№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 22 траўня

  • 1808

    Нарадзіўся Жэрар дэ Нэрваль (фр. Gérard de Nerval, памёр 26 студзеня 1855), французскі паэт-рамантык. Знакамітым Нэрваль зрабіўся пасля таго, як пераклаў “Фаўста” ў 1828 годзе. Гэты пераклад быў ухвалены самім Гётэ і пасля паўплываў на Берліёза, стваральніка сімфоніі “Пракляцце Фаўста” (La Damnatіon de Faust). Нэрваль пакінуў некалькі зборнікаў вершаў: “Нямецкія вершы” (Poésіes allemandes, 1830), “Галантная багема” (La bohême galante, 1855), шэраг гістарычных драмаў і оперных лібрэта: “Пракляцце Фаўста” (La damnatіon de Faust, 1846), некалькі аповесцяў: зборнік “Дочкі агню” (Les fіlles de feu, 1854). На сайце “ПрайдзіСвета” можна пачытаць яго апавяданне “Зялёная пачвара” ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай. Вершы Нэрваля на беларускую перакладаў Андрэй Хадановіч (1 і 2).

  • 1849

    Памерла Марыя Эджварт (анг. Maria Edgeworth, нар. 1 студзеня 1767), ангельская (ірландская) пісьменніца, эсэістка, публіцыстка. Яе раман “Замак Рэкрэнт” (Castle Rackrent) (1800) стаў першым у Еўропе гістарычным і першым у Вялікабрытаніі рэгіянальным раманам, атрымаў высокую ацэнку Вальтэра Скота, з якім пісьменніца вяла шматгадовае ліставанне. Таксама пісала раманы пра жыццё сучаснага ёй ангельскага грамадства і маралістычныя гісторыі для дзяцей.

  • 1855

    Памёр Віктор Гюго (фр. Victor Hugo, нар. 26 лютага 1802), французскі пісьменнік і тэарэтык французскага рамантызму, сябра Французскай акадэміі. Пра Гюго ёсць наступны анекдот: Аднойчы Віктор Гюго выправіўся ў Прусію. “Чым вы займаецеся?” — спытаў у яго жандар, запаўняючы анкету. — “Пішу”. — “Я пытаю, чым вы зарабляеце на жыццё”. — “Пяром”. — “Так і запішам: Гюго, гандляр пер’ем”. Анекдот іранічна адгукаецца ў заўвазе Жана Както: “Віктор Гюго дасягнуў сусветнай славы? Не думаю. Гаспадыня дома, дзе я жыву, не ведае гэтага імені”.

  • 1859

    Нарадзіўся сэр Артур Ігнацыюс Конан Дойл (анг. Sir Arthur Ignatius Conan Doyle, памёр 7 ліпеня 1930), брытанскі пісьменнік, што атрымаў найбольшую вядомасць дзякуючы сваім дэтэктыўным гісторыям пра Шэрлака Холмса і доктара Ўотсана, якія сталі прарывам у галіне дэтэктыўнага жанру. Аднак, як неаднойчы прызнаваўся сэр Артур, ён хацеў бы, каб яго памяталі больш за яго спірытуалістычную дзейнасць, чым за літаратурную творчасць. Дзесяць з шасцідзесяці яго кніг прысвечаныя спірытуалізму, пісьменнік на свае асабістыя сродкі адкрыў у Лондане тэматычныя кнігарню і музей. Біяграфію падрабязней і пераклады апавяданняў Дойла “Гісторыя лэдзі Сэнакс”, “Вусцішны пакой” (пераклады Алены Пятровіч) і “Пярсцёнак Тота” (пераклад Паліны Маслянковай) можна прачытаць на сайце “ПрайдзіСвета”.

  • 1873

    Памёр Алесандра Франчэска Тамаза Мандзоні (іт. Alessandro Francesco Tommaso Manzoni, нар. 7 сакавіка 1785), вядомы італьянскі пісьменнік-рамантык, паэт, драматург, аўтар рамана “Заручаныя” (I promessi sposi).

  • 1891

    Нарадзіўся Ёганэс Роберт Бэхер (ням. Johannes Robert Becher, памёр 11 кастрычніка 1958), нямецкі паэт, міністр культуры ГДР. Аўтар антываеннага рамана “Люізіт, альбо Адзіная справядлівая вайна” (1926). Амаль дзесяць гадоў пражыў у СССР, дзе напісаў раман “Развітанне” (1940), п’есы “Зімовая бітва” і “Дарога ў Фюсэн”. Зборнік вершаў Бэхера “Вяртанне да сябе” ў перакладзе У. Папковіча выйшаў у 1985 годзе.

  • 1904

    Нарадзіўся Паўль Війдынг (эст. Paul Viiding, памёр 27 чэрвеня 1962), эстонскі паэт, празаік і літаратурны крытык. Быў адным з шасці паэтаў, што склалі літаратурную суполку “Прадказальнікі” (Arbujad), якая дзейнічала перад пачаткам Другой сусветнай вайны. Паэты суполкі змагаліся супраць таталітарнай ідэалогіі; творчасць іх збольшага мела эклектычны характар. Сын Паўля Юхан Війдынг таксама зрабіўся знакамітым паэтам (яго творы на беларускую мову перакладалі Алесь Разанаў, Сяргей Шупа, Вячаслаў Дашкевіч).

  • 1967

    Памёр Лэнгстан Х’юз (анг. Langston Hughes, нар. 1 лютага 1902), амерыканскі паэт, празаік, драматург, першаадкрывальнік “джазавай паэзіі” і адзін з яскравых прадстаўнікоў культурнага руху, вядомага як Гарлемскі рэнесанс.