa, нар. 13 чэрвеня 1888), найбуйнейшы партугальскі паэт XX стагоддзя. Пісаў творы на партугальскай і ангельскай мовах, падпісваючыся рознымі гетэронімамі, якіх некаторыя даследнікі налічваюць не менш за 72 імені, кожны са сваім уласным голасам, біяграфіяй і эстэтычнай праграмай. Найбольш вядомыя з іх — Алвару ды Кампуш, Рыкарду Рэйш і Албэрту Каэйру. Пісаў па-партугальску і па-ангельску (да 17 гадоў жыў у Паўднёвай Афрыцы). На беларукую мову творы Пэсоа перакладалі Наста Гвоздзева, Кацярына Маціеўская, Андрэй Стэфановіч, Ганна Янкута, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева.

  • 1974

    Нарадзілася Галіна Крук (укр. Галина Крук), украінская паэтка і перакладчыца. Паводле адукацыі — філолаг-медыевіст, абараніла дысертацыю на тэму “Украінскае нізавое барока: паэтыка стылю і жанру” (2001). Аўтарка паэтычных зборнікаў “Вандроўка ў пошуках дому” (“Мандри у пошуках дому”, 1997), “Сляды на пяску” (“Сліди на піску”, 1997), “Твары не на фотаздымку” (“Обличчя поза світлиною”, 2005). Жыве і працуе ў Львове. На беларускую вершы Галіны Крук перакладала Марыя Мартысевіч.

  • 2009

    Памёр Міларад Павіч (сербск. Милорад Павић, нар. 15 кастрычніка 1929), югаслаўскі і сербскі паэт, празаік, перакладчык і гісторык сербскай літаратуры XVII—XIX стст. Спецыяліст па сербскім барока і паэзіі сімвалізму. Ведаў рускую, нямецкую, французскую, некалькі старажытных моваў, перакладаў Пушкіна і Байрана на сербскую. Многія з яго твораў (“Хазарскі слоўнік”, “Унутраны бок ветру”, “Пейзаж, намаляваны гарбатай” і інш.) напісаныя ў форме нелінейнай прозы. Паводле словаў Ясміны Міхайлавіч, літаратуразнаўцы і жонкі Павіча, гэтыя раманы і зборнікі апавяданняў лепш за ўсё ўспрымаць як гіпертэкст.