№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Зміцер Колас

Каб перакласці твор добра, трэба сябе ў яго "ўлюбіць"

11 траўня 2011

Каб перакласці твор добра, трэба сябе ў яго
Пачнем з уласна тэмы нумару, а менавіта з Афрыкі. Калісьці Вы былі ў Алжыры, у Алжыры ж нарадзіўся адзін з аўтараў, якога Вы шмат перакладалі, — Альбэр Камю. Ці звязаныя два гэтыя факты паміж сабой?
 

Так, звязаныя. Вельмі хацелася пабываць менавіта ў Алжыры, пахадзіць па Аране, пабачыць Тыпазу, пазнаёміцца з іншымі мясцінамі, згаданымі ў творах Камю. Хацелася адчуць дух зямлі, якая натхняла аўтара. І я шчаслівы, што гэта ўдалося. У сярэдзіне 1980 х я “завербаваўся” перакладчыкам на кантракт з геолагамі і тры гады пражыў у Алжыры. Вядома, шмат чаго з часу, калі там жыў Камю, змянілася. Цяпер гэта іншая краіна. Але прырода — тая самая, краявіды — тыя самыя, і вуліцы — тыя самыя, і руіны старажытных муроў у Тыпазе — таксама. Я выпрабаваў на сабе і пякучую радасць алжырскага сонца, і сляпучую ласкавасць мора — я сваімі рукамі памацаў тое, з чаго раслі вобразы Альбэра Камю. Вярнуўшыся, пачаў перакладаць “Чуму”, але выдавецтва “Мастацкая літаратура”, якое планавала выданне, трапіла ў паласу рэарганізацый, планы былі перапыненыя, а калі пазней да іх вярнуліся, часу завершыць пераклад рамана ўжо не было — паспеў толькі “даперакласці” адну п’есу, адно апавяданне, адно эсэ… Так томік серыі “Скарбы сусветнай літаратуры” і выйшаў без “Чумы”. Вельмі разлічваю некалі гэты раман усё-ткі перакласці. Як і апошні (у прынцыпе, незавершаны) твор Камю “Апошні чалавек”, выдадзены ўпершыню адносна нядаўна, бо сам Камю быў супраць публікацыі твора да таго, як ён будзе цалкам завершаны (а завяршыць не змог, загінуў у катастрофе). Пару месяцаў таму, знаходзячыся ў Берліне, я набыў гэтую кнігу ў арыгінале. Цяпер застаецца знайсці вольны час.

 

Самыя вядомыя Вашыя пераклады — гэта, мабыць, творы Камю і Сартра. А якія самыя любімыя? І чаму?

 

Шчыра кажучы, пасля таго як пераклад зроблены і выдадзены, я практычна да яго не вяртаюся. Мяне больш вабіць зрабіць што-небудзь новае. Таму цяжка сказаць, які пераклад любімы. Ад перакладу, вядома, застаецца пэўнае пачуццё… Але ж калі перакладаеш тое, што выбраў сам, гэта ўжо сведчыць, што твор цябе нечым зачапіў, што ты яго за нешта палюбіў. З гэтага можна зрабіць выснову, што ўсе пераклады — прынамсі, у працэсе працы над імі — любімыя. Выключэнне могуць складаць хіба што пераклады на замову, але і гэта не зусім так, бо каб перакласці твор добра, трэба сябе ў яго “ўлюбіць”. А сумленны перакладчык не можа дазволіць сабе перакладаць не добра. Хоць і пачуццё ад “любові па прымусе” застаецца не тое, што ад “любові ад душы”.

Але яшчэ раз падкрэслю — перакладаючы, трэба заўсёды быць шчырым. А ўлічваючы, што для мяне пераклад (дый жыццё ўвогуле) — гэта перадусім працэс, а не вынік, то пра падзел перакладаў на любімыя-нелюбімыя я ніколі не задумваўся.

Зміцер Колас чытае Рэймона Кено



 

Ці патрабуе пераклад прозы французскіх экзістэнцыялістаў нейкіх адмысловых падыходаў? Якіх правілаў Вы стараецеся трымацца, перакладаючы такую літаратуру? Якім мусіць быць пераклад філасофскай прозы?

