“Букер” абвясціў сёлетні шорт-ліст
12 верасня 2013
Двое фіналістаў ужо траплялі ў кароткі спіс прэміі раней. 67-гадовы Джым Крэйс з раманам “Каранцін” (Quarantine) быў уключаны ў шорт-ліст у 1997 годзе. 58- гадовы Колм Тойбін быў фіналістам ужо два разы: у 1999 годзе з раманам “Той, хто пранізвае цемру”, а ў 2004 — з раманам “Майстар”. Жанчыны-пісьменніцы, якія трапілі ў “шасцёрку”, намінаваныя першы раз.
Паводле словаў старшыні журы прэміі Роберта Макфарлейна, былі адабраныя “кнігі, якія развіваюць сілу і магчымасці жанру”. Іншымі словамі, “новыя раманы”.
Вэб-рэдактар брытанскай сеткі кніжных крам Foyles Джонатан Рапін звяртае ўвагу на разнастайнасць раманаў у шорт -лісце. На яго думку, можна вылучыць двух відавочных фаварытаў: “Сёлета ў нас няма Хілары Мэнтэл, але ў той жа час, калі пераможа хтосьці, акрамя Джыма Крэйса або Элеаноры Катон, я буду вельмі здзіўлены”.
Паводле словаў прэс-сакратара брытанскай кнігагандлёвай кампаніі Waterstones Джона Хаўэлса, пераможцу будзе складана ўгадаць. “Улічваючы, што шорт-ліст напраўду мультыкультурны і ў ім дамінуюць жанчыны, я думаю, што кніжныя эксперты, якія прарочаць перамогу Джыму Крэйсу, гэтым разам памыляюцца. Прайшло ўжо пяць гадоў пасля апошняга “нечаканага пераможцы”, і я думаю, што гэты кароткі спіс дае журы шмат магчымасцяў”, — заявіў ён.
Агенцтва Reuters, у сваю чаргу, назвала навіну пра шорт-ліст “Бог тройцу любіць для Колма Тойбіна?”, тым самым прапануючы аддаць прэмію ірландскаму пісьменніку за раман, які апісвае пакуты маці, што страціла сына падчас глабальнага катаклізму. Удзел у конкурсе маглі ўзяць пісьменнікі з краін Садружнасці Нацый, Ірландыі і Зімбабвэ. Лонг-ліст прэміі быў абнародаваны ў ліпені. Усе фіналісты прэміі атрымліваюць па £2,5 тысячы і спецыяльна аформленае выданне сваіх кніг, а пераможца, імя якога будзе абвешчанае 15 кастрычніка, атрымае яшчэ £50 тысяч.