№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Пра часопіс

Ці можна знайсці большага Прайдзісвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Ці ёсць большы Прайдзісвет, чымся перакладчык? Большы махляр і круцель, крутасвет і штукар? Ён, як праўдзівы майстар-ашуканец, падмяняе чужое сваім, а сам хаваецца ў ценю. Але мы любім гэтыя махлярствы і марым, што наступным разам ён так нас надурыць, што мы й не прыкмецім падма(е)ну.

 

Часопіс перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” узнік у 2008 г. як ідэя віртуальнага перыядычнага выдання, цалкам прысвечанага замежнай літаратуры ў перакладах на беларускую мову.

Маладыя перакладчыкі аб’ядналі свае сілы, каб пашырыць прастору беларускай культуры за кошт увядзення ў яе кантэкcт новых перакладаў замежных аўтараў, а таксама знаёмства з новымі імёнамі сусветнай літаратуры. Першы нумар часопіса выйшаў на прасторы інтэрнэту ў траўні 2009 г.

Часопіс “ПрайдзіСвет” адрасаваны ўсім, хто любіць замежную літаратуру і цікавіцца справай мастацкага перакладу на беларускую мову. На сённяшні дзень гэта адзінае ў Беларусі выданне, цалкам прысвечанае перакладной літаратуры. Перыядычнасць выхаду часопіса – раз на 3 месяцы. Сайт часопіса паміж выхадам тэматычных нумароў пастаянна абнаўляецца.

Заснавальнікі выдання адначасова ставяць сабе за мэту падвышэнне прафэсійнага ўзроўню перакладу на беларускую мову і спробу стварэння школы беларускага перакладу. Дзеля гэтага ў часопісе змяшчаюцца конкурсы; раней зробленыя, але маладаступныя пераклады; а таксама карысныя парады знаных майстроў і карысныя спасылкі на шматлікія рэсурсы ў інтэрнэце.

Сябры рэдакцыі выказваюць падзяку Перакладніцкай майстэрні і яе кіраўніку А. Хадановічу, Беларускаму калегіюму (у прыватнасці В. Акудовічу), а таксама дацэнту кафедры беларускай літаратуры і культуры філалагічнага факультэта БДУ П. Навуменку.

Таксама вы можаце азнаёміцца з караценькай прэзентацыяй часопіса "ПрайдзіСвет": [ppt]

7623