 

Не думаю, што мусяць быць нейкія адмысловыя падыходы ці правілы дзеля перадачы той ці іншае думкі, погляду. Падыход адзін — як мага глыбейшае пранікненне ў сутнасць твора і як мага дакладнейшая перадача яго вобразаў і стылістычных адметнасцяў. Ясная рэч, дзеля перакладу філасофскае прозы трэба разумець яе сэнс — але тое самае датычыць і разумення, скажам, дэтэктыўнай прозы. Без разумення сэнсу не толькі перакладаць, але і чытаць сэнсу няма, прабачце за таўталогію. А вось у стылістычна-вобразным плане кожны аўтар — індывідуальны, хай ён будзе экзістэнцыялістам ці майстрам дэтэктыўнага жанру. І тут перакладчык павінен з аднолькавай увагай да адметнасцяў аўтара адчуць яго манеру і ў меру сваіх здольнасцяў перадаць яе сродкамі сваёй мовы. Зрэшты, гэта хрэстаматыйнае правіла. Мастацкая проза — на тое і мастацкая, што ўздзейнічае, як і іншыя віды мастацтва, праз пачуцці (а не голую думку).

 

Ці адрозніваецца праца перакладчыка мастацкай і філасофскай прозы?

 

Па-мойму, адказ ужо ўтрымліваецца ў тым, што напісана па папярэднім пытанні. У філасофскай прозе перакладчык хіба што павінен быць больш пільны да выбару сродкаў для адбудовы вобраза. Напрыклад, перакладаючы “Мур” Сартра, я напісаў (хоць магу згадаць недакладна): “Нас уштурхнулі ў вялікі белы пакой, і я адразу заміргаў ад яркага святла…” — і дапусціў недакладнасць, бо дзеля дакладнейшай, лагічнейшай перадачы стану галоўнага героя больш пасавала: “Нас уштурхнулі ў вялікі белы пакой, і мае вочы адразу заміргалі ад яркага святла…” Такая канструкцыя больш адпавядала аўтарскай задуме, якая мела на ўвазе размежаваць свядомасць і фізіку героя: ён нібы яшчэ жыў, але ўжо глядзеў на сябе збоку, быў адасоблены ад свайго фізічнага цела, якое жыло само па сабе: міргаў не ён, а яго вочы.

 

У хрэстаматыях, што выходзілі ў 1990-х гадах, можна знайсці ўрыўкі з Вашых перакладаў вельмі важных для французскай і сусветнай літаратуры твораў — “Гарганцюа і Пантагруэль” Франсуа Рабле і “Песні пра Раланда”. Ці плануеце Вы працягнуць працу над гэтымі творамі?

 

Мары, мары… Вядома, хацелася б! Але жыццё пакуль не пакідае часу. Можа, калі-небудзь “на пенсіі”, калі яна будзе…

 

Раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці перакладу “Песні пра Раланда”.

 

Ну, асаблівасць адна — пераклад з мовы, якой ужо няма. Французская ў гэтым тэксце ледзь праглядае скрозь своеасаблівы варыянт вульгарнай латыні. Слоўнікаў практычна не існуе. Каб дапяць да сэнсу, застаецца абапірацца на веды, пачэрпнутыя з курсу гісторыі французскай мовы, і на вывучэнне каментароў, зробленых спецыялістамі-раландазнаўцамі. У астатнім — усё тое самае, што пры іншых перакладах. Зрэшты, і ў перакладзе Рабле без ведання гісторыі французскай мовы таксама не абысціся, як і без вывучэння каментароў і ўвогуле гісторыі тагачаснай Францыі (аж да характэрных побытавых падрабязнасцяў).

 

У анталогіі Міхася Скоблы “Галасы з-за небакраю” змешчаныя Вашыя пераклады вершаў Ж. дзю Бэле, Ф. Віёна, А. Шэнье. Ці шмат Вы перакладаеце паэзіі і дзе яшчэ гэтыя пераклады можна знайсці?

 

На жаль, у названай анталогіі некаторыя мае пераклады (у прыватнасці, дзю Бэле) былі няўдала і без узгаднення са мной адрэдагаваныя. А ўвогуле паэзіі я перакладаю не так шмат у параўнанні з прозай. Што да таго, дзе знайсці яшчэ якія-небудзь публікацыі паэтычных перакладаў, дык нават і не скажу, бо не сачу за гэтым і ніякай сваёй бібліяграфіі не вяду.

