Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Тэафіла Фаленга (іт. Teofilo Folengo, памёр 9 снежня 1544), італьянскі паэт, яркі прадстаўнік макаранічнай паэзіі. Аўтар паэмаў “Moschaea”, “Zanitonella”, “Maccaronea” і інш.
Памёр Джон Мілтан (анг. John Milton, нар. 9 снежня 1608), ангельскі пісьменнік, мысляр, палітычны дзеяч. Аўтар паэмаў “Страчаны рай” (Paradise Lost, 1667), “Вернуты рай” (Paradise Regained, 1670), “Самсон-барацьбіт” (Samson Agonistes, 1670) і інш.
Нарадзілася Сара Філдынг (анг. Sarah Fielding, памерла 9 красавіка 1768), брытанская пісьменніца і сястра празаіка Генры Філдынга. Аўтарка кнігі “Гувернантка, або Маленькая жаночая акадэмія” (The Governess, or The Little Female Academy, 1749). Гэтая кніга лічыцца першым англамоўным творам, напісаным адмыслова для дзяцей.
Нарадзіўся Тэадор Нарбут (польск. Teodor Narbutt, памёр 26 кастрычніка 1864), беларускі польскамоўны гісторык, археолаг, інжынер. Яго галоўная праца — дзевяцітомнік “Старажытная гісторыя літоўскага народа”. Намаганнямі Т. Нарбута ўпершыню была ўведзеная ў навуковы ўжытак “Хроніка Быхаўца”, цалкам апублікаваная ім у кнізе “Pomniki do dziejow litewskich...” (Вільня, 1846), дзе Нарбут даў назву летапісу, зрабіў першае палеаграфічнае апісанне помніка, а таксама закрануў пытанні, звязаныя з мовай, крыніцамі, яе складам і часам узнікнення.
Нарадзіўся Брэм Стокер (анг. Abraham “Bram” Stoker, памёр 20 красавіка 1912), ірландскі пісьменнік. Напісаў шмат, але славу яму прынёс знакаміты гатычны раман “Дракула” (Dracula, 1897), шмат разоў экранізаваны. Стокер працаваў над ім восем гадоў, спецыяльна вывучаў еўрапейскі фальклор і легенды пра вампіраў. Раман зрабіўся класікай жанру і выклікаў шырокае захапленне “вампірскай” тэмай, якое не сціхае да гэтага часу. У маладыя гады Стокер пазнаёміўся з ангельскім акторам Генры Ірвінгам, які прапанаваў яму перабрацца ў Лондан. 27 гадоў Стокер быў яго асабістым сакратаром і мэнэджарам пры тэатры “Ліцэум”. Ажаніўся са знакамітай ірландскай красуняй Флорэнс Бэлкам, якой прапаноўваў шлюб Оскар Ўайлд. Раман “Дракула” на беларускую мову пераклаў Алесь Асташонак.
Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі (псеўд. Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Палачанін, Ю. Сулімірскі і інш.; памёр 23 студзеня 1938), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф. Аўтар гістарычнай аповесці “Лабірынты” (1923), сцэнічнага эпізоду з жыцця Ф. Скарыны (“Адзінокі”, 1923). Складаў чытанкі для дзяцей, апрацоўваў гістарычныя легенды. Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, В. Цяпінскага і інш., успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, “нашаніўскі перыяд”. Перакладаў з рускай (А. Талстой), ангельскай (Р. Кіплінг), польскай (Э. Ажэшка, К. Тэтмаер) і іншых моваў.
Нарадзілася Маргарэт Мітчэл (анг. Margaret Munnerlyn Mitchell, памерла 16 жніўня 1949), амерыканская пісьменніца, аўтар рамана-бэстсэлера “Знесеныя ветрам” (Gone with the Wind, 1936). Раман атрымаў прэмію Пулітцэра, вытрымаў больш за 70 выданняў у ЗША, быў перакладзены на 37 моваў свету, экранізаваны ў 1939 Віктарам Флемінгам (фільм атрымаў 10 прэмій “Оскар”). Нягледзячы на просьбы прыхільнікаў рамана, Мітчэл не напісала больш ніводнага твора, рупна ахоўвала правы на раман і не дазволіла зрабіць з яго мюзікл. Загінула ў выніку аварыі — яе збіў п’яны кіроўца, які быў асуджаны за ненаўмыснае забойства, хаця сябры пісьменніцы адзначалі, што Мітчэл часта пераходзіла дарогу, не азіраючыся па баках.
Памёр Павал Орсаг Гвездаслаў (славацк. Pavol Orszagh Hviezdoslav, нар. 2 лютага 1849), славацкі паэт, драматург і перакладчык. Ён увёў сілаба-танічны верш у славацкую паэзію, быў адным з асноўным прадстаўнікоў славацкага рэалізму, яго творчасць характарызуецца вялікай колькасцю неалагізмаў, чым робіцца складанай для перакладу на іншыя мовы. Сам Гвездаслаў перакладаў на славацкую Шэкспіра, Гётэ, Шылера, Пецёфі, Пушкіна, Лермантава, Міцкевіча. На беларускую мову вершы Гвездаслава перакладаў Васіль Сёмуха.
Памёр Іван Бунін (руск. Иван Бунин, нар. 22 кастрычніка 1870), рускі празаік, паэт, ганаровы акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук (1909), лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1933 году. У 1920 годзе эміграваў у Францыю, назаўжды пакінуўшы Расію. У перыяд эміграцыі Бунін напісаў цыкл навелаў “Цёмныя прысады”, аўтабіяграфічны раман “Жыццё Арсеннева” і інш. Пазней былі напісаныя кнігі пра Л. Талстога (1937) і А. Чэхава (1955), кніга “Успаміны” (1950). У 1929—1954 творы Буніна ў СССР не выдаваліся. З 1955 году Бунін — найбольш выдаваны ў СССР пісьменнік першай хвалі эміграцыі (некалькі зборнікаў, мноства аднатомнікаў). Некаторыя творы Буніна ў СССР надрукавалі толькі падчас перабудовы.