№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 17 студзеня

  • 1600

    Нарадзіўся Пэдра Кальдэрон дэ ла Барка (гішп. Pedro Calderón de la Barca Henao de la Barreda y Riaño, памёр 25 траўня 1681), гішпанскі драматург і паэт Залатога стагоддзя, паслядоўнік Лопэ дэ Вэгі. Аўтар каля 200 драматычных твораў. Кальдэрон часта параўноўваецца з Шэкспірам паводле значнасці для еўрапейскага тэатру.

  • 1835

    Нарадзіўся Антанас Баранаўскас (літ. Antanas Baranauskas, польск. Antoni Baranowski; памёр 26 лістапада 1902), літоўскі паэт, мовазнаўца, першы літоўскі дыялектолаг і стваральнік тэрмінаў літоўскай граматыкі. Найбольш вядомы твор – паэма “Анікшчайскі бор” (Anykščių šilelis, 1860) – лічыцца класікай літоўскай літаратуры, перакладалася на шмат моваў. Паэт пісаў таксама па-польску.

  • 1858

    Нарадзіўся Тамас Караскілья (гішп. Tomás Carrasquilla Naranjo, памёр 19 снежня 1940), калумбійскі пісьменнік. У раманах “Плады маёй зямлі” (Frutos de Mi Tierra, 1896), “Веліч” (Grandeza, 1910), “Маркіза Яламбо” (La Marqueza de Yolombó, 1926), апавяданнях, напісаных у традыцыях кастубрызму, апісваў народнае жыццё і звычаі Калумбіі, шырока выкарыстоўваў народную мову. За аўтабіяграфічную трылогію “Шмат гадоў таму” (Hace tiempos, 1935–1936) быў уганараваны Нацыянальнай прэміяй па літаратуры.

  • 1921

    Памёр Андрэй Зязюля (сапр. Аляксандр Астрамовіч, нар. 7 снежня 1878), беларускі паэт, каталіцкі святар.

  • 1964

    Нарадзіўся Андрэй Федарэнка, беларускі празаік. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1995) за кнігу “Смута”.

  • 1964

    Памёр Тэрэнс Хэнберы Ўайт (англ. Terence Hanbury White, нар. 29 траўня 1906), ангельскі пісьменнік. Сусветную вядомасць яму прынеслі творы, напісаныя па матывах легендаў пра караля Артура. Самы знакаміты сярод іх – “Кароль мінулы і будучы” (The Once and Future King, 1958).

  • 1982

    Памёр Варлам Шаламаў (рус. Варлам Шаламов, нар. 5 чэрвеня 1907), рускі савецкі пісьменнік. У 1937 годзе быў арыштаваны за “контррэвалюцыйную трацкісцкую дзейнасць” і асуджаны на 5 гадоў савецкіх лагераў. У 1943 г. атрымаў новы 10-гадовы тэрмін за “антысавецкую агітацыю”, а фактычна за тое, што назваў І. Буніна рускім класікам. У турме былі напісаныя вершы зборніка “Калымскія сшыткі” (“Колымские тетради”, 1937–1956), высока ацэненыя Б. Пастарнакам. Пасля вызвалення працаваў над апавяданнямі, якія склалі зборнік “Калымскія апавяданні” (“Колымские рассказы”, 1954–1973), асноўны плён жыцця пісьменніка. Зборнік быў апублікаваны ў СССР у 1972 і 1977 гг., у Лондане на рускай мове (1978), у Парыжы на французскай (1980–1982), у Нью-Ёрку па-ангельску (1981–1982) і прынёс аўтару сусветную вядомасць.

  • 1995

    Памёр Мігел Торга (парт. Miguel Torga, сапр. Адолфу Карэя да Роха, нар. 12 жніўня 1907), партугальскі паэт, празаік, драматург. Лаўрэат шматлікіх узнагародаў, у тым ліку Міжнароднай паэтычнай прэміі (1977) і прэміі Камоэнша (1989). Творы перакладзеныя на многія еўрапейскія мовы, а таксама на кітайскую, японскую і інш.

  • 2002

    Памёр Каміла Хасэ Сэла (гішп. Camilo José Cela, нар. 11 траўня 1916), гішпанскі пісьменнік, публіцыст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1989). Яго раман “Сям’я Паскуаля Дуартэ” (La Familia de Pascual Duarte, 1942) з’яўляецца другім найбольш папулярным гішпанскім раманам пасля “Дон Кіхота” Сервантэса. Шырокае прызнанне атрымалі таксама раманы “Вулей” (La Colmena, напісаны ў 1943 г., апублікаваны ў 1951 у Аргентыне праз палітычныя абставіны) і “Мазурка для двух нябожчыкаў” (Mazurca para dos muertos, 1983). Сэла таксама з’яўляецца аўтарам скандальнага “Таемнага слоўніка” (Diccionario secreto, 1969–1971, 11 тамоў), у якім сабраная ненарматыўная і табуяваная лексіка.

  • 2010

    Памёр Эрык Вольф Сігал (анг. Erich Wolf Segal, нар. 16 чэрвеня 1937), амерыканскі пісьменнік, сцэнарыст. У 1967 напісаў для гурта “Бітлз” сцэнар анімацыйнага фільма “Жоўтая падводная лодка” (Yellow Submarine, 1968). Яго раман “Гісторыя кахання” (Love Story, 1970) стаў бэстсэлерам і быў перакладзены на 33 мовы. Хварэў на Паркінсона, змагаючыся з хваробай трыццаць гадоў.