 

Большасць Вашых перакладаў зробленыя з французскай мовы. Аднак апошнімі гадамі выйшаў і “Уладар” італьянца Нікало Мак’явэлі, і зборнік апавяданняў паляка Бруна Шульца, пераклад аднаго з якіх зрабілі Вы. Дык колькі моваў Вы ўсё ж ведаеце і з якіх перакладаеце?

 

Колькі ведаю — не ведаю, бо няўпэўнены, што ведаю хоць адну. А перакладаў з французскай, ангельскай, польскай, італьянскай, гішпанскай і нават украінскай.

 

На круглым стале па праблемах перакладу Вы расказвалі, што ў свой час выкладалі мастацкі пераклад у лінгвістычным універсітэце. Раскажыце, калі ласка, як можна навучыць перакладаць?

 

Проста перакладаць — навучыць проста, бо дзеля гэтага дастаткова перадаваць сэнс арыгіналу, правільна карыстаючыся лексікай, граматыкай і сінтаксісам мовы перакладу. А вось перакладаць мастацкую літаратуру можна навучыць толькі чалавека, які яе адчувае, які сам мастак. Гэта прыкладна тое самае, што навучыць быць пісьменнікам. Толькі пісьменніку лягчэй — пішы сабе што ўздумаецца, а перакладчык звязаны тэкстам арыгіналу — якраз-такі тым, што ўздумалася пісьменніку… Я, вядома, жартую, але тое, што пераклад мастацкай літаратуры — занятак не рамесніцкі, а творчы, — гэта, думаю, бясспрэчна. Без творчага пачатку ім займацца немагчыма. Зрэшты, і рамесніцкі складнік у ім прысутнічае немалы, бо каб перакласці дакладна — ці “адпаведна”, — трэба шмат чаго вывучыць, даследаваць, прааналізаваць, параўнаць. Выкладаючы мастацкі пераклад у лінгвістычным універсітэце, я казаў студэнтам, што каб перастварыць твор на іншай мове, лепш за ўсё прывесці сябе ў стан, які цалкам адпавядаў бы стану аўтара напярэдадні напісання гэтага твора. Пасля застанецца толькі замяніць у “крышталічнай рашотцы” твора сродкі мовы арыгіналу сродкамі мовы перакладу. Няпростае тлумачэнне? Згодзен. Але і перакладаць часам няпроста.

 

Чытайце ў перакладах Змітра Коласа на нашым сайце:

 

Альбэр Камю. Госць. Здрадлівая жонка.

 

Песня пра Раланда.

 

Франсуа Рабле. Гарганцюа і Пантагруэль.





 

Чытайце таксама

Нават калі пішу ўласныя творы, я сам сабе ўнутраны перакладчык

Павал Касцюкевіч

Нават калі пішу ўласныя творы, я сам сабе ўнутраны перакладчык

— Многія ведаюць цябе як першага лаўрэата прэміі імя Ежы Гедройца і не адразу ўспомняць, што апроч кніг уласнай прозы ты выдаў некалькі перакладных. Што ў тваім жыцці здарылася раней: проза ці пераклад?..

Мультыкульты па-чэшску

Мультыкульты па-чэшску

Беручы ў рукі кнігу, скажам, ісландскага, японскага або гішпанскага аўтара, мы збольшага “па змаўчанні” настроеныя на тое, што сутыкнёмся ў ёй з ісландскімі, японскімі ці гішпанскімі рэаліямі. Гэта, вядома,…

Успаміны пра электрычнасць

Альгерд Бахарэвіч

Успаміны пра электрычнасць

Прачнуўшыся пасярод ночы, ён адразу ж хапаў паперу і аловак, якія заўжды ляжалі напагатове каля ложка, — і запаўняў радкамі нябачныя аркушы. Так і не запаліўшы святла, ён працаваў над рукапісам некалькі…

Міфапрастора паэзіі Г. Тракля

Наталля Ламека

Міфапрастора паэзіі Г. Тракля

Герметычнасць яго лірыкі абумоўленая шырокім выкарыстаннем абсалютнай метафары і сінтэтасеміі, якія правакуюць неадназначнае ўспрыняцце тых ці іншых вобразаў. Яшчэ адна вызначальная рыса стылю Тракля –…

2152